№ 310 от 15.01.2004 | |
На выстаўцы габелен, вытканы з «Народнай волі» «Крывiчанка» – так называецца новая выстаўка габеленаў вiцебскай мастачкi Святланы Баранкоўскай, якая адкрылася на мiнулым тыднi ў галерэi «Тызенгаўза». Яўнай адметнасцю некаторых габеленаў з’яўляецца тое, што яны аздоблены кавалачкамi газеты «Народная воля» замест нiтак.
Святлана Баранкоўская ўпершыню выстаўляецца ў Гродне. Кожная з яе прац, акрамя таго, што мае назву, дапоўнена чатырохрадкоўем беларускiх паэтаў. Як заўважыла сама мастачка, тэматыка ейных працаў цесна звязана з беларускай гiсторыяй, у якой паганскi менталiтэт накладзены на хрысцiянскую iдэалогiю. Вось толькi некалькi назваў яе габеленаў: «Зямля», «Жытняя баба», «Дрэва жыцця», «Мроi», «Сонца ў шкле», «Калi ласка», «Полацкi сшытак», «Царква святога Духа». Працы яе пераважна белага колеру, у iх шмат сонца, знакаў сонца, крыжы, дрэвы. Матэрыял для сваiх працаў мастачка выкарыстоўвае, якi ўжо насычаны мiнулым, нясе ў сабе нейкi знак. Дарэчы, некаторыя з яе прац аздоблены не толькi газетнай паперай, а нават паперай для прыбiральнi. Такiя, як бы мовiць, навацыi мастачкi. Знешне працы выгдядаюць даволi сцiплымi i, як заўважае сама Святлана Баранкоўская, беларусаў заўжды i паважаюць за тое, што яны не выдзяляюцца крыклiвымi паводзiнамi.
Мастачцы вельмi спадабаўся наш горад, яна заўважыла, што ў iм жыве нейкая iншая, адметная ад Вiцебска атмасфера. Асаблiва ўразiла Каложская царква. Святлана абяцала, што на наступны раз, калi напачатку лютага прыедзе забiраць сваю выставу, абавязкова прывязе габелен «Каложа».
Мiхаiл КАРНЕВIЧ |
|