№ 313 от 05.02.2004  

Ведай гісторыю Гродна

Дырэкторыя па-беларуску

Квяточная клумба ды тралейбусны прыпынак побач з Пасменнай школай – вось i ўсё, што засталося ад гатэлю «Раяль» па вулiцы Сацыялiстычнай, былой Банкаўскай. А ў свой час, гэта быў адзiн з найлепшых гатэляў горада...

Чалавек, аб якiм на гэты раз пойдзе гаворка, пасялiўся ў «Раяле» позняй восенню 1919 года. Аднак, дазволiм яму самому прадставiцца: «Вельмi верагодна, што Вам... прыходзiлася ня раз чуць маё iмя. Калi не, дык Вам не саставiць вялiкай цяжкасцi асведамiццца ў Краi а маёй асобе i дзейнасцi. Я той, амаль адзiны беларус, селянiн па паходжанню, карэнны жыхар i ўраджэнец Гродзенскага ўезду, якi з першых дзён iснавання «беларускага пытання», стаяў i працягвае стаяць на пазiцыi поўнага едзiнення Края са ўсёй астатняю Расiяй. З гэтай прычыны мне прыходзiцца вясцi барацьбу з пропаведзью ўсiх iншых iдэй, безумоўна, не маючых нiчога агульнага з сапраўднымi жаданнямi беларускага народу...». Так ахарактарызаваў самога сябе Аляксандр Бахановiч у лiсце да вядомага расiйскага тэрарыста Барыса Савiнкава. Каб даведацца больш аб пастаяльцы гатэлю «Раяль», скарыстаемся з прапановы i запытаемся ягоных сучаснiкаў: кiм жа на самой справе з’яўляўся чалавек, называўшы сябе «адзiным сярод выплыўшых зараз на паверхню беларускiх палiтычных дзеячаў, якi добра ведае аб усiх патрэбнасцях i жаданнях Краю»...

Антон Луцкевiч, пачуўшы iмя Бахановiча, тут жа адрэгаваў: «...Пахне звычайнай палiтычнай авантурай...». Прадстаўнiк генерала Урангеля ў Варшаве быў больш стрыманы: «Мною, – пiсаў ён, – атрыманы неблагапрыятныя водгукi адносна папярэдняй дзейнасцi Бахановiча, як у якасцi беларускага дзеяча, так i ў якасцi старшынi рускага камiтэта». Аднак, найбольш поўную характарыстыку даў яму намеснiк польскага Генеральнага Камiсара Е.Iвашкевiч: «Бахановiч з’яўляецца вельмi зручным аферыстам i палiтычным шарлатанам, якi нацягвае на сябе альбо беларускую, альбо расейскую маскi. Для яго галоўнае – матэрыяльная карысць, дзеля якой ён з лёгкасцю адмаўляецца ад галоўных прынцыпаў...».

Аляксандр Бахановiч, хутчэй за ўсё, паходзiў з мястэчка Азёры каля Гродна. Скончыўшы Вiленскае пяхотнае вучылiшча, даслужыўся да паручнiка iнжынерных войск у складзе Першага Сiбiрскага палка. Ягоная палiтычная кар’ера распачалася ў 1917 годзе, калi пры дапамозе А.Керанскага ён стварае Гродзенскi вайсковы саюз. Пасля бальшавiцкага перавароту А.Бахановiч узначалiў Цэнтральны камiтэт аб’яднаных грамадскiх арганiзацый Гродзенскай губернii ў Петраградзе, i, нават, атрымаў паўнамоцтвы ад Вiленскага БНК на тое, каб весцi перамовы з савецкiмi i нямецкiмi ўладамi аб вяртаннi бежанцаў i маёмасцi з Расii ў заходнiя беларускiя губернii. Але ўжо ў лiпенi 1918 года камiтэт быў разагнаны бальшавiкамi, а ягоны старшыня вымушан быў пераехаць з Петраграду ў Кiеў, дзе пачаў супрацоўнiчаць з Кiеўскай радай беларускiх грамадскiх дзеячаў.

