№ 316 от 26.02.2004  

Смаргонцам ізноў адмовілі

Вышэйшы гаспадарчы суд 19 лютага адхiлiў зыск смаргонскай прадпрымальнiцы Вольгi Куняўскай да Гродзенскага аблвыканкама. Куняўская спрабавала абскардзiць рашэнне аблвыканкама па адмове ў рэгiстрацыi яе прыватнага ўнiтарнага прадпрыемства «Регион-пресс», паведамiла прэс-служба БАЖ.

Матывавальнай часткi рашэння зыскоўцы пакуль не атрымалi. Агучыўшы рашэнне, суддзя Людмiла Калеснiкава паведамiла толькi, што вынясе «прыватнае вызначэнне» у адрас Гродзенскага аблвыканкама за тое, што чыноўнiкi не ўказалi прычыны адмовы ў рэгiстрацыi новага выдавецкага прадпрыемства «Регион-пресс», а таксама пратэрмiнавалi адказ прадпрымальнiцы. (Нагадаем: 10 лютага тая ж суддзя адхiлiла зыск рэдакцыi «БДГ» да Мiнiстэрства iнфармацыi з просьбай прызнаць несапраўдным папярэджанне ад 16 снежня).

Разгляд справы пачаўся 13 студзеня, але пасля гэтага суд двойчы адкладаўся. У вынiку гэтую справу запатрабаваў Вышэйшы гаспадарчы суд.

Нагадаем: у пачатку сакавiка 2003 года Вольга Куняўская, жонка выдаўца «Новай газеты Смаргонi» Рамуальда Улана, звярнулася з заявай аб рэгiстрацыi Прыватнага ўнiтарнага выдавецкага прадпрыемства «Регион-пресс» у Гродзенскi аблвыканкам, аднак чыноўнiкi адмовiлi ёй без тлумачэння прычын. Раней Гаспадарчы суд Гродзенскай вобласцi па зыску Смаргонскага райвыканкама ануляваў рэгiстрацыю iндывiдуальнага прадпрымальнiка Улана. Пасля гэтага прадпрымальнiк заявiў, што плануе аднавiць выхад «Новай газеты Сморгонi» праз рэгiстрацыю юрыдычнай асобы, якая возьме на сябе функцыi рэдакцыi.

Мiхаiл КАРНЕВIЧ