ДРУКАРНЯ Ў АПТЭЦЫ

Нядаўна ў гродзенскай аптэцы-музеі, што знаходзіцца каля Фарнага касцёла, адчынілася выстава. Яна прысвечана дзейнасці нелегальнай друкарні ў Ліпнішках, дзе Юзэф Пілсудскі, адзін з кіраўнікоў Польскай сацыялістычнай партыі, разам з сябрамі-аднадумцамі выдаваў нелегальную газету "Работнік".

Сама друкарня мясцілася ў аптэцы, якую ў 1894 годзе па даручэнні Пілсудскага набыў Казімір Парнеўскі. Раней аптэка належала Аляксандру Вільнеўчыцу і знаходзілася на скрыжаванні вуліц Мельнічнай і Касцельнай. Парнеўскі перанес яе ў дом арганіста касцёла Звіркі на вуліцу Касцельную.

У аптэку патаемна завезлі друкарскі варштат, які набылі аж у Лондане. Газету на варштаце друкавалі ўначы, а пасля хавалі яго ў адну з аптэчных шафаў. Першы нумар выйшаў 12 ліпеня 1894 года. Дзеля канспірацыі, у газеце ўказалі, што яна была надрукавана ў чэрвені ў Варшаве. Усяго выдалі шэсць нумароў. Пасля друкарня была дэканспіравана. Здарылася гэта так: наборшчык завёў раман з кухаркай Панеўскіх і расказаў ёй пра нелегальную газету. Дзеля таго, каб дамагчыся шлюбу, кухарка пагражала расказаць уладам пра друкарню. Абодвух давялося адправіць у Маскву. Пасля гэтага інцэдэнта варштат доўга вандраваў. Напалеон Чарноцкі, сябар Пілсудскага, дапамог схаваць друкарню. А потым перадаў яе пану Вайцяхоўскаму, будучаму прэзідэнту Польшчы, які пераправіў друкарню ў Вільню. Там выдалі наступны, сёмы, нумар "Работніка". У 1899 годзе друкарня пераехала ў Лодзь, дзе падчас падрыхтоўкі да выдання 36-га нумара газеты, паліцыя раскрыла друканю і арыштавала Пілсудскага.

Аптэкай у Ліпнішках яшчэ некалькі гадоў кіраваў Казімір Парнеўскі. Пасля ён пераехаў жыць у Паставы, дзе не губляў сувязі з Юзэфам Пілсудскім. Там ён хаваўся на кватэры Парнеўскіх ад пераследванняў паліцыі.

На выставе паказаныя здымкі Пілсудскага, Вільнеўчыца і Парнеўскага, аптэчны посуд, малюнак друкарскага варштату. Ёсць таксама некаторыя дакументы і кнігі, што распавядаюць пра дзейнасць друкарні ў Ліпнішках.

Трэба дадаць, што даследваннямі, звязанымі з выданнем газеты "Работнік" у Ліпнішках, займаліся прафесар з Познані С.Кухарскі ды гродзенскі гісторык Чарапіца. Новыя падрабязнасці аб дзейнасці аптэкі-друкарні ў Ліпнішках паведаміў гісторык медыцыны Фёдар Ігнатовіч, што працуе ў аптэцы-музеі.

Стварыць экспазіцыю дапамаглі прафесар Кухарскі, сваякі Аляксандра Вільнеўчыца, а таксама Марыя Ракша - дачка арганіста Звіркі, у доме якога знаходзілася нелегальная друкарня.

Т.Базылевіч

Реклама: