№ 310 от 15.01.2004 | |
Ведай гісторыю Гродна Цярністы шлях беларускай школкі ў ГроднеАдшукаць у Гродна ўсе адрасы, па якiм у розныя часы знаходзiлася беларуская школа, справа даволi непростая. У першую чаргу гэта Барыса-Глебскi манастыр: на месцы сучаснага драматычнага тэатру з 1916 года дзейнiчалi беларуская пачатковая, а трохi пазней – беларуская школа-прытулак. Тут жа восенню 1920 года адчынiлася гродзенская беларуская гiмназiя, якую пазней перанеслi ў Архiерэйскi дом (зараз вул. Горкага 2/2). Зусiм не доўга, менш за паўгады, праiснавала беларуская школа ў будынку былога Пушкiнскага вучылiшча (сучасны педагагiчны коледж па вулiцы Ленiна), адкуль яна была вымушана перабрацца на вулiцу Палявую (зараз вул. Карбышава № 10), а адтуль – у былую Марыiнскую гiмназiю (старое крыло дзяржунiверсiтэту). Наступны будынак – Сапёрная № 6 ( сучасная Дзяржынскага, насупраць тэатра лялек ). Апошнi прытулак ажно да свайго закрыцця ў 1927 годзе школа знайшла па вулiцы Паўночнай. Зараз у гэтым будынку па адрасу Валковiча № 1 фiлiял Аграрнага унiверсiтэта. Вось тут i прыпынiмся на хвiлiнку, каб узгадаць гiсторыю беларускага школьнiцтва ў Гродне.
Першая беларуская пачатковая школка з’явiлася ў Гродне падчас нямецкай акупацыi ў красавiку 1916 года. У канцы вайны ў Гродзенскiм павеце iснавала ўжо 17 беларускiх школак, з iх дзве – у самым Гродне. Усё змянiлася, калi ў маi 1919 года ў горад прыбыў прафесар львоўскай семiнарыi Рафал Вазнякоўскi, якi прыступiў да абавязкаў польскага школьнага iнспектара. У вынiку за кароткi час ягонай працы прозвiшча Вазнякоўскi стала сiнонiмам польскага прыследавання беларускай асветы. Кульмiнацыя супрацьстаяння польскiх школьных уладаў i мясцовых беларусаў прыйшлася на восень 1919 года, калi беларуская школа i настаўнiцкi саюз былi выселены з будынку былога Пушкiнскага вучылiшча. Усё адбылося раптоўна. Падчас экзаменаў у беларускую школу ўламалася каля дваццацi ваеннапалонных на чале з вартаўнiком польскага школьнага iнспектара i пачалi забiраць усе школьныя рэчы. Пры гэтым, стораж паводзiў сябе вельмi груба, лаяўся, нават пiхнуў кулаком кiраўнiка школы i дзьвярыма пабiў руку вучыцелю.
Нягледзячы на ўсе цяжкасцi, вясной 1920 года ў горадзе налiчвалася ўжо тры беларускiя школкi: агульная, школа-прытулак i занеманская. У гродзенскай агульнай беларускай школе працавалi Уладзiмiр Федарук, Iван Тарасевiч, Алена Грынкевiч, Уладзiмiр Шалешка i Усевалад Аляхновiч, у прытулку – Серафiма Кiшка, Меланiя Алюшкава, Ганна Кухарчук, Аўгення Мальчэўская, у занеманскай школе – Дзянiс Мiкалай i Драздоўскi Кастусь. Большасць з iх праслухалi беларускiя настаўнiцкiя курсы ў Вiльнi.
Падчас кароткага панавання бальшавiкоў летам 1920 года стан беларускага школьнiцтва мала чым змянiўся. «Мы просiм не лiтасцiвую падачку, – пiсалi настаўнiкi ў мясцовы Раўкам, патрабуючы выплаты грошаў, – а законную, запрацаваную зарплату... Далей так жыць немагчыма. ...Неўвага да нашага становiшча дасць нам повад думаць, што нам прыйдзецца i далей працаваць не ў лепшых варунках, як пры пане Р.Вазнякоўскiм...».
29 лiстапада 1920 года ў Гродне стараннямi Б.Тарашкевiча i В.Iваноўскага адчынiлася беларуская гiмназiя. У якасцi настаўнiкаў у ёй працавалi: П.Тамашчык, В.Кулiкоўскi, У.Курбскi, Я.Натусевiч, Трыпуза, А.Мальчэўская, Г.Кухарчук, М.Алюшкава, С.Баран, Аляксандра Смолiч i праз кароткi час С.Рак-Мiхайлоўскi. Для прыезджых вучняў пры гiмназii iснавала «бурса», iнтэрнат па Ерусалiмскай вулiцы (сучасная Антонава). Спiс рэчаў, якiя трэба было прывозiць з сабою, каб пасялiцца ў бурсе, быў даволi вялiкi. У яго ўваходзiлi: сорак фунтаў жытняй i дзесяць ячменнай мукi, дзесяць крупы, два фунта сала, свой ложак, сеннiк i два камплекты спальнай бялiзны... Сапраўды, шлях да ведаў быў для беларуса непросты.
Тым не менш, польская ўлада толькi чакала на зручны момант, каб канчаткова скончыць з беларускiм рухам наогул, i ў першую чаргу – з беларускай адукацыяй. «У апошнi час, – чытаем мы ў мемарыяле Гарадзенскага БНК, – пачалася кампанiя супраць беларускай асветы. Так, напрыклад, кiраўнiкамi беларускiх школ прызначаюць палякаў i iм выдаюць надбаўкi, тады як беларускiя настаўнiкi нiякiх даплат не атрымоўваюць. На гiмназiю наогул не адпускаецца нiякiх сродкаў, i ў гэтым навучальным годзе яна не распачне заняткаў...». У вынiку ў Гродзенскiм павеце на 1921 год засталося толькi чатыры беларускiх школкi, тады як апошняя беларуская школа, у самым Гродне, сваiм прыкладам павiнна была хутчэй адштурхоўваць бацькоў ад жадання аддаваць сюды сваiх малых. «Адзiная беларуская школа ў Гродне, – пiсала «Сялянская праўда», – знаходзiцца ў страшэнным заняпадзе. ...Улады не дазваляюць адчынiць апошняга класа, i вучнi змушаны, каб скончыць школу, паступаць да польскай».
Апошнiя гады ў гродзенскай семiкласнай беларускай школе працавалi: Мiкалай i Марыя Андрушэвiчы, М.Гаўрылюк, М.Жэжнеўская, З.Зеленьская, Я.Ярашэвiч i М.Ярмаловiч. Яе дырэктарам на працягу амаль шасцi гадоў заставаўся Уладзiмiр Федарук. Ужо пасля лiквiдацыi школы, летам 1928 года, ён з’яўляўся кiраўнiком курсаў беларускай мовы для настаўнiкаў мясцовых школ.
Напрыканцы дваццатых гадоў пасольскi клуб «Змаганне» прадпрыняў неўдалую спробу адрадзiць беларускую асвету ў горадзе i нават рабiў крокi па адкрыццю беларускай гiмназii! З гэтай мэтай у Гродне двойчы быў пасол Грэцкi, якi даў даручэнне мясцоваму ТБШ знайсцi адпаведнае памяшканне i дамовiцца з настаўнiкамi, у тым лiку з выпускнiкоў Пражскага унiверсiтэта. Аднак, адбыўшыся ў хуткiм часе разгром беларускiх арганiзацый не дазволiў здейснiць гэтыя планы.
На гэты раз адраджэнне беларускай школы адбылося толькi з чарговым усталяваннем савецкай улады. Тым не менш, беларуская асвета, якую прынесла з сабою Чырвоная Армiя, аказалася «дарам данайцаў». Яе сапраўдны кошт стаўся зразумелым толькi зараз, калi ў беларускiм Гродне не засталося нiводнай беларускай школкi...
Андрэй ЧарнякевIч |
|