№ 316 от 26.02.2004  

Прадукцыя «Гродна Азот» павінна падаражаць

Буйнейшае хiмiчнае прадпрыемства Беларусi «Гродна Азот» звярнулася да ўрада краiны з просьбай дазволiць павялiчыць кошты на азотныя ўгнаеннi на 19,2%, што павiнна забяспечыць вытворчасць да ўзроўня 10%. Гэтую iнфармацыю распаўсюдзiла агенства «Iнтэрфакс». Прычынай звароту, згодна iнфармацыi агенства, стала рэзкае павелiчэнне коштаў на прыродны газ. Прадпрыемства ў год спажывае 1,4 млрд куб.м прыроднага газу. У лютым прадпрыемства купляе 60% прыроднага газу ў «Газпрама» па 57 даляраў за 1 тысячу куб.м, астатнiя 40% – у кампанii «Газойл» па 66.5 даляра.

Спецыялiсты падлiчылi, што з-за павелiчэння коштаў на газ выпуск азотных угнаенняў стаў нерэнтабельным. Зараз узровень рэнтабельнасцi вытворчасцi карбамiдна-амiячнай сумесi складае мiнус 8%, карбамiда – мiнус 7,89%, сульфата амонiя – мiнус 6,2%.

Згодна з iнфармацыяй «Iнтэрфакса», ва ўрадзе Беларусi прынялi да разгляду прапанову гродзенскага прадпрыемства. Першы вiцэ-прэм’ер Уладзiмiр Сямашка даў адпаведныя даручэннi мiнiстэрствам сельскай гаспадаркi i харчавання, фiнансаў, эканомiкi падрыхтаваць прапановы аб павелiчэннi коштаў на азотныя ўгнаеннi. Падрыхтаваныя прапановы мiнiстэрстваў будуць разгледжаны напачатку сакавiка.

М.МIКАЛАЙЧЫК