№ 309 от 8.01.2004  

Ведай гiсторыю Гродна

Першы гродзенскі беларускі полк

Гродна нашых дзён. Свята трэцяй устаўной граматы БНР. У парку Жылiбера, у самым цэнтры Гараднiцы, амаль што на фундаментах былога палацу Тызенгаўза, таўчэцца натоўп чалавек трыста-чатырыста пад забароненымi нацыянальнымi сцягамi. Шлях у цэнтр горада на плошчу перакрыты кардонам мiлiцыi, праз якi святочнай калоне, у асноўным мясцовай беларускай iнтэлiгенцыi ў другiм-трэцiм пакаленнi, не прабiцца. Час iдзе, i трэба выбiраць, у якi бок рухацца далей. Улады падганяюць, загадваюць iсцi ў парк 40-годдзя ВЛКСМ, на пустыр. I ў гэты момант пачынаеш разумець, наколькi нам, сучасным гродзенцам, нехапае ведання ўласных традыцый беларускага руху.

Архiерэйскi дом. Сакавiк 1919 года. Той самы гаўбец. Першыя злева: М.Демiдаў, К.ЕзавiтаўВось жа ён – Архiерэйскi дом, чырвоны, трохпавярховы будынак побач з плошчай, i шлях да яго вольны. Перад iм як раз хопiць месца, каб сабрацца ўсiм. Дзе, калi не тут, павiнна адзначацца свята Незалежнасцi? Менавiта ў палацы праваслаўнага епiскапа Уладзiмiра напачатку 1919 года знаходзiлася кватэра беларускай камендатуры i частка эскадрона Першага беларускага гродзенскага палка. На гэты гаўбец з прамоваю, а можа толькi папазiраваць фатографу, выходзiлi К.Езавiтаў, Я.Варонка, М.Дзямiдаў, i над iмi таксама лунаў бел-чырвона-белы сцяг. Гаўбец i зараз выглядае, як трыбуна, трэба толькi зайсцi на яго, аглянуцца на людзей навокал i адчуць сябе нашчадкам годнай i добрай справы...

Пачатак станаўлення Першы беларускi гродзенскi полк бярэ ў снежнi 1918 года, калi ў Вiльнi было вырашана стварыць беларускiя часткi ў складзе лiтоўскага войска. Першапачаткова лiтоўскiм урадам планавалася арганiзаваць адну беларускую брыгаду агульнай колькасцю ў 8-10 тысяч салдат. Тым часам да Вiльнi зблiжаюцца бальшавiкi, i фармiраванне беларускага палка пераносiцца ў Гродна.

Першапачаткова для стварэння палка не было нi сродкаў, нi адзення, нi памяшканняў. Першыя днi штаб палку знаходзiўся ў гатэлi, а большая частка салдат жыла на кватэрах. Беларускiя часткi ў Гродне размяшчалiся ў крывой афiцыне пры Александраўскай плошчы, у Сапёрных казармах – зараз вайсковы шпiталь, асобны батальён знаходзiўся па Жандармскаму завулку, а конны эскадрон М.Глiнскага – у канюшнях С.Якавюка. Страявыя заняткi адбывалiся на плошчы Аляксандра Неўскага, сучаснай – Тызенгаўза. Прадукты, абмундзiраванне, зброя закуплялiся праз нямецкага каменданта горада. Грошы на ўтрыманне палка паступалi ад лiтоўскага ўрада, а таксама з падаткаў, атрыманых ад мясцовага насельнiцтва.

На тое, каб Гродзенскi полк быў па-сапраўднаму беларускiм, шмат папрацавалi К.Езавiтаў i К.Дзямiдаў. Менавiта М.Дзямiдаў, якi, безумоўна, меў арганiзатарскi талент, стварыў асобны батальён, эскадрон гусараў, жандармерыю, чыгуначную, паштовую i тэлеграфную службы. Своеасаблiвая «беларусiзацыя» палка асаблiва заўважна з сярэдзiны сакавiка 1919 года. Менавiта ў гэты час Кастусь Езавiтаў быў прызначаны яго новым камандзiрам. 27 сакавiка полк афiцыйна атрымаў назву Першага беларускага гродзенскага палка пяхоты. У красавiку 1919 года, калi распачынаецца эвакуацыя нямецкiх войск з Гродна, беларускiя часткi ў горадзе налiчвалi каля 500 чалавек.

Беларускi эскадрон перад камендатурай горада Гродна (сучаснае Горкага 2/2)Польскае камандаванне ўважлiва сачыла за фармаваннем беларускiх частак, апасаючыся, каб Гродна не пераўтварылася ў другi Львоў, вакол якога ўжо некалькi месяцаў iшлi зацятыя польска-украiнскiя баi, канчаткова папсаваўшы тым самым рэнамэ Польшчы на мiжнароднай арэне. Скарыстаўшыся момантам, калi К.Езавiтаў разам з лiтоўскай дэлегацыяй ад’ехаў на перамовы ў Варшаву, упаўнаважаны польскага Генеральнага штаба ў Гродне, палкоўнiк Нямiрскi, прапанаваў часоваму камандзiру палка А.Успенскаму заключыць пагадненне, з тым, каб беларускi полк не супрацiўляўся ўваходу ў Гродна польскага войска. Той згадзiўся, аднак у адказ запатрабаваў ад палякаў прызнаць прыналежнасць палка да лiтоўскага ўрада i не ўмешвацца ў ягонае ўнутраннае жыццё.

24 красавiка ў горад вяртаецца К.Езавiтаў, якi катэгарычна выступiў супраць пагаднення з палякамi i загадаў тэрмiнова эвакуяваць беларускiя часткi з Гродна, аднак з Коўна прыйшоў загад з падцвярджэннем папярэдняй умовы, згодна якой полк заставаўся ў горадзе i пераходзiў пад частковае польскае камандаванне. К.Езавiтаву нiчога не заставалася як толькi зачытаць гэты загад у прысутнасцi ўсiх афiцэраў палка, пасля чаго, перадаўшы камандаванне палкоўнiку Антонаву, ён ад’ехаў у Коўна.

Напярэдаднi канчатковай эвакуацыi немцаў, у ноч з 26 на 27 красавiка, штурмавы атрад Польскай арганiзацыi вайсковай раззброiў эскадрон беларускiх гусараў. Салдат эскадрона пад вартай палякi адвялi вакольным шляхам у маёнтак Станiславова. 28 красавiка ў Гродна ўвайшлi польскiя рэгулярныя часткi. На наступны дзень беларускi полк перайшоў у падначаленне польскага камандавання Гродзенскай крэпасцi.

Лёс Першага беларускага гродзенскага палка i, ў значнай ступенi, усяго беларускага руха ў Гродне, вырашыўся летам 1919 года. Роўна праз месяц пасля прыходу палякаў беларускi полк зменшыўся амаль на палову i налiчваў усяго 37 афiцэраў i каля 200 салдатаў. 1 чэрвеня каля 18.00 гадзiн польская рота была выстраена насупраць штабу беларускага палка. З будынку беларускай камендатуры былi зняты беларускiя i лiтоўскiя штандары i шыльда з пагоняй, а афiцэры беларускага палка павiнны былi здаць зброю каменданту крэпасцi пад распiску. Адначасова ў казармах былi раззброены салдаты, а ў начы жандармерыяй праведзены вобыск у кватэрах афiцэраў. Тым не менш, сам полк, як вайсковая адзiнка, праз нейкi час яшчэ захоўваўся. Толькi 11 чэрвеня палякi выстраiлi беларускi полк каля казармаў i зрабiлi пераклiчку паводле iмянных спiсаў. Пасля гэтага жаўнеры-каталiкi былi выдзелены асобна i адведзены ў польскiя казармы, а ўсе астатнiя атрымалi пасведчанне аб дэмабiлiзацыi. Афiцэры палка часова заставалiся ў рэзерве крэпасцi з забаронай выязджаць з Гродна...

На гэтым Першы беларускi гродзенскi полк перастаў iснаваць.

Андрэй ЧАРНЯКЕВIЧ