Гісторыя і культура

Новая праца гісторыка Алеся Краўцэвіча пра стваральніка Вялікага Княства Літоўскага Міндоўга, распачынае серыю ілюстраваных навукова-папулярных кніг пад назвай "Жыццёпіс Вялікіх Князёў Літоўскіх". Прадстаўляем на нашай старонцы раздзелы з гэтай яшчэ не апублікаванай працы, трапіўшыя да нас адразу з рабочага стала гісторыка.

Жыццёпіс Вялікіх Князёў Літоўскіх

Часам гісторыкі сцвярджаюць, што гісторыю твораць народы. Можна згаджацца з гэтай сентэнцыяй, ці яе аспрэчваць, несумненна адно: непасрэдныя рашэнні (у тым ліку і лёсаносныя для народаў) прыймаюцца канкрэтнымі асобамі. Індывідуальнасць гэтых асобаў накладвае свой непаўторны адбітак на ход гістарычнага працэсу, надае яму менавіта тую, якая ёсць, а не іншую форму рэалізацыі. Асоба ў гісторыі - гэта заўсёды цікава, заўжды па-чалавечы. Мне здаецца, што невядомая беларусам гісторыя дзяржавы, у якой нарадзіўся сучасны беларускі народ, можа стаць да нас бліжэй, калі звязаць яе з жыццём і лёсам гаспадароў - Вялікіх Князёў Літоўскіх. Гаспадар - так у нас тытулавалі кіраўніка дзяржавы. Адсюль пайшло слова спадар - ветлівая форма звароту ў сучаснай беларускай мове, гэтаксама як у іншых народаў ад тытулаў каралёў паходзяць аналагічныя звароты: пан - у палякаў і чэхаў, сеньёр - у італьянцаў ды гішпанцаў, месье - у французаў і г.д.

Вялікі Князь Міндоўг
(кіраваў у 1248 - 1263 гг.)

Пачатак гаспадарства

Міндоўг - легендарная постаць беларускай гісторыі. Першы Вялікі Князь Літоўскі, першы і апошні кароль Літвы . Нарадзіўся на мяжы 12 і 13 ст. (дакладная дата невядома), загінуў у 1263 г. Паходзіў з багатага балцкага роду, меўшага ўладанні ў Літоўскай зямлі .

З маладых гадоў прымаў актыўны ўдзел у ваенна-рабаўнічых набегах старажытных літоўцаў на Польшчу, Русь, Прыбалтыку. Здолеў не толькі ацалець пры гэтым небяспечным занятку, але і высунуцца на адно з першых месцаў сярод такіх саміх ваенных правадыроў. Быў надзелены непаспалітымі ваеннымі і дыпламатычнымі здольнасцямі, вызначаўся жорсткім і рашучым характарам.

Менавіта на яго трапіў выбар гаспадароў багатага горада-дзяржавы Наваградка, калі ў саракавых гадах 13 ст. мангольскія тумены залілі крывёю і агнём усю паўднёвую ды усходнюю Русь і, як паветра, неабходна стала асоба, здольная арганізаваць абарону Панямоння ад бязлітасных азіяцкіх заваёўнікаў.

Так Міндоўг стаў заснавальнікам новай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага - калыскі беларускага і летувіскага народаў. Дзікун-язычнік прычыніўся да пачаткаў вялікай хрысціянскай краіны, першым адчуўшы і зразумеўшы яе жыццёвую патрэбу ў кантакце з заходнееўрапейскай цывілізацыяй.

Час узнікнення ВКЛ прыпадае на канец 40-х гадоў 13 ст. Міндоўг быў вельмі важнай фігурай у гэтым працэсе, але напэўна не адзінай і, відавочна, не самай галоўнай, бо ўсё пачыналася задоўга да яго нараджэння - на некалькі стагоддзяў раней...

