№ 311 от 22.01.2004 | |
Ведай гісторыю Гродна З археалагічнага камітэту да беларускай партызанкі: пратаіерэй І.Карчынскі і беларускі рухЯк не дзiўна, але ж вось гэтая, пасыпаная бiтай цэглай плешывiна-скверык на месцы, дзе калiсцi ўздымалася адна з найпрыгажэйшых хрысцiянскiх святынь Гродна: каталiцкая Фара Вiтаўта, i яна жа – праваслаўны Сафiйскi сабор, шмат што можа патлумачыць пра адносiны памiж беларускiм нацыянальным рухам i праваслаўнай царквою ...
Да Першай Сусветнай вайны праваслаўная царква па большасцi глядзела на «беларускае пытанне», як на польскую iнтрыгу, цi, у лепшым выпадку, уцiскала беларусаў у пракрустава ложа тэорыi «западна-русiзму»... Нiчога дзiўнага, што ўжо гурток беларускай моладзi, якi знаходзiўся пад апекай каталiцкiх ксяндзоў i дзейнiчаў паўлегальна, некалькi разоў быў пад пагрозай раскрыцця менавiта з боку праваслаўных святароў. Нават пасля 1915 года, калi ў лiтаральным сэнсе праваслаўная царква на Гродзеншчыне па сваiх уплывах апынулася адкiнутай у часы князя Вiтаўта, праваслаўны клiр па-ранейшаму ставiўся варожа да нацыянальных памкненняў беларусаў.
Той постаццю, якая злучыла памiж сабою праваслаўную царкву i беларускi рух, няхай толькi для агульнай барацьбы супраць польскiх уплываў, стаўся былы пратаiерэй Барыса-Глебскага манастыра Iаан Карчынскi. Айцец Iаан, будучы да вайны iнспектарам царкоўна-прыхадскiх школ Гродзенскай праваслаўнай епархii i пратаiерэем Барыса-Глебскага манастыра актыўна ўдзельнiчаў у грамадскiм жыццi краю: з’яўляўся сябрам праўлення Сафiйскага праваслаўнага брацтва, адным з заснавальнiкаў i старшынёй царкоўна-археалагiчнага камiтэту, шмат друкаваўся па гiсторыi праваслаўя на Гродзеншчыне, а нават двойчы, у складзе дэпутацыi Сафiйскага брацтва, быў на прыёмах у iмператара Мiкалая II i, наўрадцi, у гэты час выказваўся прыхiльнiкам беларускасцi.
У 1915 годзе ён, як i большасць праваслаўных святароў, выехаў з Гродна ў эвакуацыю, у Маскву. Калi ў канцы вайны айцец Iаан вяртаецца на радзiму, перад ягонымi вачыма ўстаюць не толькi зруйнаваныя хаты i скалечаная гаспадарка, але i цэрквы, пераробленыя на касцёлы. I не важна, што большасць з iх раней былi каталiцкiмi цi ўнiяцкiмi храмамi. Для I.Карчынскага, як i для ўсiх праваслаўных вернiкаў, гэта з’яўлялася праявай польскай экспансii, якую трэба было спынiць любой цаною. Як раз у сярэдзiне кастрычнiка 1918 года адбылася ўрачыстая перадача нямецкiм гарнiзонным святаром ксяндзом Огуркай Сафiйскага сабору, былой фары Вiтаўта, у карыстанне катaлiкам. Магчыма, што менавiта рэвiндыкцыя Сафiйскага сабору ў Гродне – перадача яго каталiцкай царкве, падштурхнула айца Iаана зноў да актыўнай грамадскай працы ўжо на новай, беларускай глебе.
