№ 317 от 4.03.2004  

Юбілей iзноў перанеслі

Так i недачаўкася ў мiнулую суботу ўрачыстых вiншаванняў i пажаданняў старэйшы Палац культуры горада Гродна (што па вулiцы Дзяржынскага), якi ў гэтым годзе святкуе стогадовы юбiлей. Не дачакаўся, бо на запланаванае мерапрыемства па адзначэнню юбiлею ў гродзенскага гарвыканкама не знайшлося грошай. Таму iмпрэзу прышлося перанесцi, пакуль, на невядомы тэрмiн.

Цiкава, што гэта ўжо не першая спроба «святкавання» юбiлею «народнага палаца». Першапачатковае ўрачыстае мерапрыемства па адзначэнню юбiлею было запланавана аддзелам культуры гродзенскага гарвыканкама i непасрэдна мастацкiм калектывам палаца на 2-га студзеня гэтага года. Але «запланавана» не значыць «выканана», таму з-за недахопу грошай урачыстасцi перанеслi на 28 лютага. Не атрымалася i цяпер. Толькi, як паведамiў галоўны спецыялiст аддзела культуры гродзенскага гарвыканкама Таццяна Круцiна, у гэтым выпадку адзначэнне Дня нараджэння палаца было перанесена ўжо на невызначаны тэрмiн. Па словах спецыялiста, магчыма мерапрыемства будзе праведзена ў межах фестывалю Нацыянальных культур, што традыцыйна праводзiцца ў маi- чэрвенi, альбо пазней, на грошы, якiя застануцца ад фестывалю. Мастацкi калектыў палаца ўспрыняў навiну аб адмене святкаванняў з разуменнем, бо цяпер, са слоў Таццяны Круцiнай, узнiкаюць вялiкiя цяжкасцi з выплатай зарплаты работнiкам культуры, таму, зразумелая рэч: не да святаў. Але цi зразумее гэта будынак, якi яшчэ ў 1904 годзе будаваўся для «асветнiцтва простых людзей» (з архiўных дакументаў праекта Палаца культуры) i за сто год нi разу не адхiлiўся ад гэтай лiнii?.. Мiнулы год у нас прайшоў пад дэвiзам «навядзенне парадку», таму старэйшы гродзенскi Палац культуры, напэўна, спадзяецца, што i да яго прыйдзе чарга, i калi- небудзь грошы будуць iсцi не толькi на новую тратуарную плiтку, але i не такiя ўжо i частыя (раз у сто год) знакi ўвагi гродзенцаў да сцiплага юбiлею.

Александр ЗАЛЕЎСКI