ЛІТВА - краіна Лесу

Пад канец 1 тыс. нашай эры, (дакладней, у 988 г.) у жыцці усходніх славянаў здарылася надзвычайная гістарычная падзея. Кіеўскі князь Уладзімір Краснае Сонейка ўвёў на падуладных яму землях хрысціянства. Новая вера ў адзінага бога Хрыста прыйшла "ад усходу" - з Візантыі і гэта не было выпадковасцю. Візантыйская імперыя з'яўлялася буйнейшым святовым асяродкам цывілізацыі. Высокі ўзровень гаспадарчага жыцця, вытанчаная культура, дзівосная архітэктура, багацце шматлікіх гарадоў (самым вялікім, багатым і шыкоўным быў сталічны Канстанцінопаль - Царград, як яго называлі славяне) - усё выклікала захапленне і зайздрасць навакольных варварскіх народаў. Моц візантыйскага войска доўгі час служыла надзейнай заслонай ад зайздросных суседзяў. Да багатага і моцнага хочацца быць падобным. Адсюль імкненне суседніх народаў, у тым ліку славянскіх (сербаў, балгараў, русінаў) пераймаць лад жыцця і культуру рамеяў-візантыйцаў.

Прыняцце новай веры азначала далучэнне Русі да кола краінаў хрысціянскай цывілізацыі. Аднак простаму люду не так лёгка было гэта патлумачыць. Народ не хацеў разумець, чаму іх князь так хоча быць падобны да царградскага базілеўса і навошта дзеля гэтага трэба выракацца сваіх спрадвеку шанаваных багоў.

Праўда, як паказвае гісторыя, князі і не мелі такой звычкі - разводзіць доўгія тлумачэнні ды ўгаворы сярод паспалітага люду. Новую веру ўводзілі рашуча і гвалтоўна, не пытаючыся нічыіх густаў і меркаванняў. Выконваючы абрад хрышчэння вадой, людзей натоўпамі заганялі ў рэкі. Знішчалі даўнія святыя мясціны - язычніцкія капішчы, затоптвалі вечныя святыя агні-знічы, а драўляныя выявы старажытных багоў ламалі, секлі, палілі, пускалі па вадзе, можа быць таксама ў знак хрышчэння. Кіеўскі летапісец апавёў пра тое, як уводзілася новая вера ў Ноўгарадзе: "Дабрыня хрысціў Ноўгарад мечам, а Пуцята агнём".

Зразумела, здараліся выпадкі нязгоды, супраціву і адкрытых паўстанняў. Іх часта ачольвалі язычніцкія святары - валхвы, абавязкам якіх была служба старадаўнім багам, ахова іх векавечнага спакою. Княскія дружыны, складзеныя з прафесійных выдатна ўзброеных вояў-рыцараў, хутка спраўляліся з сялянскімі натоўпамі. Для незадаволеных ды няскораных (дысідэнтаў, як кажуць сёння) заставаўся адзін даволі дзейсны спосаб супраціву - уцёкі як найдалей, у мясціны, куды хрысціянства яшчэ не дабралася...

Якраз тады, у канцы 10 ст. далёка на поўнач ад Кіеўскай зямлі на малалюдных і скрозь пакрытых густымі лясамі абшарах, дзе збірае свае воды Нёман са шматлікімі прытокамі: Лошай, Усой, Ушой, Бярэзіной, Сэрвяччу, Молчадзю, Вілляй, Шчарай, Зэльвянкай, Россю, Котрай ды інш., узнікла некалькі дзесяткаў славянскіх паселішчаў. Некаторыя іх назвы, прайшоўшыя праз усю гісторыю Беларусі, і сёння нам добра знаёмыя: Наваградак, Гародня, Ваўкавыск, Слонім. За мінулыя пасля апошняй вайны паўстагоддзя навукоўцы-археолагі добра пакапаліся ў гэтых гарадах на месцы тых першых паселішчаў, якія да сёння захаваліся ў памяці людзей пад назвамі "Стары замак" і "Новы замак" (Гародня), "Замкавая гара" і "Малы замак" (Наваградак), "Замчышча" (Слонім), "Шведская гара" і "Замчышча" (Ваўкавыск). Праз вывучэнне агромністай колькасці здабытых у зямлі старадаўніх рэчаў навукоўцы высветлілі, што першымі жыхарамі-заснавальнікамі гэтых паселішчаў у канцы 10 ст. былі ўсходнія славяне, менавіта дрыгавічы і валыняне.