Своеасаблiвая «беларусiзацыя» I.Карчынскага пачалася яшчэ ў 1917 годзе, калi ён увайшоў у склад Саюза беларускага праваслаўнага духавенства. Ужо ў Гродне I.Карчынскi становiцца сябрам мясцовай беларускай управы i адным з заснавальнiкаў таварыства «Бацькаўшчына», а, нават, што праўда, беспаспяхова, вылучаецца ад блоку «Беларускае грамадства» на выбарах у Гродзенскую гарадскую раду. Адбываюцца перамены i ў ягоных поглядах наконт беларускасцi. Калi яшчэ ў канцы 1918 года айцец Iаан выступаў супраць увядзення беларускай мовы ў царкву, як несвоечасовага кроку, маўляй, праваслаўная служба адбываецца на старажытна-славянскай мове i так добра зразумелай беларусам, то ўжо вясной 1919 года ён сам пачынае весцi службу па-беларуску. Адначасова ў красавiку таго ж года I.Карчынскi быў кааптаваны ў склад лiтоўскай Тарыбы (Дзяржаўнай Рады), што запачаткавала ягонае сблiженне з Лiтвой. Аднак, цi не галоўнай справай для айца Iаана на гэты момант заставалася абарона Сафiйскага сабору. Барацьба iшла настолькi востра, што I.Карчынскi, не абыякавы да гiсторыi чалавек, не спынiўся нават перад тым, каб знiшчыць лацiнскi надпiс на мармуровай таблiцы ў былой Фары Вiтаўта i гэтым самым заспрэчыць правы каталiкоў на гэты гродзенскi храм.
Нiчога дзiўнага, што ўжо праз два месяцы пасля ўсталявання польскай улады айцец Iаан апынуўся арыштаваны i вывезены з Гродна. Наколькi гэтая постаць была не да спадобы новай уладзе, бачна па тым, што, калi ў сярэдзiне кастрычнiка I.Карчынскi вяртаецца ў горад, ужо праз два днi кiраўнiк мясцовай дыфензiвы iзноў адсылае яго ў лагер, адкуль той быў вызвалены, толькi дзякуючы iнтэрвенцыi варшаўскага царкоўнага савету. Летам 1920 года, ужо пры савецкай уладзе, святар зноў на кароткi час прыязджае ў Гродна, але ж з наблiжэннем польскiх войскаў ён перабiраецца ў Коўна, дзе становiцца адным з арганiзатараў беларускага антыпольскага партызанскага руху: I.Карчынскi з’яўляўся сябрам штабу атамана «Хмары» – В.Разумовiча ў Мерычы, выконваючы абавязкi сувязнога з праваслаўнай царквою на Гродзеншчыне, i, адначасова, у якасцi праваслаўнага капелана служыў у беларускiм батальёне. Магчыма нават, што праваслаўны пратаiерэй быў сябрам масонскай у ложы «Беларускае брацтва» ў Коўне. I.Карчынскi зноў бярэцца за пяро, але на гэты раз, каб пiсаць мемарыялы ў справе прыцяснення праваслаўнай царквы на Гродзеншчыне, ды антыпольскiя брашуры, накшталт: «Чаго чакаць беларусам, асаблiва праваслаўным, ад Польшчы?», «Гутарка дзеда да малодшых». У канцы 1920 года айцец Iаан едзе ў Рыгу, дзе сустракаецца з кiраўнiком ураду БНР В.Ластоўскiм, якога намаўляе на саюз з Лiтвою, а ўжо ў вераснi 1921 года ён выступае з прывiтальнай прамовай ад iмя беларусаў Лiтвы на беларускай канферэнцыi ў Празе ...
Апошнiя звесткi аб айцы Iаане Карчынскiм датычацца жнiўня 1932 года, калi той у якасцi прэдстаяцеля Епархiяльнага Савету браў удзел у заснаваннi Багародзiцкай царквы ў Коўне. На жаль, нам не вядомы ягоны далейшы лёс – магчыма, I.Карчынскi пазней пераехаў у Парыж, дзе, па некаторых звестках, захавалiся ягоныя ўспамiны. Гродзенцам жа застаўся ўтульны скверык, што, праўда, адзiн час трошкi перакапаны праз сучасных археолагаў, дзе нават зараз нельга ўсталяваць крыж...
Андрэй ЧАРНЯКЕВIЧ |
|