№ 315 от 19.02.2004 | |
Рыбакоў «пагарэў» 17 лютага Рэспублiканская пракуратура афiцыйна абвясцiла пра затрыманне былога старшынi Нацыянальнай тэлерадыёкампанii Ягора Рыбакова. У часе следства яго будуць утрымлiваць пад вартай у камеры мiнскага следчага iзалятару. Спадар Рыбакоў падазраецца ў парушэннях адразу трох артыкулаў Крымiнальнага кодэксу – злоўжываннях службовымi паўнамоцтвамi, крадзяжах i ў атрыманнi хабару ад кiраўнiкоў камерцыйных структураў за прыняцце спрыяльных для iх рашэнняў.
Нагадаем, 13 лютага Ягор Рыбакоў згодна з загадам Аляксандра Лукашэнкi быў вызвалены з пасады старшынi Нацыянальнай тэлерадыёкампанii. Указ быў падпiсаны пасля сустрэчы генеральнага пракурора Вiктара Шэймана з Аляксандрам Лукашэнкам. 13 лютага Ягора Рыбакова затрымалi, а 16 лютага намеснiк пракурора Вiктар Прус даў санкцыю на ўтрыманне Рыбакова пад вартай.
Намеснiкi былога старшынi тэлерадыёкампанii адмаўляюцца каментаваць прад’яўленыя iх кiраўнiку абвiнавачаннi.
Некалькi журналiстаў БТ праз паўгоду пасля прыходу Ягора Рыбакова на пасаду кiраўнiка кампанii пiсалi лiсты ў праваахоўчыя структуры, патрабуючы праверкi фiнансавай дзейнасцi кiраўнiка кампанii i некаторых ягоных падначаленых. У вынiку iх звольнiлi з працы, а спадар Рыбакоў да мiнулага тыдня заставаўся на сваёй пасадзе. Многiя з тых, хто засталiся працаваць у кампанii, з радасцю ўспрынялi навiну аб затрыманнi свайго былога кiраўнiка. Спартак Севярын так пракамэнтаваў гэта Радыё Свабода: «Хадзiлi чуткi пра тое, што ён павiнен сесцi. Надта тут ужо шмат робiцца такiх справаў, якiя падпадаюць пад крымiнальны артыкул. Апошнiм часам мы пяты паверх называлi «Зона отчуждения». Пяты паверх заўсёды быў закрыты на электронны замок. Доступ да «цела» мелi толькi дырэктары. Мая асабiстая рэакцыя на навiну аб затрыманнi – радасць. Мы ранiцай прачыталi артыкул на сайце Радыё Свабода, i ўсе ўзрадавалiся. Усе казалi: «А за кратамi ён бы вельмi добра глядзеў для нас».
Калi ў судзе будзе даказаная вiна Ягора Рыбакова, то ён можа апынуцца за кратамi на тэрмiн да 10 гадоў з канфiскацыяй маёмасцi.
Радыё Свабода
|
|