№ 319 от 18.03.2004 | |
Асамблея Той шлях асвятляла «Паходня»...У савецкiя часы на Гродзеншчыне не было няўрадавых грамадскiх аб’яднанняў (НДА), цi «Трэцяга сектару» у яго заходнiм разуменнi. Так званыя грамадскiя арганiзацыi стваралiся па iнiцыятыве ўлады i ўспрымалiся, як частка сiстэмы дзяржаўнага кiравання.
Вылучаюцца тры этапы ўзнiкнення НДА рэгiёна.
Нефармальны рух iнтэлiгенцыi Гродна i студэнцкай моладзi паўстаў у першыя гады перабудовы. Настрой актыўнай часткi грамадства спрыяў адраджэнню нацыянальнай культуры, праў- дзiвай гiсторыi, роднай мовы. 200 гадоў татальнай русiфiкацыi далiся ў знакi. Наперадзе чакала вялiкая работа...
У 1986 годзе ў Гродне з iнiцыятывы навуковых работнiкаў Iнстытута бiяхiмii АН БССР быў створаны гiсторыка-культурны клуб «Паходня». Ён адыграў у Заходняй Беларусi ролю параўнальную з львоўскiм «Таварыствам Лева» для Заходняй Украiны.
«Паходня» займалася арганiзацыяй фальклорных святаў i лiтаратурных чытанняў, правядзеннем сустрэч i дыскусiй па пытаннях беларускай культуры i гiсторыi, захаваннем помнiкаў архiтэктуры i прыроды, паўплывала на з’яўленне ў Гродне шэрагу новых НДА i двух сацыял-дэмакратычных партый.
Значная частка сяброў клуба была сярод заснавальнiкаў БНФ «Адраджэньне», прымала ўдзел ва ўстаноўчым з’ездзе 24-25 лiпеня 1989 года ў Вiльнi.
Прэзiдэнт «Паходнi» доктар гiстарычных навук, прафесар Мiхась Ткачоў (10.03.1942-31.10.1992) быў абраны намеснiкам старшынi БНФ.
На выбарах ў Вярхоўны Савет БССР i мясцовыя Саветы 1990 года ў Гродне, адным з першых ў Беларусi, скаардынавалi дзейнасць няўрадавых арганiзацый горада — стварылi Дэмакратычны блок «Саветы-90». Аб’ядналiся гарадскiя арганiзацыi БНФ «Адраджэньне», экалагiчныя i краязнаўчыя суполкi, прафсаюз прадпрымальнiкаў «Лiга». Дэмакратычныя кандыдаты, падтрыманыя выбарчым блокам, сталi дэпутатамi.
У 1988 годзе ў Гродне працавала нефармальная грамадская суполка iмя Максiма Багдановiча. Яна выпускала бюлетэнь «Рэанiмова» (1989, друкавалася на ксэраксе ў Лiтве), наладзiла першае масавае святкаванне Купалля на беразе Нёмана з удзелам артыстаў Львоўскага тэатра, якi быў на гастролях у горадзе. Калядоўцы прайшлiся па вулiцах Гродна.
У тым жа 1988 годзе гродзенцы збiралi сродкi на помнiк Кастусю Калiноўскаму. Месца пад помнiк было выдзелена каля аблсафпрафа. У 1989 годзе група студэнтаў ГрДУ iмя Янкi Купалы заснавала «Заходнебеларускае згуртаваньне моладзi».
Актыўная пазiцыя тагачаснага «Трэцяга сектара» уратавала ад рэканструкцыi старажытную мясцiну, якая пазней атрымала назву «Плошча Тызенгаўза», выратавала ад разбурэння будынак 18-га стагоддзя, якi нiбыта замiнаў цэласнаму ўспрыняццю плошчы iмя Ленiна. Стары чыгуначны вакзал адстаяць не ўдалося. Такiм быў першы этап развiцця НДА рэгiёна.
(Калi нашы чытачы маюць дадатковыя звесткi, просiм паведамiць на адрас электроннай пошты, пазначаны ўнiзе старонкi).
|
|