Аднак, дадзiм зноў слова самому А.Бахановiчу. «На ўсялякi выпадак хачу Вас асведамiць, што прыналежу да партыi народных сацыялiстаў, а з боку «беларускiх дзеячаў» вялiкай сiмпатыяй не карыстаюся, часцей ад iх падвяргаюся ўсялякай траўлi, так як не спачуваю ня iх сепаратыстычным iмкненням, ня iх мелкiм, адзiн супраць другога, iнтрыгам».

На самой справе, гэта А.Бахановiч быў спецыялiстам па ўсякага роду iнтрыгам. Яшчэ ў Кiеве ён паспрабаваў арганiзаваць аферу супраць прадстаўнiкоў ураду БНР А.Цвiкевiча ды М.Доўнар-Запольскага. Ужо ў Адэсе, куды ён перабраўся ў канцы таго ж года, А.Бахановiч уступiў у Беларускi нацыянальны цэнтр, якому прапанаваў прыняць на сябе функцыi Часовага краёвага ўраду Беларусi. Калi гэта не ўдалося, А.Бахановiч аб’явiў, што быццам бы на адбыўшымся 13 студзеня 1919 года ў Слонiме Ўсебеларускiм з’ездзе ён сам быў абраны кiраўнiком беларускай Дырэкторыi. Паведамленню паверыў А.Дзянiкiн, якi, нават, урачыста павiншаваў ў тэлеграме новы «ўрад», аднак калi абман раскрыўся, А.Бахановiча выслалi з Адэсы. Прычым, перад ад’ездам ён у мясцовых газетах павiнен быў адмовiцца ад «усялякай палiтыкi i прэтэнзiй на кiраванне Беларуссю». Той так i зрабiў, аднак дадаўшы, што «калi прыедзе ў Гродна, то будзе там кiраваць, бо ў Гродне яго ўсе добра ведаюць, а тут, у Адэсе – нiхто».

У маi 1919 года С.Бахановiч трапляе ў Гродна, дзе адразу разгарнуў шырокую дзейнасць ад iмя Гродзенскага губернскага цэнтральнага камiтэту аб’яднаных грамадскiх арганiзацый, за што ўжо праз месяц быў арыштаваны польскiмi ўладамi i iнтэрнаваны ў лагеры Домбiе. Калi ў лiстападзе 1919 года ён зноў вяртаецца ў Гродна, дык на гэты раз выступае з прапановай сфармiраваць рускую дабраахвотнiцкую армiю ў складзе польскага войску, ды адчынiць у горадзе «Рускi камiтэт».

У пачатку 1920 года А.Бахановiч перабiраецца ў Прагу, пасля чаго ў газеце «Прiкарпацкая Русь» з’явiлася аб’ява аб маючым хутка адбыцца з’ездзе «беларускiх грамадскiх дзеячаў» (прычым, у якасцi кантактнага адрасу была пададзена рэдакцыя газеты «Русское дело»), а ў канцы таго ж года робiць спробу паразумецца з Б.Савiнкавым. Але адведзены А.Бахановiчу час ужо скончыўся. Што праўда, ягоная гарачая натура яшчэ спрабавала дастасавацца да новага ладу. Ён у чарговы раз прыязджае ў Гродна, дзе пачынае судовую справу аб кражы маёмасцi з кватэры сваёй памерлай мацi, чым, па ягоных словах, настроiў супраць сябе мясцовую польскую адмiнiстрацыю, якая намагалася пазбавiць А.Бахановiча польскага грамадзянства i выслаць за межы краiны, як небяспечнага для Польшчы чалавека. Паступова ягоны «iнтарэс» драбнее – ад Беларускага дыктатара, С.Бахановiч скатваецца да паўнамоцнага прадстаўнiка княжны М.Вяземскай, адстойваючы яе правы на былы маёнтак каля Азёраў, якiм кiравала таварыства «L’Immobiliere de France et des Colonies», пакуль, нарэшце, ягоныя сляды ў гiсторыi канчаткова не губляюцца...

Андрэй ЧАРНЯКЕВIЧ