Цікава, што самыя першыя знаходкі, звязаныя з хрысціянскім культам (крыжыкі, каменныя абразкі, пласцінкі з хрысціянскімі выявамі), пачалі трапляцца ў культурным слаі толькі ад другой паловы - канца 11 ст., ці амаль праз стагоддзе пасля ўвядзення хрысціянства на Русі. І гэта важкае матэрыяльнае сведчанне на карысць таго меркавання, што на Панямонне прыйшлі менавіта славяне-язычнікі, уцёкшыя ад гвалту над іх старадаўняй верай. Зразумела, хрысціянства ўрэшце дайшло і сюды - на Панямонне, але мясцовае язычніцтва-паганства яшчэ доўга трымалася ў народнай памяці і пакінула трывалы след у мясцовых традыцыях ды звычаях. Славяне (дрыгавічы і валыняне) рухаліся ў кірунку Панямоння ад Прыпяці, уверх па яе прытоках: Лясной, Ясельдзе, Бобрыку, Цне, Лані, Случы. Пераадолеўшы водападзел між Нёманам і Прыпяццю, перасяленцы выйшлі да левых нёманскіх прытокаў: Росі, Зэльвянкі, Шчары, Беразіны і ўжо па іх дабраліся да самога Нёмана - будучай вялікай беларускай ракі. Тут мясціліся рэдкія і нешматлікія паселішчы балтаў-яцвягаў. Мясцовая іх назва была - дайнова. Панямонне з'яўлялася толькі часткай этнічнай тэрыторыі яцвягаў, асноўная яцвяжская земля ляжала далей на захад (сучасная Беласточчына). Да сённяшняга дня яшчэ дзе-нідзе на месцах рассялення гэтага даўно загінуўшага народа, захаваліся вёскі з назвамі "Яцвезь" і "Дайнова".

На берагах Нёмана язычнікі-славяне ўступілі ў кантакт з язычнікамі-балтамі. Навукоўцы лічаць, што гэта была ўжо не першая іх сустрэча. Першыя сляды славянскіх паселішчаў на Панямонні археолагі датуюць яшчэ 7 ст. н.э. Іх пакінулі невялікія групы дрыгавічоў і полацкіх крывічоў, якія часам даходзілі сюды з поўдня і з усходу. Але да канца 10 ст. тут ніколі не бачылі такой вялікай колькасці славянскага люду.

Дакладна невядома, як напачатку складваліся адносіны паміж каланістамі і тубыльцамі. Магчыма, здараліся канфлікты. Зразумела, мала каму спадабаецца, калі нехта прыйдзе і паселіцца ў тваім лесе, на зямлі, якая спрадвеку была тваёй. Але зямлі і лесу было так многа, а людзей тут жыло так мала, што ваяваць не мела сэнсу. У дрымучых панямонскіх лясах, дзе-нідзе раздзеленых палянамі ды балотамі, месца хапала ўсім. Перасяленцы не захоплівалі абжытыя балтамі мясціны, а будавалі свае паселішчы на свабодных пагорках і палянах-лядах. Былі б толькі ахвота і сіла тыя лясы церабіць. Займай колькі хочаш месца, выпальвай лес, выкарчоўвай пні, ды ўзворвай глебу, а попел пасля выпалу - гатовае ўгнаенне. Так узнікала "ляда" - мясціна, адваяваная ў лесу. Сёння ў нас на Панямонні нават у мясцовасцях, дзе лесу засталося няшмат, часта можна сустрэць вёскі з назвамі "Ляда" ці "Ляды", якія пераканаўча выяўляюць іх паходжанне. Мяркуецца нават, што горад Ліда (адзін з буйнешых на Гарадзеншчыне), таксама вырас на месцы старадаўняй лясной вёсачкі "Ляда", толькі назва трохі змянілася.

Славяне знаходзіліся на больш высокай ступені грамадскага развіцця чым мясцовыя балты. Яны ўжо мелі ўласную пісьмовасць, ведалі феадальную дзяржаўную арганізацыю, валодалі складанымі рамёствамі, умелі будаваць гарады. Тубыльцы-балты хутка зразумелі, што з прышлымі людзьмі можна сябраваць і выгодна гандляваць. Славянскія рамеснікі ўмелі рабіць прыгожыя і выдатныя па рабочых вартасцях рэчы. У суседнім славянскім паселішчы можна было набыць дасканала выкаваныя з гартаванай сталі прылады працы і зброю: востры і даўгавечны серп, выдатны нож, меч, касу. Ніхто не мог лепш за гарадскога майстра-русіна сфармаваць на ганчарным коле зручныя, прыгожыя і адначасова моцныя і трывалыя гліняныя гаршкі і збаны.

