№ 307 от 24.12.2003 | |
Уражаны Рымам Гродзенскi мастак i рэстаўратар Беларускага дзяржаўнага музея Гiсторыi рэлiгii Уладзiмiр Кiслы пабываў сёлета ў Ватыкане на святкаваннях, прысвечаных 25-годдзю пантыфiката Папы Рымскага Яна Паўла II. Напярэдаднi каталiцкiх калядаў «БI» папрасiла мастака падзялiцца сваiмi ўражаннямi ад убачанага.
– Валодзя, найперш, як выглядае самая маленькая дзяржава ў свеце – Ватыкан?
– Па-першае, мушу сказаць, што я прабыў у Рыме i Ватыкане толькi тры днi. Як для мяне, то Рым i Ватыкан – гэта адно i тое самае. Фактычна, Ватыкан нiчым не абмежаваны петачок Рыма. I ўсё ж гэта, як вядома, асобная дзяржава. Ватыкан – прыкладна 44 гектара, яго можна перакрочыць за пяць хвiлiн, тым не менш, праводзiць сваю палiтыку, вядзе банкаўскую дзейнасць, выпускае свае маркi, у некаторых месцах адгароджаны сцяной, хаця патрапiць туды можна без усякiх праблем. Галоўны будынак – сабор святога Пятра, плошча з такой самай назвай i яшчэ некалькi будынкаў. Калi верыць нашаму гiду, то тут штодзённа бывае да двух мiльёнаў турыстаў.
– I як адбывалiся ўрачыстасцi з нагоды пантыфiкату?
– Урачыстасцi працягвалiся тры днi. Першы дзень усё адбывалася ў зале Ватыкана. Гэта велiзарная прыгожая зала. На троне сядзеў Папа Ян Павел II, побач шмат кардыналаў i бiскупаў. Усе былi апрануты ўрачыста, выглядала цэрымонiя вельмi прыгожа i афiцыйна, зачытвалiся прывiтаннi фактычна з усiх краiн свету. Сапраўды, адчувалася святочная ўзнёсласць.
На другi дзень урачыстасцi праходзiлi на плошчы святога Пятра. Думаю, што там прысутнiчала каля 100 тысяч чалавек. Напачатку ўсе малiлiся, потым было казанне Папы Рымскага. Праўда, ён выглядаў вельмi стомленым i яго прамову дачытваў другi чалавек, якi ўвесь час яму дапамагаў i быў побач. Потым спявалi рэлiгiйныя песнi, адчувалася, што выканаўцы вялiкiя прафесiяналы. Спявалi таксама ўсе прысутныя, прычым, там былi людзi ўсiх колераў скуры. Гэта трэба пабачыць самому, цяжка пераказаць словамi.
Мяне яшчэ ўразiла, як кампетэнтна паводзiлi сябе карабiнеры i швейцарская гвардыя ў сярэднявечных убраннях – iх было ўсяго каля сотнi чалавек. Дарэчы, калi людзi пачынаюць разыходзiцца, плошча лiтаральна вызваляецца за некалькi хвiлiнаў, не ствараюцца коркi, нiхто нiкога не пiхае, не наступаюць на ногi. Усё вельмi разумна арганiзавана. Цiкава, што, калi людзi разышлiся з плошчы, практычна пасярэдзiне застаўся адзiн чалавек, i пачаў сабе ножыкам наразаць яду. Яго нiхто не чапаў, карабiнеры не падыходзiлi i не праганялi.
А на трэцi дзень кананiзавалi Мацi Тэрэзу, вядомую рэлiгiйную дзяячку, фiлантропа – яна стала святой. Пры гэтым таксама прысутнiчаў Ян Павел II. Потым да самага вечара адбывалiся малебны ў самых розных храмах Рыма.
А ўвечары ў Ватыкане быў салют. Я такога не бачыў колькi жыву – сапраўднае вiдовiшча. Пасля гэтага ў адным з ваконцаў сабора святога Пятра, дзе ўвесь час свяцiўся агенчык, з’явiўся Папа Рымскi i сказаў развiтальную прамову.
– Якiя словы гучалi ў гэтыя днi ў прамовах Яна Паўла II?
– Фактычна лейтматывам яго прамоваў гучаў заклiк да прымiрэння ўсiх народаў свету. Ён казаў пра неабходнасць знiжэння зла на планеце Зямля, гучала гэта на шмат якiх мовах.
– Якая атмасфера панавала ў гэтыя днi ў Ватыкане?
– Атмасфера непараўнальнай добразычлiвасцi. Я ўжо казаў, што там прысутнiчалi людзi самых розных колераў скуры. Усе спявалi, адзiн аднаму дарылi ўсмешкi, у паветры, наогул, веяла дабрынёй, шчырасцю, добразычлiвасцю.
– Цiкава, аб чым былi твае думкi, калi ты стаяў тады на плошчы святога Пятра?
– Праўда, я нiяк не мог паверыць, што апынуўся тут. Я быў патрэсены многiм, i перш за ўсё пабудовай гэтага сабора, дасканаласцю, прыгажосцю, багаццем, што гэта настолькi магутна i велiчна, што скрозь няма прымiтыву, а толькi шэдэўры, i атмасферай, i людзьмi. Уявi сабе, што з рымскiх фантанаў можна спакойна пiць ваду, я запiваў ёй яду. А якiя там помнiкi! I ўсё захавалася, нягледзячы на тое, што там правiлi ў розныя часы розныя ўлады.
Мне здавалася, што Рым наогул будавалi не звычайныя людзi, а нейкiя iнапланецяне. Горад патрас мяне. Дарэчы, я адчуваў у гэтым горадзе нейкую разгубленасць i нашу ўшчэрбнасць. Праўда, была радасць ад таго, што я туды патрапiў. Мяне нiхто там не iгнараваў, паўсюдна адчуваў ветлiвасць i прыхiльнасць.
– Хацелася б туды вярнуцца?
– Вельмi хацелася б яшчэ там пахадзiць спакойна, наведаць музеi, пасядзець i палюбавацца гэтым горадам.
– Валодзя, напэўна, 24 снежня па тэлебачанню будуць трансляваць святочную службу, будзеш глядзець?
– Абавязкова буду, i хачу яшчэ раз пазнаць тыя месцы, дзе я быў. Ведаеш, я яшчэ i цяпер усё пераасэнсоўваю, перачытваю, каб неяк зразумець убачанае.
Гутарыў Мiхаiл КАРНЕВIЧ
|
|