№ 306 от 18.12.2003  

Пра візавы рэжым, пагранпераходы і нялёгкі хлеб пагранічча

<<risЗгодна афiцыйным дадзеным, пасля ўвядзення Польшчай вiзавага рэжыму з Беларуссю 1 кастрычнiка, зараз Польшчу наведвае на 30% беларусаў менш, чым гэта рабiлi раней. Тым часам у Гродне каля Генеральнага консульства Рэспублiкi Польшча практычна знiклi чэргi за вiзамi. А на мiнулым тыднi ў Белавежскай пушчы падчас сустрэчы сустаршынь беларуска-польскай мiжурадавай каардынацыйнай камiсii па справах трансгранiчнага супрацоўнiцтва была заключана дамоўленасць аб адкрыццi яшчэ сямi спрошчаных пунктаў пропуска да пачатку новага турыстычнага сезону на беларуска-польскай гранiцы.

Непатрэбная нота

Напачатку кастрычнiка цяжка было ўявiць, што чэргi за вiзамi перад польскiм консульствам у Гродне знiкнуць трохi больш чым праз месяц. Прэса тады шмат пiсала аб тым, што польскi бок не падрыхтаваўся да ўвядзення вiзавага рэжыму. Тым не менш, сiтуацыя хутка паправiлася, паколькi вiзы ў Гродне пачалi выдаваць ужо з 1 верасня. З гэтага часу Генеральнае консульства Польшчы ў Гродне выдала звыш 23 тысяч вiзаў, а, наогул, польскiя консульскiя ўстановы ў Беларусi – больш 80 тысяч. Штодня зараз у Гродне здаюць дакументы на вiзы прыкладна 250-300 чалавек. Прычым, атрымаць гатовую вiзу магчыма ўжо на наступны дзень. Больш таго, за гэтыя некалькi месяцаў Генеральнае консульства ў Гродне пашырыла свае магчымасцi: у кастрычнiку, лiстападзе штодня выдавалася да 600 вiзаў, а зараз, па словах Генеральнага консула Анджэя Крэнтоўскага, консульства мае магчымасць выдаваць да 800 вiзаў, толькi не стае жадаючых.

У гэтай сувязi Анджэй Крэнтоўскi скрытыкаваў ноту пратэсту беларускага мiнiстэрства Замежных спраў, якая была прад’яўлена польскаму боку за тое, што польскi бок не падрыхтаваўся да ўвядзення вiзавага рэжыму i ад гэтага церпяць беларускiя грамадзяне. «Навошта была гэта нота, калi жыццё паказвае зусiм iншае» – зазначыў консул Крэнтоўскi.

Што датычыць кошту вiзаў, то пакуль яны застаюцца такiмi, як i былi. Аднаразовая каштуе 11 долараў, а паўгадавая 54 долары. Польскi бок выступiў з прапановай да беларускага ўраду зменшыць цану ў два разы, але пакуль не атрымаў адказу з Мiнску.

З чэргамi як бы разабралiся, цяпер чарга за коштамi.

Еўрасаюз гранiц не закрывае

Як шмат нас палохалi тым, што да нашай гранiцы прыйшло НАТА. Здавалася, што iзноў вернемся да часоў халоднай вайны i будзем надалей сядзець за калючым дротам. Гродзенскi бард Вiктар Шалкевiч, крытыкуючы мясцовую прапаганду, склаў нават песню, у якой былi такiя словы: «К гранiцэ прыблiзiцца хочэт длiнюшчая НАТО рука...» Аднак, дагэтуль гэтай «рукi» мы так i не адчуваем. Больш таго, з уступленнем Польшчы ў маi будучага года ў Еўрасаюз, гранiцы з намi iзноўтакi не закрываюцца, а, хутчэй, наадварот. На мiнулым тыднi ў Белавежскай пушчы падчас сустрэчы сустаршынь беларуска-польскай мiжурадавай каардынацыйнай камiсii па справах трансгранiчнага супрацоўнiцтва была заключана дамоўленасць аб адкрыццi яшчэ сямi спрошчаных пунктаў пропуска да пачатку новага турыстычнага сезону на беларуска-польскай гранiцы. Праўда, гэтыя спрошчаныя пераходы былi закрыты сёлета ў маi па iнiцыятыве польскага боку ў сувязi з увядзеннем вiзавага рэжыму. Цяпер, згодна паведамленняў СМI, будуць адноўлены шэсць пераходаў, якiя працавалi раней. Сёмы пераход – гэта пераход праз Аўгустоўскi канал, што ў Гродзенскiм раёне. Дарэчы, ён атрымае статус мiжнароднага. Цiкава, што бакi дамовiлiся i аб тым, што пераход у раёне Аўгустоўскага канала будзе водным i пешым.

