№ 316 от 26.02.2004 | |
Cуседзі Літоўскія дні ў ГроднеНа мiнулым тыднi гродзенцы мелi магчымасць наблiзiцца да сваiх суседзяў -лiтоўцаў. У чацвер ва ўнiверсiтэце iмя Янкi Купалы адзначаўся Дзень лiтоўскай культуры. Два днi запар у нашым горадзе знаходзiўся амбасадар Лiтоўскай Рэспублiкi ў Беларусi Йонас Паслаўскас. I ўрэшце, у панядзелак Лiтва адзначала 86-ю гадавiну аднаўлення сваёй незалежнасцi. З гэтае нагоды амбасадар зрабiў урачысты прыём.
– Гродзенская вобласць для ўсiх нас – беларусаў, лiтоўцаў, палякаў – унiкальная. У якiх бы саюзах не былi нашы краiны, мы адчуваем тут наша агульнае мiнулае, на якое заўсёды апiраемся i якое спрыяе нашаму супрацоўнiцтву – гэтае выказванне лiтоўскага амбасадара стала лейтматывам яго вiзiта ў Гродне.
Праграма лiтоўскага амбасадара на Гродзеншчыне выглядала вельмi насычанай. У першы дзень вiзiту адбылася сустрэча са старшынём Гродзенскага абласнога выканаўчага камiтэту Уладзiмiрам Саўчанкам. Йонас Паслаўскас падкрэслена цёпла гаварыў аб двухбаковых стасунках. Па яго словах, з кiраўнiцтвам нашай вобласцi наладжаны добрыя дзелавыя адносiны. На сустрэчы абмяркоўвалiся эканамiчныя, турыстычныя i культурнiцкiя адносiны Лiтвы з нашым рэгiёнам. Лiтоўцы апошнiя два гады, як заўважыў Йонас Паслаўскас, вельмi зацiкаўлены ў беларускiм рынку, якi не мае межаў з Расiяй i Украiнай. Зараз у Беларусi дзейнiчаюць каля трохсот прадпрыемстваў з лiтоўскiм капiталам, 16 з iх – на тэрыторыi Гродзенскай вобласцi. Пабываўшы на двух прадпрыемствах у Гродне, амбасадар прыйшоў да высновы, што лiтоўскiя бiзнесмены не маюць вялiкiх прэтэнзiй да мясцовых уладаў. Дарэчы, лiтоўскi бок, па словах амбасадара, зацiкаўлены ў iнвестыцыях беларускага бiзнесу ў лiтоўскую эканомiку. Так, з 1 мая, калi Лiтва ўступiць у Еўрасаюз, яна будзе мець доступ да аднаго з самых вялiкiх рынкаў свету, якi налiчвае каля 450 мiльёнаў жыхароў, што адкрывае значныя перспектывы.
Адно з надзённых пытанняў, якое абмяркоўвалася падчас сустрэчы – супрацоўнiцтва ў галiне турызму. Лiтоўскi бок цiкавiць праект аднаўлення Аўгустоўскага каналу, якi рэальна беларускiя ўлады плануюць рэканструяваць ужо сёлета. Вялася нават гаворка аб тым, каб узнавiць маршрут цеплахода з Гродна да Друскiнiнкай па рацэ Нёман, якi iснаваў у савецкiя часы.
Узгадаў амбасадар i пра вялiкiя магчымасцi ў Беларусi сельскага турызму. Па яго словах, лiтоўскiя бiзнесмены ў гэтай сферы маюць ужо багаты досвед i маглi б стаць добрымi партнёрамi беларусам.
На сустрэчы з Уладзiмiрам Саўчанкам прысутнiчала i намеснiца мэра Друскiнiнкай панi Мiшкiнене, якая пазнаёмiла кiраўнiцтва нашай вобласцi з новымi перспектывамi курортнага горада, маўляў, беларусы, могуць побач, па-суседску, выбраць сабе адпачынак, за якiм, часам, ездзяць невядома ў якi свет.
Вялася гаворка i пра новую электрастанцыю на Нёмане, будаўнiцтва якой плануецца побач з Гродна. Спецыялiсты з лiтоўскага боку выказваюць занепакоенасць тым, што ў Нёмане зменiцца ўзровень вады, магчымы негатыўны ўплыў на колькасны i якасны склад рыбнай фауны i iншыя наступствы. У адказ амбасадар атрымаў запэўнiванне, што беларускiя спецыялiсты прадугледзелi ўсе магчымыя наступствы i пры праектаваннi будаўнiцтва электрастанцыi ўсё гэта ўлiчылi.
Падсумоўваючы магчымасцi двухбаковага супрацоўнiцтва, як галоўнае, амбасадар падкрэслiў, што на гэтым этапе яго задача разам з беларускiмi ўладамi падрыхтаваць спрыяльныя магчымасцi для бiзнесменаў абодвух краiнаў, а прадпрымальныя людзi, на яго думку, здолеюць наладзiць бiзнес самi.
Цiкава, што думаюць на гэты конт беларускiя чыноўнiкi i цi зможа наш прыватны бiзнес нешта ўкласцi ў агульныя праекты? Сённяшнiя гродзенскiя бiзнесмены не даюць нават рады выкупiць месца на рынку «Карона» – задорага. Адзiны вядомы ў краiне бiзнесмен – Адмiнiстрацыя прэзiдэнта. Але цi захоча з ёй супрацоўнiчаць прыватны iнвестар з Лiтвы?
