№ 308 от 30.12.2003  

«У Майстра» – дзесяць гадоў з мастацтвам

0На Каляды 25 снежня споўнiлася 10 гадоў першай гродзенскай прыватнай галерэi – «У Майстра». Яна i дагэтуль застаецца найбольш вядомай галерэяй у нашым горадзе. За прэзэнтамi i памяткамi сюды прыходзяць бадай не толькi ўсе гродзенцы, але i госцi нашага горада. У гэты святочны дзень «БИ» пабывала ў гасцях «У Майстра». Зараз тут выстаўлены карцiны тых мастакоў, якiя мелi ў галерэi персанальныя выставы. Цяжка ўявiць, але на сценах маленькага ўтульнага памяшкання змясцiлася каля 100 карцiн, на падстаўках стаяць вырабы са скуры, а яшчэ да ўсяго, прадаюцца самыя розныя дробныя падарункi. Атмасфера панавала святочная, як заўсёды, творчая i прыемная. Мастакi няспынна заняты нечым сваiм, госцi куплялi падарункi, а мы з гаспадыняй Iрынай Сiльвановiч гутарылi за фiлiжанкай кавы аб усiм разам.

– Iрына, дзесяць год, як бы немала, хвалюецеся, напэўна?

– Мушу напачатку зазначыць, што дзесяць год таму мы атрымалi статус галерэi, а, наогул, наша прадпрыемства iснуе ўжо 12 гадоў. Праўда, самае адметнае ў даце – 10 год тое, што мы былi першай прыватнай галерэяй у Беларусi.

– Калi ўзгадаць – з чаго ўсё пачыналася?

– З рамонту памяшкання. Потым зала набыла прывабны ўтульны выгляд, а 25 снежня, у самае прыгожае свята – Нараджэнне Хрыстова – мы адкрылi галерэю першай выставай.

– Цiкава цяпер аглядвацца назад на 10 год?

– Скажу, што да юбiлея я асабiста падыходжу з адчуваннем вельмi прыемнай стомленасцi. Проста, калi паглядзiш назад, то бачыш, як шмат прыемнага было зроблена сваiмi рукамi. Канешне, не сама ўсё рабiла – з мастакамi, з тымi, хто кожны дзень са мной працуе. Галоўнае, што праз 10 год я бачу тую працу i ад гэтага прыемна i нават прысутнiчае адчуванне гонару.

– Я магу ганарыцца разам з вамi, што першая прыватная галерэя ў краiне была адкрыта менавiта ў нашым горадзе.

– Усё гэта, калi памятаеш, адбылося дзякуючы Алене Пiлiчавай. Гэта яна тады, зрабiўшы вельмi смелы крок, не спалохаўшыся, напэўна, нават не ведаючы, што будзе далей, рашылася на гэтую справу. Дарэчы, гiсторыя занатавала гэты крок i цяпер у кнiзе «Кронан» можна будзе заўсёды прачытаць, што першая прыватная галерэя ў Беларусi была створана ў Гродне. Заўважце, гэта зрабiла жанчына.

– Але ж 10 гадоў таму i ў краiне, i ў горадзе была зусiм iншая ўлада, якая цiкавiлася мастацтвам.

– Сапраўды, улады гарадскiя нам тады вельмi адчувальна дапамаглi. Карыстаючыся момантам, хачу нагадаць i падзякаваць i спадару Мiлiнкевiчу, i спадару Домашу за ўсё, што яны тады зрабiлi i для нас, i для мастацтва Гродна.

– Калi ўзгадаць першую выставу, якая таксама адкрывалася 25 снежня, толькi 10 гадоў таму – хто быў яе аўтарам?

– Гэта быў масцiты мiнскi мастак Уладзiмiр Вiшнеўскi. Вельмi цiкавы мастак i чалавек. Ён выкладае ў акадэмii мастацтваў i арганiзаваў гiльдзiю – акадэмiкаў. У яго высокi ўзровень i менавiта з гэтага мы i хацелi пачаць свой шлях.

– Удаецца падтрымлiваць надалей такi ўзровень?

– Стараемся гэта рабiць. Думаю, што ўдаецца. Як правiла, у нас выстаўляюцца мастакi з адукацыяй, здольныя i вядомыя. Адным словам – прафесiяналы.

– Значыцца, выставiцца ў Гродне, у галерэi «У Майстра», не проста так...

