№ 311 от 22.01.2004 | |
Памёр Чэслаў Немэн Гэта навiна сталася галоўнай у Польшчы: на першых старонках усiх польскiх газет, галоўнай у iнфармацыйных каналах. Яна зацьмiла нават новыя поспехi Адама Малыша, якi за апошнiя тры гады стаў нацыянальным героем i пасля часовага крызiсу ў сваёй спартовай кар’еры iзноў вяртае чэмпiёнскi тытул i прызнанне краiны. У суботу вечарам у варшаўскiм анкалагiчным шпiталi, не дажыўшы месяц да свайго 65-годдзя, памёр Чэслаў Немэн.
«Рак перамог генiя», «Ён быў для нас каралём», «Пустым застаўся гэты свет», «Гэта музыка застанецца з намi» – з такiмi загалоўкамi ў мiнулы панядзелак выйшлi польскiя газеты. – Ужо нiколi польская музыка не стане такой, як была – цытуе папулярнае выданне знакамiтага музыкальнага крытыка i журналiста Войцеха Мана.
Чэслаў Немэн быў музыкантам, якi ў смутныя гады сацыялiстычных рэалiй перавярнуў польскi шоў-бiзнэс дагары нагамi, i не паддаўся новай камерцыялiзацыi, якая прыйшла ў Польшчу разам з капiталiзмам. Ён нiколi не падстрайваўся пад камунiстычную моду i iдэалогiю, за што часта атрымлiваў насмешкi i здзекi ў свой бок ад афiцыйных СМI – чаму гэта ён ходзiць у такiх рознакаляровых касцюмах i цi яго доўгiя валасы насамрэч яго, а не парык...
Ягоная музыка мала цiкавiла чыноўнiкаў ад культуры. Але гэта працягвалася толькi да 1963 года, пакуль ён безтурботна спяваў сваю вядомую песню «Пад папугамi». А потым былi новыя песнi: «Дзiўны той свет» i «Палаючая стадола». I шмат iншых твораў, якiя выклiкалi шок i захаплялi. Тады ён стаў не проста выканаўцам, ён стаў новай з’явай у польскай культуры.
I хаця пазней, з гадамi, Немэна толькi зрэдку можна было пабачыць на канцэртах i фестывалях, яго песнi i манера выканання, сам спявак сталi настолькi важным i падражальным, што кожны малады выканаўца – i нават мiнiстр культуры не маглi не лiчыцца з iм.
Раней скрытыкаваны за каляровыя касцюмы i доўгiя валасы, цяпер ён пастаянна вылучаўся намiнантам на найлепшага польскага музыканта. Праўда, гэта яго быццам зусiм не турбавала, бо ён проста iграў i спяваў.
Старэйшае пакаленне гродзенцаў, канешне, памятае зорак польскай эстрады, якiя ў часы ПНР з ахвотай выступалi на сцэнах перад братнiм савецкiм народам. Хто з таго пакалення не памятае Марылi Радовiч i «Чырвоных Гiтар» з Севярынам Краеўскiм? Гэта было.
Чэслаў Немэн нiколi не хацеў i нiколi не ездзiў у Савецкi саюз з гастролямi. Толькi аднойчы ў 1977 годзе ён пабываў у Мiнску, дзе адбылiся некалькi ягоных канцэртаў у Палацы спорту. Вiдавочцы дагэтуль узгадваюць чалавека-чараўнiка, зацiснутага горамi сiнтэзатараў, якiя тады пабачылi ўпершыню ў жыццi. Быў шок i зачараванне. Але далей Мiнска з гастролямi ён нiкуды не паехаў.
Чаму? Можа, таму, што Чэсяк Выдрыцкi ўсё дзяцiнства i юнацтва правёў у родных Старых Васiлiшках, дзе нарадзiўся 16 лютага 1939 года. Яшчэ паўгода тады была Польшча, потым – Заходняя Беларусь, i пазней – бальшавiкi. Потым iзноў была вайна, фронт за фронтам, iзноў прыйшлi вызвалiцелi. – Не хачу туды ехаць. Хачу аб усiм забыць – цытаваў мне словы Немэна польскi дыпламат, якi некалькi гадоў таму хацеў запрасiць музыканта ў Беларусь.
Гэта была праўда, але не ўся праўда. У архiўных кадрах, знятых у 60-я i 70-я гады, можна ўбачыць Чэслава Немэна, якi выступаў на сцэне... у беларускай льняной вышыванцы. Дагэтуль уся Польшча намагаецца паўтарыць за iм яго непадробнае ўсходняе «Л», недаступнае для звычайнага «пшэка».
У 1958 годзе сям’я Выдрыцкiх вырашыла ўсё ж пераехаць у Гданьск. I дзякуючы гэтаму Польшча атрымала, можа быць, найвялiкшы музычны талент у пасляваенны час. Так цяпер пiшуць пасля яго смерцi польскiя крытыкi. Бо палякi, вiдаць, як i iншыя народы, не пытаюцца аб паходжаннi талентаў, якiя ўзбагачаюць iх культуру. У польскiх школьных падручнiках палякамi заўсёды застануцца таксама народжаныя ў Беларусi Мiцкевiч, Касцюшка, Дамейка i Ажэшка.
I не трэба на гэта крыўдзiцца. Хай лепей Беларусь хоць на нейкi час узгадае хоць пра аднаго з сваiх выхаванцаў. Калi цяпер час гэтаму не спрыяе, то заўсёды можна памятаць, што гродзенская музычная вучэльня, якая раней мясцiлася ў падворку вулiцы Ажэшкi, мусiць насiць iмя Чэслава Выдрыцкага-Немэна. Самага знакамiтага свайго вучня, якога калi-небудзь выпусцiла са сваiх сценаў у гэты свет.
Спецыяльна для «Бiржы iнфармацыi» Цэзары ГАЛIНСКI
Аўтар: шматгадовы супрацоўнiк «БI», якi яшчэ да нядаўняга часу працаваў уласным карэспандэнтам «Gazety Wyborczej» у Мiнску.
|
|