№ 316 от 26.02.2004  

Юбілей

Свет навокал даўно змяніўся

Гродзенскае гарадское грамадскае аб’яднанне ветэранаў вайны, працы i Узброеных Сiл. Старшыня – удзельнiк Вялiкай Айчыннай вайны, кандыдат фiлалагiчных навук Мiкалай Аляксандравiч Мельнiкаў.

– Наша ветэранская арганiзацыя «Дэмакратычнае аб’яднанне ветэранаў Гродна» была створана 26 сакавiка 1994 года на ўстаноўчым сходзе ветэранаў вайны, працы, Узброеных Сiл i вязняў палiтычных рэпрэсiй. Мы абараняем грамадскiя i сацыяльныя правы сваiх сяброў, спрыяем духоўнаму зблiжэнню асобаў сталага веку, аб’яднанню ветэранаў для ўдзелу ў выхаваннi моладзi. Па магчымасцi ствараем умовы для падтрымання фiзiчнага i псiхалагiчнага здароўя, актыўнага даўгалецця, супрацоўнiцтва з iншымi грамадскiмi аб’яднаннямi i дзяржаўнымi арганiзацыямi ў справе аднаўлення нацыянальнай свядомасцi грамадства.

– Навошта было ствараць няўрадавае ветэранскае аб’яднанне, калi здаўна ў Гродне i вобласцi iснуе падобная арганiзацыя?

– У ветэранскiм руху па-рознаму ацэньваецца, напрыклад, мiнулае Беларусi, больш блiзкiя падзеi. Iншыя людзi сталага веку гатовы ледзь не са зброяй у руках адстойваць сваё перакананне, што гiсторыя нашай старажытнай краiны пачынаецца з 1917 года. Мы ж так не лiчым. У Вялiкай Айчыннай вайне савецкi народ здзейснiў вялiкi подзвiг. Але шапказакiдальнiцтва з боку ўраду напярэдаднi фашысцкага нашэсця, страшэнныя пралiкi ў ходзе вайны прывялi да гiбелi мiльёнаў людзей.

Нашы апаненты не ўспрымаюць дэмакратычных пераўтварэнняў. Дагэтуль жывуць у Савецкiм Саюзе. Прымушаюць крочыць сваiх унукаў на той жа дарозе, па якой iшлi самi. А свет навокал даўно змянiўся...

– Затое маюць для сваёй дзейнасцi сродкi, карыстаюцца дзяржаўнай падтрымкай, атрымлiваюць ў святы падарункi i словы ўдзячнасцi...

– Што да фiнансавання, то мы грошай ад дзяржавы не маем. Звяртаемся да грамадзян, калектываў прадпрыемстваў i просiм аказаць дабрачынную дапамогу ўдзельнiкам вайны, найперш iнвалiдам, хворым, гаротным сем’ям тых, хто памёр.

Грошы неабходны таксама для падпiскi газет ветэранам, папаўнення нашай грамадскай бiблiятэкi «Спадчына», правядзення семiнараў, сустрэч з дзеячамi культуры. Летась нам не адмовiлi ў спатканнi вядомыя беларускiя пiсьменнiкi Вольга Iпатава, Мiхась Скобла, Сяргей Законнiкаў, Барыс Пятровiч, паэт-бард Эдуард Акулiч.

– Ваша грамадскае аб’яданнне часцяком друкуе ў газетах заявы i пiсьмы ў абарону журналiстаў i пiсьменнiкаў, якiя падвяргаюцца незаконнаму пераследу...

– Мы асудзiлi судовае рашэнне, у вынiку якога была зачынена газета «Пагоня», абласное грамадскае аб’яднанне «Ратуша», патрабавалi спынення шалёнай хвалi паклёпу на Васiля Быкава. У яго абарону ў незалежных СМI былi надрукаваны нашы допiсы «Яго творы даюць ратаванне», «Рукi прэч ад Васiля Быкава!», «Васiль Быкаў – сумленне нацыi». Выступiлi таксама ў падтрымку Нiла Гiлевiча, гонар i годнасць якога спрабавалi прынiзiць несумленныя асобы.

Гутарыў Уладзiмiр Кавалёў