Амбасадар Й.Паслаўскас выказаў шчырую падзяку гродзенскiм уладам за дапамогу пры ўладкаваннi лiтоўскага генеральнага консульства ў Гродне, за падтрымку лiтоўскай нацыянальнай меншасцi на Гродзеншчыне.
У гэты ж дзень амбасадар сустрэўся i з прадстаўнiкамi недзяржаўных грамадскiх арганiзацый вобласцi: Саюза палякаў Беларусi, зачыненага ўладамi грамадскага аб’яднання «Ратуша», Таварыства беларускай мовы.
У сераду ў рэстаране «Турыст» адбыўся прыём з нагоды 86 гадавiны аднаўлення лiтоўскай дзяржаўнасцi. Сваю вiншавальную прамову да прысутных амбасадар гаварыў па-беларуску. Гродзенскiя чыноўнiкi ў адказ выступалi па-руску.
Асаблiва цёплая атмасфера панавала ў Гродзенскiм дзяржаўным ўнiверсiтэце iмя Янкi Купалы падчас адкрыцця Дня лiтоўскай культуры ў гэтай навучальнай установе. Дарэчы, падобнае мерапрыемства ва ўнiверсiтэце за ўсю яго гiсторыю iснавання адбывалася ўпершыню. Зараз тут навучаюцца 17 грамадзян Лiтвы. Прычым, 13 з iх вучацца ў межах праграмы «Беларусы ў свеце». Гэта азначае, што яны маюць беларускае паходжанне, вучацца ў нас бясплатна, да ўсяго, атрымлiваюць стыпендыю i забяспечаны iнтэрнатам.
Амбасадар Лiтвы ўпершыню быў госцем ўнiверсiтэта i натуральна з цiкавасцю знаёмiўся з ягонай гiсторыяй i магчымасцямi. Прарэктар Людмiла Рычкова, адкрываючы мерапрыемства, заўважыла, што некаторы час кантакты з лiтоўскiмi навукоўцамi былi перарванымi, але апошнiм часам назiраюцца яўныя змены: у стадыi падрыхтоўкi дамовы аб супрацоўнiцтве ўнiверсiтэта iмя Янкi Купалы з Вiльнюскiм унiверсiтэтам i педагагiчным вузам. Спадарыня Рычкова падкрэслiла, што гродзенцы маюць добры вопыт iнтэркультурнага супрацоўнiцтва.
Амбасадар, у сваю чаргу, зазначыў, што дарма адносiны памiж нашымi краiнамi называюць застойнымi. Застой атрымаўся толькi ў эканомiцы, што датычыць людзей, на думку амбасадара, кантакты нiколi не перарывалiся. Дарэчы, аб гэтым сведчыць i тое, што ў мiнулым годзе лiтоўскiмi консульскiмi ўстановамi было выдадзена каля 90 тысяч вiз грамадзянам Беларусi. Штодня ў Гродне выдаецца зараз каля ста вiзаў. Праўда, што датычыць зменаў у вiзавым рэжыме – гэта пытанне задавалi чытачы «БI», – то ў блiжэйшы час iх не прадбачыцца.
Наогул, адносiны памiж нашымi краiнамi амбасадар ахарактарызаваў як дынамiчныя, праўда, заўважыў, што адсутнiчае кантакт на самым высокiм узроўнi. Гэта, па словах амбасадара, абумоўлена спецыфiкай еўрапейскiх адносiн з Беларуссю.
Амбасадар Паўслаўскас i Генеральны консул Лiтоўскай Рэспублiкi ў Гродне Дайва Моцкувене наведалi Ярмарку Лiтоўскай культуры ва ўнiверсiтэце, на якой былi прадстаўлены выстаўка кнiг, альбомаў, музычна-мастацкая кампазiцыя аб кампазiтары i мастаку М.Чурлёнiсе. У межах Дня лiтоўскай культуры адбыўся круглы стол «Перспектывы супрацоўнiцтва», а таксама канцэрт з ўдзелам творчых калектываў школ з лiтоўскай мовай навучання, студэнтаў з Лiтвы i лiтоўскага аб’яднання «Тэвiне». Дарэчы, школьнiкi з Пеляскай i Рымдзюнскай школак мелi магчымасць пазнаёмiцца з унiверсiтэтам iмя Янкi Купалы i наведаць Рэгiянальны цэнтр тэсцiравання i прафесiйнай арыентацыi моладзi.
На вынiковай канферэнцыi журналiсты цiкавiлiся ў амбасадара – чым, на яго думку, закончыцца прэзiдэнцкi крызiс у Лiтве. Йонас Паслаўскас адмовiўся каментаваць падзеi, але заўважыў, што «гэты канстытуцыйны працэс сведчыць аб тым, што Лiтва стала дэмакратычнай краiнай. Усё адбываецца згодна з нормамi, якiя запiсаны ў Канстытуцыi краiны. I гэта не ўздзейнiчае на эканамiчную сiтуацыю ў Лiтве».
Прагучала пытанне i адносна беларуска-расiйскага газавага канфлiкту. На гэта лiтоўскi амбасадар заўважыў, што нашы краiны будуюць саюзную дзяржаву, а, значыць, у хуткiм часе ва ўсiм разбяруцца.
Мiхаiл КАРНЕВIЧ |
|