– У нашым горадзе наогул жыве вельмi цёплая мастацкая атмасфера. Гэта таксама спрыяе нашым творцам дзеля таго, каб працаваць, выстаўляцца i прадаваць свае карцiны. У параўнаннi з iншымi абласнымi гарадамi, Гродна выгодна выдзяляецца, i мiнскiя мастакi самi пра гэта гавораць, таму з задавальненнем адклiкаюцца на прапанову зрабiць выстаўку ў Гродне.

– Дарэчы, за гэтыя 10 гадоў – колькi ў вас адбылося выставаў i цi здаралася так, што некаму даводзiлася адмаўляць у праве паказаць сваю творчасць?

– Шмат..., больш ста выставаў, прычым, гэта былi i мiнскiя, i магiлёўскiя, i брэсцкiя мастакi i з Полацку, i з Польшчы, Нямеччыны. Мы i самi вывозiлi зборныя выставы за мяжу. Былi нават у Парыжы. Скажу больш, нам за нашых мастакоў заўсёды было радасна, паколькi ў Еўропе iх цэняць.

А зараз мы, наогул, распiсваем выставы наперад, ёсць нават чарга. Дарэчы, што наконт адмоваў – такога я не ўзгадаю.

– А як купляюцца карцiны ў галерэi?

– Неадназначнае пытанне. Калi сюды прыходзяць замежнiкi, iх задавальняе i ўзровень працаў, i кошты, але мы вымушаны iм тлумачыць, што дазвол на вываз за мяжу трэба атрымлiваць аж у Мiнску. Нашы мытныя службы не надзелены такiмi паўнамоцтвамi. Гэта вельмi здзiўляе i засмучае людзей. Хаця, некаторыя iдуць i на такiя цяжкасцi.

Што датычыць гродзенцаў, я часта бачу, як некаторыя людзi доўга стаяць i разглядаюць тую цi iншую карцiну, прыходзяць нават па некалькi разоў. Наш узровень жыцця, на жаль, не ўсiм нам, нават у святы, дазваляе ў падарунак цi проста для сябе набыць нешта мастацкае, сапраўды вартае. Вось так.

– Iрына, калi iзноў вярнуцца да 10 гадоў iснавання галерэi – якiя выставы табе найбольш запомнiлiся?

– Кожная выстава нясе нейкую сваю непаўторную атмасферу ў галерэю. Нават цяжка нешта вылучыць. Звычайна ў нас выстаўляюцца карцiны, а аднойчы была выстаўка фатаграфiй Юры Палуцкага. Да ўсяго, пад здымкамi былi яшчэ напiсаны i вершы. Гэта было проста здорава i нечакана. Дзякуй, што нам заўсёды дапамагаюць афармляць выставу мастакi: правiльна развесiць карцiны, нешта вельмi творча падабраць да выставы. Памятаеце, як некалi Радзiвiлы запрасiлi ў Нясвiж Рэмбранта толькi дзеля таго, каб ён закамандаваў, як размясцiць карцiны ў галерэi. Гэта, паверце, вельмi важна.

– На юбiлейную выставу вы як адбiралi мастакоў?

– Дзеля гэтага нам давялося ўзгадаць, хто найбольш актыўна ў нас выстаўляўся i чые выставы найбольш прываблiвалi наведвальнiкаў. Аказалася, што самым частым госцем быў Саша Сiльвановiч. Вiка Загнетава вельмi своеасаблiва малюе наш горад, яе карцiны адметныя i пазнавальныя сярод мiнскiх мастакоў. Добра нас здзiвiў Алесь Сураў. На юбiлейную выставу ён выставiў працы са скуры, якiя прыцягваюць цяплом i дэкаратыўнасцю. Гена Лакоба паказаў нам цяпер габелен, не так, як раней скульптуру цi роспiсь. Саша Сiльвановiч i Сяргей Грыневiч заўсёды гонар нашай галерэi. Маем шмат графiкi. Лена Кузняцова, яна мела ў нас дзве выстаўкi i многiх уразiла. Асобна можна сказаць пра вырабы са скуры. Гэта дзякуючы Анатолю Зельбергу ў горадзе цяпер сапраўдны бум на падобныя рэчы. I мушу сказаць, што такiх майстроў ва ўсёй Еўропе адзiнкi. А ён шмат каго навучыў працаваць са скурай. Паглядзi, якiя ў яго работы, практычна нi адзiн наведвальнiк не праходзiць абыякава.

– Усе гэтыя iмёны добра знаёмыя, i даўно, а цi ёсць нейкiя маладыя, пра якiх мы яшчэ не чулi.

– Як нi дзiўна, але новых iмёнаў апошнiм часам няма. Хаця, раней мастакамi, калi можна так сказаць, бурлiла. Праўда, нас вельмi любяць наведваць студэнты, якiя прыязджаюць на пленэры з Мiнску. Iм цiкавы i наш горад, i наша галерэя.

