№ 315 от 19.02.2004  

Універсітэт плануе адкрыць тэлеканал

Гродзенскi дзяржаўны унiверсiтэт iмя Янкi Купалы плануе адкрыць уласны тэлеканал, перадачы якога будуць транслявацца жыхарам горада па кабельнаму тэлебачанню.

Як заўважаюць ва унiверсiтэце, адкрыць тэлеканал плануюць падчас святкавання Фестываля нацыянальных культур, якi летам адбудзецца ў Гродне. Больш таго, ва унiверсiтэце перакананы, што яго гледачамi стануць, як найменш, 30% жыхароў абласнога цэнтра.

Плануецца, што напачатку затраты на iснаванне канала будзе несцi сам унiверсiтэт. Праўда, затраты на стварэнне праграмы навiнаў бярэ на сябе Гродзенскi гарвыканкам. Плануецца, што навiны напачатку будуць выходзiць не часцей двух разоў на месяц.

Цiкава нагадаць, што ў Гродне, горадзе, якi з’яўляецца абласным цэнтрам, акрамя дзяржаўнага абласнога тэлебачання i радыё, нiчога з электронных СМI не iснуе. Адначасова цяжка ўявiць, што сабой будзе ўяўляць тэлебачанне унiверсiтэта, паколькi дзеля яго стварэння патрэбны не толькi сродкi, але i спецыялiсты. Зараз на гродзенскiм абласным тэлебачаннi працуюць, у асноўным, маладыя людзi, нават студэнты, практычна ўсе iх праграмы носяць толькi забаўляльны характар. Як правiла, яны непрафесiйныя i не задавальняюць большасць гледачоў. У вобласцi i горадзе iснуе шмат самых розных праблемаў, пра якiя ў эфiры нiхто не кажа.

М.МIКАЛАЙЧЫК