№ 313 от 05.02.2004  

Порт-Артур...не такі далёкі

<<risРуска-японскую вайну лiчаць прадвеснiцай Першай рускай рэвалюцыi. Без яе, магчыма, i кастрычнiк сямнаццатага застаўся б проста сумным восеньскiм месяцам. А яшчэ яна трохi падобная да вайны ў Афганiстане: далёкая, не вельмi ўдалая, апошняя. Гродзенцы ўдзельнiчалi ў абодвух. У гэтым годзе будуць адзначацца два «пачаткi»: 100 год руска-японскай (з 26 студзеня/9 лютага) i 25-афганскай. Пра воiнаў-iнтэрнацыяналiстаў ведаюць усе, а цусiмцаў, порт-артурцаў, манчжурцаў узгадваюць рэдка. Мiж тым, у Гродне ёсць памятныя мясцiны, прысвечаныя гэтай вайне. Напрыклад, Пакроўская царква, якая была збудавана ў гонар загiнуўшых салдат Гродзенскага гарнiзона ў руска-японскай вайне.

Яшчэ да пачатку вайны на месцы, дзе зараз i стаiць царква, планавалася пабудаваць гарнiзонную царкву па тыповаму для Расii праекту. Iнжынер Савельеў надаў ёй непаўторныя рысы. Падчас вайны будаўнiцтва храма рэзка сцiшылася. Актывiзавалася, калi з’явiлiся грошы i ўжо 30 верасня 1907 года адбылося яго асвячэнне ў гонар Пакрова Прысвятой Маткi Боскай. Але ўжо не проста як гарнiзоннага храма, а ў гонар тых з гродзенскага гарнiзона (у яго ўваходзiлi 26-я артбрыгада, 101 пях. Пермскi, 102 пях. Вятскi, 103 пях. Петразаводскi, 171 пях. Кобрынскi палкi), хто загiнуў у вайне 1904-1905 гг. Кiраўнiцтва палiчыла неабходным уладкаванне пры iм музея ды невялiкага мемарыяла. Гродзенскiя краязнаўцы Арлоўскi, Мiлюцiн, Карчынскi i iншыя сталi iнiцыятарамi ўстаноўкi мемарыяльных дошкаў, арганiзатарамi збору сродкаў, складальнiкамi тэкстаў. Майстар Шышкевiч зрабiў з белага мармуру 3 дошкi. На двух з iх размешчаны iмёны загiнуўшых афiцэраў i нiжэйшых чыноў. На супрацьлеглым баку вiсiць мемарыяльная дошка воiнам-iнтэрнацыяналiстам.

Акрамя Пакроўскай царквы ёсць каталiцкая каплiца на Рэпiна. Пабудавана, як фамiльны склеп для вядомага роду О’Брыен дэ Лясы. Там быў пахаваны Цярэнцiй Аляксандравiч О’Брыен дэ Лясы – марскi афiцэр, удзельнiк Цусiмы, якi памёр 9 лiстапада 1932 года. Рэшткi пахаваных былi знiшчаны падчас Вялiкай Айчыннай i пасля яе заканчэння. Да сённяшняга дня, хаця каплiца аднаўляецца, там пакуль няма ўвекавечання памяцi славутага земляка (як, дарэчы, i iншых годных прадстаўнiкоў роду).

6 чэрвеня 1904 года ў афiцыйным аддзеле «Гродзенскiх Епархiяльных ведамасцей» з’явiлася падзяка селянiну вёскi Пыры Азёрскай воласцi Iллю Чаплюку, якi ахвяраваў у Азёрскую царкву 100 рублёў на набыццё абразу Ўспення Маткi Боскай. Справа ў тым, што Чаплюк у гэты час знаходзiўся на крэйсеры «Громобой» ва Уладзiвастоку. Вельмi цiкава было б сёння знайсцi iнфармацыю наконт лёсу царквы i абраза.

Таксама на могiлках усёй вобласцi знаходзяцца магiлы ветэранаў вайны 1904-1905 гадоў.

Шаноўнае спадарства, калi ласка, дапамажыце ў пошуку гродзенцаў-удзельнiкаў вайны. Яны, вядома, даўно памерлi, але памяць аб iх павiнна перадацца праз пакаленнi.

Чакаем вашых лiстоў у рэдакцыю.

Сцяпан СТУРЭЙКА