№ 319 от 18.03.2004  

Асамблея

На ЕС спадзявайся, але і сам старайся...

<<risСтаршыня Беларускай асацыяцыi рэсурсавых цэнтраў (БАРЦ) Аляксандр Мiлiнкевiч у мiнулым месяцы прымаў удзел у адкрытым сходзе дэлегацыi Еўрапейскага парламенту (Страсбург) па пытаннях супрацоўнiцтва з Беларуссю, Украiнай i Малдовай. Ён меў выступ, сустракаўся з кiраўнiком дэлегацыi Янам Марцiнусам Вiерсмам, афiцыйнымi прадстаўнiкамi Еўракамiсii - Урадам аб’яднанай Еўропы.

– Якой жа палiтыкi трымаецца Еўрапейскi Саюз адносна развiцця грамадзянскага супольнiцтва ў Беларусi? Якiя кiрункi дзейнасцi НДА нашай краiны могуць падтрымаць еўрапейскiя дзяржавы i ЗША?

– У 2001 годзе замежная падтрымка дэмакратычных грамадскiх аб’яднанняў Беларусi была зменшана i нават прыпынена. Гэта адмоўна адбiлася на развiццi «Трэцяга сектару». На маю думку, еўрапейскiя краiны павiнны будаваць сваю палiтыку адносна развiцця нашых НДА з разлiкам на доўгатэрмiновы перыяд, скажам, 5-10 гадоў. Трэба ведаць прычыны, якiя перашкаджаюць хуткаму i эфектыўнаму станаўленню грамадзянскай супольнасцi ў Беларусi. Ва ўсякiм разе, падтрымка беларускай грамадзянскай супольнасцi не павiнна разглядацца праз прызму чарговых парламенцкiх цi прэзiдэнцкiх выбараў.

Памылковым з’яўляецца меркаванне нiбыта пра «натуральнае» iмкненне Беларусi да самага цеснага саюза з Расiяй. Сацыялагiчныя апытаннi сведчаць, што 58 працэнтаў беларусаў «за» саюз з Расiяй, 68 – не супраць ўступлення ў Еўрасаюз. Пашырэнне праграм падтрымкi Еўрасаюзам дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусi мела б мабiлiзацыйны ўплыў на шматлiкiя прарэфармiсцкiя сiлы, а не толькi на палiтычную апазiцыю. Трэба ўсiмi даступнымi сродкамi супрацьдзейнiчаць самаiзаляцыi «вертыкалi» Беларусi, выкарыстоўваючы ў тым лiку i «Трэцi сектар». Важная роля ў гэтым належыць суседзям – Польшчы, Лiтве i Латвii. Неабходна вырашыць пытанне аб свабодным перамяшчэннi жыхароў Беларусi па еўрапейскiх краiнах, асаблiва новых сябрах Еўрасаюза.

– Вы некалькi разоў узгадалi слова дапамога. Што маеце на ўвазе?

– Ва ўсiм свеце няўрадаваму грамадскаму руху аказваецца дапамога. Для гэтага iснуюць розныя спосабы. У тым лiку i грашовыя выплаты. Што да Беларусi, можна зрабiць акцэнт на атрыманне малых i сярэднiх грантаў, скарачэнне тэрмiнаў разгляду праектаў. Адным з важных метадаў супрацьдзеянню самаiзаляцыi Беларусi лiчу навучанне беларускай моладзi за мяжой. Найперш, гэта паслявузаўская адукацыя, а таксама 2-3-гадовыя стыпендыяльныя праграмы для студэнтаў па спецыяльнасцях эканомiка, палiталогiя, сацыялогiя, менеджмэнт, правазнаўства, гiсторыя, рэстаўрацыя помнiкаў культуры...

– Мы гаворым пра Еўрасаюз, а тым часам нават «прасунутыя» чытачы не зусiм добра разумеюць, што гэта такое...

– Што праўда, то праўда. У Беларусi недастаткова iнфармацыi пра Еўрасаюз. Больш таго, звесткi скажаюцца афiцыйнай прапагандай. На змяненне сiтуацыi маглi б паўплываць амбасады краiн Еўрасаюза ў Мiнску. Чаму не стварыць сетку цэнтраў, якiя акумулююць iнфармацыю аб Еўрасаюзе, яго палiтыцы i праграмах дапамогi, не правесцi Днi Еўрасаюза ў абласных цэнтрах Беларусi, семiнары ва унiверсiтэтах з удзелам еўрапейскiх экспертаў. У рэгiёнах каардынацыяй гэтай работы занялiся б мясцовыя НДА.

– Вынiкае, што Еўрасаюз павiнен мець справу толькi з няўрадавымi грамадскiмi арганiзацыямi...

– Гэта не так. Еўрасаюз не пазбягае кантактаў з мясцовай уладай. Яе прадстаўнiкi не аднолькава шэра-аднародныя. Частка наменклатуры настроена калi не апазiцыйна, то пасiўна апануе «вертыкалi» па многiх пытаннях. Праўда, афiцыйна яна «за» рэжым. У будучым гэтыя асобы маглi б адыграць важную ролю ў адносiнах Беларусь-Еўрасаюз.

Трэба вiтаць супрацоўнiцтва нашых лакальных уладаў з органамi самакiравання Польшчы, Лiтвы, Латвii, Украiны. Там ёсць значны вопыт мясцовага развiцця, планавання, падтрымкi малога i сярэдняга бiзнесу, стажыроўкi настаўнiкаў, моладзевых абменаў.

– Еўрасаюз, вiдавочна, не можа абмежавацца кантактамi толькi з НДА i структурамi ўлады. Хiба не маюць патрэбы ў падтрымцы няўрадавыя прафсаюзы, СМI?

– Яшчэ якой! Частка незалежных прафсаюзаў апошнiм часам колькасна зменшылася, знiзiўся iх уплыў на працоўных. Моцны патэнцыял прафсаюзных аб’яднанняў Еўрасаюза мог бы надаць iм сiлу i ўпэўненасць. Неабходны праграмы абмену, адукацыi лiдэраў, стажыровак.

Што да сродкаў масавай iнфармацыi, то асаблiвае значэнне набываюць незалежныя выданнi - нацыянальныя, рэгiянальныя, лакальныя. Падтрымку iх бачу ў трох кiрунках: адукацыйным, датацыйным, садзеянне развiццю электронных СМI. Прыярытэтам з’яўляецца Iнтэрнет. Сёння доступ да яго мае 3-5 працэнтаў насельнiцтва Беларусi, найперш, грамадска актыўная моладзь. Галоўнай праблемай застаецца высокi кошт карыстання Iнтэрнетам. Неабходна мадэрнiзацыя тэлефонных i Iнтэрнет-лiнiй. Падтрымку ў гэтым кiрунку Еўрасаюз можа аказаць праз Праграму развiцця ААН «Iнтэрнет у Беларусi», якая паспяхова рэалiзуецца.

Добрую службу зрабiлi б курсы для журналiстаў i менеджэраў ва унiверсiтэтах Польшчы, Чэхii, Латвii, Лiтвы.

Гутарыў Антон ЛАБОВIЧ