№ 310 от 15.01.2004  

Прэмія лялечнікам – больш за мільён

Спецыяльную прэмiю за развiццё мiжнародных культурных сувязяў прэзiдэнта РБ атрымаў калектыў гродзенскага тэатра лялек. Уручэнне адбылося ў Мiнску ў дзень праваслаўных калядаў.

Прэмiя ўяўляе сабой ганаровы дыплом, а таксама грашовую суму ў 100 мiнiмальных заробкаў, што на той час складала каля 1млн 700 тысяч рублёў – паведамiў «БI» галоўны рэжысёр тэатра Мiкалай Андрэеў. Зараз калектыў, якi налiчвае 60 чалавек, будзе вырашаць, што зрабiць з грашыма – набыць нейкiя неабходныя рэчы для тэатра цi папросту раздзялiць грошы памiж супрацоўнiкамi. Зарплаты, як вядома, у тэатралаў невялiкiя.

Па словах галоўнага рэжысёра М.Андрэева, творчы калектыў тэатра i надалей будзе спрабаваць прапагандаваць беларускую культуру на мiжнародным узроўнi. Ужо зараз рыхтуюцца новыя прэм’еры: «Беласнежка i сем гномаў», «Зiмовая казка» i «Дарога ў Вiфлiем». Ёсць i запрашэннi да ўдзелу ў мiжнародных фестывалях. Напрыклад, «Зiмовую казку», пастаўленую паводле Шэкспiра, артысты хацелi б завезцi летам у Гданьск на шэкспiраўскi фестываль.

Трэба зазначыць, што лялечны тэатр карыстаецца папулярнасцю i ў Гродне. Так што, творчых поспехаў вам, нашы шаноўныя акторы.

М.МIКАЛАЙЧЫК