16-18 ліпеня ў
Беластоку адбылася VІІ міжнародная навуковая
канферэнцыя з цыклу "Шлях да ўзаемнасці" на
тэму "Польска-беларускія моўныя, літаратурныя,
гістарычныя і культурныя сувязі". Нагадаем,
што сем гадоў таму дзеячы Беларускага
Грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы
(БГКТ) і Саюза палякаў Беларусі (СПБ) дамовіліся
аб сумесным правядзенні падобных канферэнцый. Аб
высокім статусе канферэнцыі сведчылі тыя факты,
што на ёй прысутнічаў Генеральны консул РБ у
Беластоку М.Крэчка, а таксама прывітальную
тэлеграму даслаў амбасадар РП у Мінску
М.Машкевіч. На паседжаннях секцый выступіла 26
даследчыкаў. Прыемна было адзначыць, што
беларускія гісторыкі значна пашырылі
распрацоўку новых тэмаў, якія раней імі не
ўздымаліся - станаўленне беларускай шляхты,
развіццё мястэчак і гарадоў.
У нядзелю адбыўся і фестываль
беларуска-польскай культуры ў Беластоку. У ім
узяло ўдзел каля 300 выхаванцаў з Гродзеншчыны і
Беласточчыны, прадаваліся беларускія кніжкі
выдадзеныя ў Беларусі і Польшчы. Падчас
урачыстасцяў у вочы кінулася адна цікавая дэталь
- герб Гродна, які вісеў на сцэне побач з гербам
Беластока, быў афарбаваны не паводле гістарычнай
традыцыі (залаты алень св.Губерта на блакітным
фоне), а ў чырвона-зялёны колер, згодна сучаснага
сцяга РБ.
В.ШВЕД
Реклама: