Гродзенскія ваколіцы

(Працяг. Пачатак у №29(74) ад 22.07.99г.)

АЛЬШАНКА
Вёска Каменскага сельсавета Гродзенскага раёна.
Назва славянская. Упершыню ўзгадваецца ў дакументах у 1506 годзе. У дакументах валочнай памеры 1559 года ў гэтай вёсцы ўжо былі надзелы наступных гарадзенскіх цэркваў: Уваскрэсенскай, Чэснахрэсценскай, Св. Мікулы, Св.Сямёна, Прачысценскай. Гэта значыць, што ў той час казённая вёска "карміла" амаль усе праваслаўныя цэрквы Гродна. У XV ст. у Гродне існавалі адначасова касцёл Св.Мікалая і ўзгаданая царква Св.Мікулы.

АРЭХАВІЧЫ
Хутар у Азёрскім с.с. Гродзенскага раёна.
Назва славянская. Упершыню ўзгадваецца ў матэрыялах “Валочнай памеры”. Адлюстраваны на мапе Гродзенскага ўезда Літоўска-Слонімскай губерні 1798 года.

АСТРАВОК
Вёска ў Грандзіцкім с.с., Гродзенскага раёна.
Старажытнабеларуская назва, азначае мясцовасць, якая прыдатная для палявання з барзымі сабакамі. "Астравок“ - гэта балоцістая ці лясістая мясціна, якая знаходзіцца паміж палёў, дзе вельмі зручна займацца паляваннем". Шляхецкі фальварак Цвіклічаў, 1680 год. Ёсць на мапе Гродзенскага ўезда 1798 года.

АСТРЫНА
Мястэчка ў Шчучынскім раёне.
Назва ад ракі Астрынкі, ці Астрошы. Цэнтр пасялковага і сельскага Савета. Месціцца над ракой Астрынкай ( некалі Астрошай), прытокам ракі Котры. Упершыню ўзгадваецца ў дакументах Літоўскай Метрыкі ў 1487 годзе. Адно з першых паселішчаў татар на Беларусі. Маскоўскі археолаг В.Сядоў памылкова атаясамлівае Астрыну з "Астрэяй" са спісу рускіх гарадоў ХІІ ст. З другога боку, вядомы археолаг М.Ткачоў, а потым археолаг С.Піваварчык, праводзілі раскопкі на гарадзішчы, якое знаходзіцца ў двух кіламетрах ад Астрыны. Яны пацвердзілі, што ўсходнія славяне тут жылі з Х ст. Побач гарадзішча - курганныя могілкі таго часу. Цікава, што ў пачатку ХVІ ст. у Астрыне жылі татарскія князі Астрынскія, якія паходзілі з роду Гірэевічаў, а дакладней - ад ягонага ўнука Даўлета. У 1508 годзе намеснікам (старастам) быў Федка Храптовіч, падскарбі (зараз бы сказалі міністр фінансаў) Вялікага Княства Літоўскага. У 1520 годзе вялікі князь Жыгімонт І аддаў Астрыну ў заставу (часовую арэнду) беларускаму магнату А.Хадкевічу. У ХVІ ст. старастамі (каралеўскімі намеснікамі) у Астрыне былі: князь Глеб Пронскі, Федка Храптовіч, і Сямён Скіндзер, родам з Шатландыі. З 1793 года Астрына - цэнтр воласці Шчучынскага павета Віленскага ваяводства. У 1859 годзе налічвалася 170 дамоў і 970 жыхароў. У 1866 годзе - 179 дамоў і 1196 жыхароў, з іх 481 праваслаўныя, 669 яўрэяў, 12 каталікоў і 34 мусульманіна з беларускіх татараў. У 1882 годзе налічвалася 1984 жыхары ( 973 мужчыны і 1011 кабет). У Астрыне амаль да канца ХІХ ст. стаяла вельмі старажытная мураваная царква - Перамянення Боскага, якая, на нашу думку, паходзіла з канца ХV ст., і драўляная каталіцкая капліца, якая замяніла ў ХІХ ст. спалены войскам Екацерыны ІІ стары касцёл. Касцёл жа гэты быў пабудаваны коштам беларускіх магнатаў Пацаў - Крыштафа Паца і ягонай жонкі Клары дэ Мальгі Ласкарыс у 1666 годзе. У Астрыне, па прывілею на няпоўнае Магдэбургскае права ад караля Ўладзіслава ІV ад 1641 года, штотыдзень адбываліся кірмашы. У часы Рэчы Паспалітай у Астрыне знаходзілася "негарадавое" каралеўскае стараства. Вядома, што ў 1771 годзе каралеўскім намеснікам (старастам) быў забіяка-дуэлянт і авантурыст Андрэй Зянковіч, які, між іншым, выконваў абавязкі інсцігатара (зараз бы сказалі генеральнага пракурора) Вялікага Княства Літоўскага.

АХРЫМАЎЦЫ
Вёска ў Скідальскім с.с. Гродзенскага раёна.
Назва ад імя "Яфрэм", па старабеларуску - "Ахрым". Упершыню ўзгадваецца ў 1559 годзе. Гэта была каралеўская (казённая) вёска Гродзенскай эканоміі Скідальскай воласці каля ракі Скідалянкі. У 1559 годзе ў вёсцы налічвалася 11 двароў і жылі наступныя асобы: Шчасны Валянціч, Мікалай і Пётр Станючыцы, Мікалай Бабрыковіч з дзецьмі, Міхал Бабрыковіч з дзецьмі, Ждан Панасовіч і Мацей Ільковіч, Шанц Дробышовіч, Стах Печукевіч і Пётр Крэчывец, Пётр Соўка і Багдан Ярылавіч - асочнікі, Стах і Міклаш Яцэвічы, Янка Яцэвіч з дзецьмі. Вёска плаціла ў каралеўскую казну 560 літоўскіх грошаў штогод за зямлю, 120 літоўскіх грошаў за рыбалоўства (невады), 31 грош за авёс.

БАБІНА
Вёска ў Парэцкім с.с. Гродзенскага раёна.
Назва паходзіць ад паняцця "вёска ўдавы, якая ня мела дзяцей". Адлюстравана на мапах Гродзенскага ўезда 1798 і 1823 гадоў.

БАБРОЎНІКІ
Вёска ў Індурскім с.с. Гродзенскага раёна.
Назва вёскі паходзіць ад старажытнай прафесіі. "Баброўнікі - гэта вялікакняскія асаднікі, якія былі абавязаны гадаваць і адлаўліваць баброў". У Вялікім Княстве Літоўскім часцей за ўсё гэта былі прышлыя з Мазур сяляне. Магчыма менавіта гэтая вёска ўзгадваецца ў прывілеі Вітаўта баярам Троцкага павету ад 1398 года.

БАБРОЎНЯ
Вёска ў Скідальскім с.с. Гродзенскага раёна.
Назва азначае месца, дзе былі "бабровыя гоны", г.зн. мясціны, дзе сяліліся бабры. Такія месцы ахоўваліся згодна з Статутам Літоўскім вельмі жорстка. Вёска ёсць на мапе Гродзенскага ўезда 1798 года.

БАБРЫ
Вёска ў Воўпаўскім с.с. Ваўкавыскага раёна.
Як вышэй ужо гаварылася - месца, дзе былі "бабровыя гоны". Ёсць на мапе Гродзенскага ўезда 1798 года.

БАГАТЫРЭВІЧЫ
Глядавіцкі с.с. Мастоўскага раёна.
Назва славянская (глядзі ніжэй). Упершыню ўзгадваецца ў 1651 годзе. Мясціна звязана з жыццём і творчасцю Э.Ажэшкі.