Так што, ужо вясной значна актывiзуецца рух на беларуска-польскай гранiцы i, магчыма, урэшце ажыве наш Аўгустоўскi канал.

Цяжкi хлеб

Значная колькасць беларускiх грамадзян, якiя жывуць на Гродзеншчыне, працягваюць зарабляць на кавалак хлеба паездкамi ў Польшчу.

Памiж Гроднам i польскай пагранiчнай станцыяй Кузнiца Беластоцкая па-ранейшаму штодня ходзяць чатыры цягнiкi. Дарэчы, як ужо паведамляла «БI», з мiнулай нядзелi два з iх пачалi курсiраваць да Беластока. Колькасць пасажыраў да ўвядзення вiзавага рэжыму з Польшчай была большая, але iхная лiчба паступова аднаўляецца. Прычым, праехаўшы па маршруту Гродна-Кузнiца-Гродна, я зразумеў, што пагранiчны бiзнэс не спынiць, не разбiць, не стрымаць...

Новае цяпер тое, што колькасць вагонаў у цягнiках стала меншай – усяго тры счэпкi, раней iх сягала нават да пяцi.

Бiзнэс пачынаецца з вакзалу. У накапляльнiку ў крамах «Duty Free» народ затаварваецца гарэлкай i цыгарэтамi. Выпадковаму чалавеку цяжка зразумець, як людзi набiраюць па пяць–шэсць бутэлек гарэлкi i столькi ж блокаў цыгарэт, калi ў Польшчу можна ўвозiць толькi адзiн лiтар спiртнога i адзiн блок цыгарэтаў. Але менавiта на гэтым i палягае ўвесь бiзнэс. Непрыемнае ўражанне толькi ад таго, што людзi за нейкiя паўгадзiны знаходжання ў накапляльнiку пакiдаюць пасля сябе кучу смецця, i калi адчыняюцца дзверы да цягнiка, ляцяць чуць цi не па галовах адзiн аднаго, каб заняць выгаднейшыя месцы ў вагоне. У астатнiм – атмасфера прыемная.

У вагоне даволi жывенька: нехта ўжо прадае тавар, а нехта вымае з блокаў пачкi цыгарэт, абкручвае iх празрыстым скочам i распiхвае па кiшэнях, хавае за пазуху i ў iншыя месцы. Жанчыны выходзяць у тамбур i там «абвязваюць» сваё цела таварам, нехта пералiвае гарэлку ў цыратавыя капшучкi, па вагону валяюцца пустыя бутэлькi. Хлопцы разбiраюць вагон чуць цi не па частках i хаваюць там сваю кантрабанду. Прычым, да гэтага яны ўжо прыгатаваны, маюць iнструмент – адвёрткi, пласкагубцы. У польскiм цягнiку раскручваецца практычна ўсё: сценкi, столi, сядзеннi.., i там змяшчаецца ўвесь тавар. Зручна, i як бы спецыяльна прыдумана. Праўда, трэба быць таксама жвавым, увiшным i здольным, бо часам, раскручваючы над галавой у пасажыраў столь, трэба сесцi на шпагат, цi увогуле вiсець унiз галавой у паветры. Тым не менш, спецыялiсты ёсць, пры гэтым, калi пасажыра просяць на хвiлiнку падняцца, на месца, дзе ён сядзiць, засцiлаюць ганучку, а пасля праведзенай аперацыi, чысценька выцiраюць сядзенне i ласкава просяць прабачэння. Што нi скажы, а ў рабоце наш чалавек выглядае прыстойна, умеем мы працаваць.

Асаблiва хацелася сказаць пра атмасферу ў гэтым цягнiку. Як правiла, тут едуць аднадумцы. Толькi зрэдку сустракаецца надутая асоба, калi перад ёй жанчыны хаваюць пад нiжнюю бялiзну тавар, цi хлопцы адкручваюць шурупы. Напрыклад, польскi праваднiк, якi спраўджвае бiлеты, вясёлы, не перашкаджае хлопцам раскручваць вагон, пасмейваецца i нават спраўджвае, цi надзейна прыкручаны шурупы. Большасць пасажыраў адзiн аднаго ведаюць, раяцца, куды i па колькi будуць здаваць кантрабанду, абмяркоўваюць жыццёвыя праблемы, нехта абедае, а хтосцi ўжо дрэмле. Цяпер галоўнае, каб на польскiм баку была добрая змена мытнiкаў.

Аднак шанцуе не ўсiм: некаторым выпiсваюць штраф у 50 злотых, некаму анулявалi вiзу. I польскiя мытнiкi, i беларускiя гандляры вельмi добра ведаюць адзiн аднаго ў твар. Плач, слёзы...

А ў будынку вакзала ў Кузнiцы, бы раяцца пчолы. Жанчыны з Беларусi ўрываюцца туды, што можна назваць без аглядкi, натоўп. – Вера, Каця, сюды, – даносiцца з кута. Там ужо здаюць тавар пакупнiку – 29 злотых. – Не, пан, аддаю толькi за 30 – адказвае жанчына. Столькi каштуе блок LM. Яшчэ некалькi разоў адзiн аднаго ўпрошваюць – а, давай, панi, iля там маш. – Чатыры картоны. Панi скiдае футра i пачынае вымаць адусюль, адкуль толькi магчыма, цыгарэты, у сумцы ляжаць памятыя ўпакоўкi, i зачынае пакаваць цыгарэты ў блокi. Пан азiраецца па баках, яго паўсюдна штурхаюць, а ён тым часам хуценька хавае некалькi блокаў за пазуху i з маленькай сумачкай бяжыць на вулiцу, аказваецца, у машыну, каб схаваць тавар i вярнуцца зноў за новай порцыяй. Нехта прабiраецца да бiлетнай касы – часам гучыць «пшэпрашам» альбо «что не можешь обойти».

Дзiва дзiўнае: толькi што бачыў – жанчына была ў цёплай шубе, яшчэ падумаў, што апранулася не па сезону, а цяпер – у звычайнай куртцы. – Лiля, шубу аддала? – крычыць з другога вугла залы ейная каляжанка. Аказваецца, так возяць шубы на продаж.

Па ўсiх кутах людзi, iхны галоўны iнструмент цяпер – празрысты скоч – скручваюць, абвязваюць i раскручваюць, з цыратавых капшукоў гарэлку зноў пералiваюць у бутэлькi. Iхныя польскiя калегi толькi паспяваюць перабягаць ад аднаго гандляра да другога. – Слухай, пан, калi будзеш браць яшчэ, збегаю прынясу – пераканаўча гаворыць пакупнiку беларуская гандлярка. Аказваецца, тавар яшчэ ёсць недзе побач на кватэры.

На блоку цыгарэтаў беларускiя гандляры зарабляюць часам па 2-3 долары, тое самае i на спiртным. Галоўнае, колькi такiх блокаў цi пляшак удасца правезцi. А бывае па-рознаму. Кошты на шубы ўтойваюць. Самае цiкавае, што вязуць нават зубную пасту, шкарпэткi i iншыя дробязi, якiя ў iх купляюць адразу на вакзале.

У гэтай суматосе яшчэ нехта некаму нешта заказвае, каб прывезлi наступны раз.

Цяпер здавалася – да адыходу цягнiка можна было б i адпачыць, але гэта яшчэ не ўвесь гандаль. Цяпер настаў час загружаць тавар у Беларусь.

Проста да ўваходу ў будынак вакзалу пад’язджае бус i адтуль «польскiя таварышы» пачынаюць даставаць вялiкiя корабы: у iх абутак, адзенне, дублёнкi i самыя розныя рэчы. Народ iзноў пачынае гудзець, як рой пчол. Цягнуць гэта ў будынак i пачынаюць распакоўваць. Аказваецца можна весцi толькi па тры пары абутку i адной дублёнцы. За правоз абутку плацяць па аднаму даляру, за дублёнку, якая каштуе ў Польшчы 240 долараў, правоз абыходзiцца ад 3 да 5 долараў. А ў Беларусi кошт за дублёнку ўзрастае яшчэ амаль да сотнi долараў.

Змучаныя гандляры, ўжо седзячы ў цягнiку, кажуць, што ў Гродне тавар сустрэнуць i большую частку будуць «перакiдваць» у Расiю. Толькi цягнiк крануўся i праехаў якую сотню метраў, з вагонаў пачынаюць вылятаць цэлыя пачкi, па мабiльнiку перадаюцца каардынаты. Гэта выкiдваюць схаваныя цыгарэты. Сябры iх падбяруць, а тыя, хто ў цягнiку, – за новай порцыяй у Гродна.

Нарэшце, самы спакойны час: ядуць, выпiваюць, гавораць пра жыццё, клянуць уладу i рагочуць. Размова зайшла пра вiзы. Сталая жанчына, якой 76 год, раптам падлiчыла, што кошт польскае вiзы не даражэй, чым было раней ездзiць па ваўчару, калi за яго плацiлi нават па 500 рублёў. Аказваецца, i так сума набягала на тыя ж 54 даляры. – Так што, якая нам рознiца, – падсумоўвае здарожаная панi, – мне вось у гэтым годзе за ацяпленне дома трэба плацiць больш чым сто тысяч рублёў у месяц, вось гэта праблема, а як iх зарабiць...

Кабеты, што сядзяць побач, маўклiва кiваюць галавой, выказваючы сваю згоду i думаючы пра нешта сваё.

I ты разумееш, што яны зарабляюць нялёгкi хлеб.

Мiхаiл КАРНЕВIЧ