Гандаль - найлепшы сродак мірных кантактаў. Паступова тубыльцы засвойвалі славянскую (русінскую ці старабеларускую) мову, некаторыя з іх перасяляліся ў заснаваныя славянамі гарады, жаніліся з русінкамі а мясцовыя дзяўчаты выходзілі замуж за русінаў. Прыбышы таксама прыглядаліся да мясцовай культуры, пераймалі найбольш адпаведныя тутэйшым прыродным умовам прылады працы і прыёмы гаспадаркі, спосабы будоўлі. Славянскія майстры-рамеснікі навучыліся вырабляць своеасаблівыя балцкія ўпрыгожванні, якія мелі попыт сярод мясцовых модніц.

Звесткі лінгвістыкі (мовазнаўства) і археалогіі сведчаць пра тое, што доўгі час на Панямонні жыло змешанае балта-славянскае насельніцтва. Праз вывучэнне тапанімічных матэрыялаў мовазнаўцы прыйшлі да высновы, што на сённяшні дзень на Панямонні сярод асноўнай масы славянскіх паселішчаў, мясцовасцей, рэчак захавалася шмат назваў балцкага паходжання, якія засталіся ад мясцовых балтаў з часоў сярэднявечча. Побач са славянскімі вёскамі такімі як, напрыклад, Курылавічы, Мілявічы, Малькавічы, знаходзяцца балцкія, як Бершты, Бакшты, Жодзішкі, Дзевянішкі, Котчына, Букштава і г.д.

Рух славянскіх перасяленцаў, як вядома, адбываўся ў асноўным ўздоўж рэк, а ў міжрэччах заставаліся групы (часам даволі вялікія) балцкага насельніцтва. Некаторыя з гэтых "астравоў" існавалі даволі працяглы час. Самым вядомым з'яўляецца невялікая тэрыторыя ў ваколіцах Дзятлава, дзе яшчэ ў канцы 19 ст. мясцовыя жыхары ведалі некалькі дзесяткаў летувіскіх словаў, хоць усе навакольныя вёскі гаварылі па-беларуску.

Калі на карту Панямоння нанесці адкрытыя і даследаваныя археолагамі тагачасныя (11-13 стст.) балцкія і славянскія паселішчы, ды выдзеліць іх асобнымі колерамі, то добра відаць, што яны раскіданы ўперамешку, як бы плямамі, па ўсяму Панямонню. Усе гарады былі славянскія (Гародня, Наваградак, Вільня, Ваўкавыск, Слонім і іншыя), а ваколіцу ўтваралі вясковыя паселішчы як славянскія так і балцкія. На поўначы больш было паселішчаў балцкіх, на поўдні - славянскіх.

Найболей заглыбленымі ў балцкую тэрыторыю гарадамі аказаліся: на поўначы - Вільня, заснаваная крывічамі на маляўнічых пагорках узбярэжжа Віліі, а на паўночным захадзе - дрыгавіцкая Гародня на Нёмане. У міжрэччы Нёмана і Віліі якраз паміж Гародняй і Вільняй маецца вузкі клін балцкіх (летувіскіх земляў), што добра відаць на сучаснай карце па характэрным выгіне дзяржаўнай мяжы паміж Беларуссю і Летувой.

Навукоўцы назвалі тэрыторыю са змешаным насельніцтвам кантактнай зонай паміж балтамі і славянамі. Яна размяшчалася прыблізна ў прасторы паміж Менскам і Вільняй і ўяўляла сабой доўгую паласу зямлі шырынёй каля 200 км, працягнутую амаль на паўтысячы кіламетраў ад Бярэсця аж да Браслава.

Гэтая кантактная зона не была пастаяннай і нерухомай, яна паступова і павольна перамяшчалася ў паўночным і паўночна-заходнім кірунку. Вось як бачыць гэтае перамяшчэнне спецыяліст-мовазнаўца Хведар Клімчук: "На працягу шэрагу стагоддзяў да самага пачатку 20 ст., а месцамі і пазней, адбывалася паступовае перамяшчэнне гэтай кантактнай зоны ў паўночна-заходнім кірунку. Па-першае, у прылеглых да яе раёнах летувіскае насельніцтва засвойвала беларускую мову і станавілася двухмоўным. Па-другое, у многіх месцах гэтай зоны летувіская мова паступова саступала свае пазіцыі беларускай". Так цягнулася амаль тысячу гадоў - ад канца 10 да сярэдзіны 20 ст.

Працяг будзе праз нумар

Алесь Краўцэвіч

Реклама: