№ 309 от 8.01.2004 | |
Падарункі ад дэпутата Фралова Дэпутат парламенцкай групы «Рэспублiка» Валеры Фралоў наведаў Парэчскую спецыялiзаваную школу-iнтэрнат для дзяцей-сiротаў з падарункамi. Кiраўнiцтва i дзецi iнтэрната цёпла вiталi добра знаёмага дэпутата, апладзiравалi яму i дзякавалi. Валеры Фралоў абiраўся ў парламент менавiта па Гродзенскай сельскай акрузе, дзе i месцiцца школа-iнтэрнат. Як заўважыў дырэктар школы-iнтэрната Сяргей Падаляк, Валеры Фралоў адзiны дэпутат, якi наведвае iх установу, дапамагае i яшчэ прывёз дзецям падарункi.
А ў падарункi Валеры Фралоў прывёз пяць скрыняў цукерак, сорак кiлаграмаў бананаў i памаранчы. Сам распавядаў мне, як некалi ў дзяцiнстве любiў, калi яму даводзiлася ласавацца экзатычнай садавiнай, бо такое здаралася даволi рэдка. Усе гэтыя падарункi для дзетак ён набыў на ўласныя грошы.
Зараз у Парэчскай школе-iнтэрнаце выхоўваюцца 194 дзiцяцi, прычым, тром з iх па тры гады. Толькi ў 13 дзяцей няма абодвух бацькоў, астатнiя трапiлi сюды з нагоды таго, што бацькоў пазбавiлi iх правоў. Як зазначыў дырэктар iнтэрната Сяргей Падаляк, бацькi да дзяцей наведваюцца рэдка. Цяпер на святы некаторых дзетак забралi ў сем’i гродзенцы i жыхары раёна, яшчэ частка з iх паехала на адпачынак у Iталiю. Дарэчы, цукеркi з iншымi ласункамi парэчскiя дзеткi атрымалi i ад iтальянцаў. Ужо некалькi гадоў запар арганiзацыя «Гардала» стараецца дапамагаць сiротам.
У гэты ж дзень дабрачынную акцыю правялi i вучнi школы №28 з Гродна. Цiкава, што дзецi сабралi не толькi навагоднiя ласункi, яны прывезлi вопратку i цацкi, якiмi самi ўжо не карыстаюцца. Да ўсяго, старшакласнiкi паказалi навагоднi канцэрт з Дзедам Марозам, Снягуркай i iншымi казачнымi героямi.
Падтрымалi дзетак на святы i шэфы з «Райаграпрамсервiсу», пералiчыўшы на рахунак iнтэрната 700 тысяч рублёў, даслалi падарункi студэнты хiмiка-тэхналагiчнага коледжу i работнiкi «Гроднааблбыту».
Праўда, гэта ўсё на святы, а вось у будзенныя днi няма за што набыць нават вогнетушыцелi, пажарныя iнспектары штрафуюць дырэктара. На наступны год з бюджэта выдзелiлi толькi 900 млн рублёў, а па самых сцiплых падлiках на год неабходна 1млрд 400 мiльёнаў. I як будзе пражыць год? У гэтым годзе ў iнтэрнаце 36 выпускнiкоў, а iх трэба апрануць на выпускны вечар i годна выпусцiць у людзi. Спадзяваннi толькi на фундатараў, якiх становiцца ўсё менш i менш. Начальства ў iнтэрнат прыязджае рэдка.
Валеры Фралоў, слухаючы праблемы дырэктара, супакойваў яго i сказаў, што ў блiжэйшы час купiць дзецям спартовыя касцюмы, а на весну дапаможа набыць выпускнiкам добрую вопратку.
Калi мы вярталiся з Парэчча, дэпутат сумна заўважыў, што калi не прыехаць сюды да гэтых дзетак, дык i спаць не можаш спакойна.
Мiхаiл КАРНЕВIЧ |
|