– Колькi нi даводзiлася заходзiць на адкрыццi выставаў у вашу галерэю, заўсёды тут, практычна, адныя i тыя ж людзi – так званы гродзенскi бамонд. Магчыма, я памыляюся, цi, можа, астатнiм у горадзе гэта не цiкава...

– З гэтым трэба пагадзiцца. Справа ў тым, што ў нас маленькая галерэя i запрасiць на адкрыццё выставы ўсiх жадаючых немагчыма. А што датычыць бамонду, як ты сказаў, iх не стрымаеш, яны гэтым жывуць, цiкавяцца, гэта iх аддушына i свята. Яны ўжо злiлiся з гэтай галерэяй. Але ў нас кожны дзень шмат людзей, якiя прыходзяць, спакойна разглядаюць тое, што мы маем, нават набываюць. Так, дарэчы, ва ўсёй Еўропе адбываецца.

– А вы нiколi не марылi нейкiм чынам пашырыцца, хаця разумею, што гэта пытанне з вобласцi нерэальнай?

– Сапраўды, гэта з вобласцi нерэальнай. Заплацiць камунальныя паслугi для нас праблематычна нават за гэтае невялiчкае памяшканне. На жаль, мастацтва ў нашай краiне цяпер не мае нiякiх iльготаў. Дарэчы, на вясну плануюць рабiць рамонт фасаду, i як будзем з гэтага выкручвацца, пакуль не ўяўляю.

– Iрына, а не шкада было пакiнуць у баку фарбы, кiстачкi i заняцца галерэяй?

– Гэта ўсё не так проста. Дапамог характар. Усе, хто мяне ведаюць, кажуць, што толькi я магла б цягнуць на сабе такi воз. У гэтым ёсць сэнс. I мне гэта падабаецца. Я ведаю кожнага нашага мастака, ведаю, чым ён жыве, што малюе. А фарбы, вядома, прыцягваюць, i калi часам даводзiцца нават нешта нескладанае замаляваць, то, акрамя задавальнення, нiчога больш не адчуваю.

– Якiм табе бачыцца будучае вашай галерэi?

– Вельмi смутна пакуль. Нядаўна перажылi падаткавыя праверкi. Нам, творчым людзям, вельмi складана. Але перажылi. Я па жыццю чалавек, якi наперад нешта плануе, ведае, чаго хоча, i мне так прасцей. А цяпер настаў час, калi вельмi складана нешта спланаваць. Трывожна, вельмi трывожна за будучае.

– Калi можна, напаследак зусiм нечаканае пытанне. Ваша галерэя па-суседску з гродзенскай турмой – гэта мае якое-небудзь значэнне.

– Ведаеце, ад самага пачатку супрацоўнiкi турмы заўсёды нам нечым дапамагалi. Памятаю, як сапраўдныя суседзi, прынеслi нам табурэткi, калi трэба, прышлюць электрыка, самi нешта зробяць. У нас добрыя ўзаемаадносiны.

Дарэчы, быў момант, калi адной мастачцы, выстаўка якой у нас адбывалася, вязень прыслаў лiст, у якiм прызнаўся, што з’яўляецца прыхiльнiкам яе творчасцi. Магчыма, ён бачыў на нашым будынку яе афiшу. Было цiкава.

– I яшчэ, калi можна ўзгадаць: што было самым прыемным i непрыемным за гэтыя дзесяць гадоў у галерэi.

– Магу пачаць з непрыемнага: мне вельмi складана пережываць падаткавыя праверкi. Я – ўсё ж мастак, i не магу да гэтага прызвычаiцца. А вось калi яны сканчаюцца, пачынаецца самы прыемны час.

– Мы размаўляем напярэдаднi святаў, i ў цябе ёсць магчымасць сказаць некалькi словаў чытачам «БИ».

– Як чалавек, як жанчына, як мастак, як дырэктар проста хачу пажадаць прыемнага, пакою i ўпэўненасцi ў заўтрашнiм днi, каб вакол вас было шчасце, каб вы мелi асалоду ад жыцця. Яно ж такое кароткае. I, зразумела, шчасця i здароўя.

Яшчэ асобна для маiх супрацоўнiц. Гэта сапраўдныя людзi, якiя жывуць гэтай працай 24 гадзiны ў суткi. Будзьце шчаслiвыя, дзяўчаты. Дзякуй усiм.

Гутарыў Мiхаiл КАРНЕВIЧ