БАГАТЭРЫ
Вёска ў Галынкаўскім с.с. Гродзенскага раёна.
Назва дзвюх вёсак. Паходжанне назвы тлумачыцца наступным чынам: "Багатэры - вёска, якую ў часы Вялікага Княства Літоўскага князь дараваў заслужаным у бітве баярам ці ратнікам". Параўнайце назву вёсак: Рацічы, Баяры і г.д. Баяры і Рацічы - вольныя сяляне, якія служылі ў часы ВКЛ у войску. Існуюць Багатэры Польныя і Багатэры Лясныя. Польныя Багатэры - каралеўская вёска Ліпскага ключа Гродзенскай эканоміі, вядома з 1559 года. У ХІХ ст. вёска ўваходзіла ў воласць Лабна Аўгустоўскага ўезда. У 1827 годзе ў вёсцы налічвалася 36 дамоў і 132 жыхары. У 1880 годзе - 51 дом і 334 жыхары. Багатэры Лясныя вядомыя з 1551 года, як каралеўская асочніцкая вёска, жыхары якой абслугоўвалі Пярстунскую каралеўскую пушчу. У ХІХ ст. гэта была вёска Аўгустоўскага ўезда, воласць Кур'янка, парафія Тэалін. У 1827 годзе ў Багатэрах Лясных налічвалася 40 дамоў і 230 жыхароў, а ў 1880 годзе - 53 дамы і 330 жыхароў.

БАГДЗЮКІ
Вёска ў Малабераставіцкім с.с. Бераставіцкага р-на.
Назва ад старабеларускай мянушкі - "Багдзюк", якая, у сваю чаргу, паходзіць ад імя Багдан. Вёска існуе на мапе Гродзенскага ўезда 1798 года. Хутчэй за ўсё ў ХVІ - ХУІІІ стст. гэта шляхецкая ваколіца.

БАГУДЗЕНКА
Вёска ў Скідальскім с.с.Гродзенскага раёна.
Вельмі распаўсюджаная назва ў межах Рэчы Паспалітай. Пасля нейкага вельмі значнага здарэння ў сваім жыцці, пан фундаваў новую вёску і пасяляў там сялян, якіх на некаторы час вызваляў ад падаткаў. Пазначана на мапе Гродзенскага ўезда 1798 года. Па некаторых звестках у палове ХІХ ст. - шляхецкая ваколіца.

БАГУШОЎКА
Вёска ў Гожскім с.с. Гродзенскага раёна.
Назва ад імя "Багуслаў" ці скарочана - Богуш. Узгадваецца ў 1612 годзе, як "Сольцы", а сваю новую назву хутчэй за ўсё атрымала ў 1649 годзе, калі перайшла да князя Багуслава Радзівіла, усім вядомага па Сянкевічскім "Патопе".

БАКУНЫ
Вёска ў Каробчыцкім с.с. Гродзенскага раёна.
Назва магчыма балцкая. У дакументах узгадваецца ў 1558 годдзе. У той час называпася "Бокунова". Гэта была вёска гродзенскай каралеўскай эканоміі (казённая). У 1560 годзе ў ёй налічвалася 16 дамоў, у якіх жылі наступныя асобы: Лук'ян Малевіч, Санюта Санцэвіч і Манько Пятровіч, Андрэй Янковіч і Марцін Малькевіч, Сідар, Якім і Пракоп Бакуновічы, Олюхта Бакуновіч з дзецьмі, Хведар Заяц з дзецьмі, Анісім і Пётр Бакуновічы-Барысовічы з дзецьмі, Мікіта Петрус і Хведзька Хвалевічы, Сямён Бакуновіч з дзецьмі, Максім Грынцэвіч, Астап Раманцэвіч, Місюк Басовіч з дзецьмі, Ёнэль і Мікель Печкевічы, Януш Міклашэвіч з дзецьмі, Марцін Міклашэвіч. У 1558 годзе ў вёсцы было 40 валоў і 22 каня. У ХVІІІ ст. у Бакунах мясцілася стараства Гродзенскай эканоміі. У 1827 годзе ў вёсцы налічвалася 19 дамоў і 110 жыхароў, а ў 1880 годзе - 20 дамоў і 172 жыхары.

БАКШТЫ
Вёска ў Бакштаўскім с.с. Шчучынскага раёна.
Назва балцкага паходжання. Упершыню ўзгадваецца ў 1559 годзе як "агародніцкае сяло" Навадворскай воласці, што азначае, што вёска была каралеўскай.

БАЛІНЕНТЫ
Вёска ў Сапоцкінскім с.с. Гродзенскага раёна.
Назва балцкага паходжання. Упершыню ўзгадваецца ў 1549 годзе, як "асочніцкая вёска". Жыхары былі вольнымі сялянамі, якія выконвалі функцыю егераў у Перстунскай і Пераломскай пушчах. Перад вайной у Віленскім гістарычным архіве захоўвалася старажытная (1551 год) мапа гэтай вёскі і ваколіц.

БАЛІЧЫ
Вёска ў Індурскім с.с. Гродзенскага раёна.
Назва хутчэй за ўсё балцкага паходжання. Упершыню ўзгадваецца ў 1558 годзе. Гэта была каралеўская вёска Гродзенскай эканоміі ў Квасоўскай воласці. Вёска ў даліне ракі Свіслач, у даўнейшыя часы знаходзілася ў вельмі забалочанай мясцовасці. У ХVI ст. у вёсцы жылі: Андрэй Стасевіч і Бучка Івановіч - мельнікі, Мішка Радзівановіч з дзецьмі, Капыл і Алешка Паўловічы, Хведзька і Хвалей Іевічы - рабілі паташ для гарадзенскага замку,Сцяпан Кузьміч і Дзеска Мікіта і Мордос Хадаровіч з дзецьмі,Хмельнік Ёўцаў і Марцін Хадаровіч - таксама выраблялі паташ для замку, Куц і Хома Серховічы, Тарас Гаўрыловіч і Ханка Серховіч. У той час вёска мела 29 валоў, 15 коней.

БАЛЯ
- назва некалькіх вёсак і маленькай рэчкі каля Гродна. Назва фіна-угорская ці балцкая, паходзіць ад назвы рэчкі, якая зараз называецца "Зарачанская рэчка", прыток Нёмана.

БАЛЯ КАСЦЕЛЬНАЯ
(зараз вёска ЗАРАЧАНКА), у Лойкаўскім с.с. Гродзенскага раёна.
Упершыню ўзгадваецца ў 1559 годзе як вёска, якая належыла да Гродзенскай плебаніі. У 1880 годзе ў вёсцы налічваўся 41 дом і 284 жыхары. Што цікава - да паловы ХІХ ст. жыхары - уніяты Аўгустоўскага дэканату.

БАЛЯ САЛЁНАЯ
Вёска ў Баранавіцкім с.с. Гродзенскага раёна.
У 1558 годзе - каралеўскі двор, аддадзены ў заставу (арэнду) беларускаму магнату Валовічу. У 1880 годзе - вёска і фальварак Аўгустоўскага павету Лабенскай гміны.

БАЛЯ СУХАЯ
(зараз не існуе) вёска ў Баранавіцкім сельскім Савеце Гродзенскага раёна. Упершыню ўзгадваецца ў "Валочнай памеры" у 1559 годзе. Таксама ўзгадваецца ў 1656 годзе як іезуіцкая вёска. У канцы ХVIII - ХІХ ст.ст. належыла Валовічам.

БАНДАРЫ
Вёска ў Скідальскім с.с. Гродзенскага раёна.
Назва гаворыць сама за сябе - жыхары рабілі бочкі. Адлюстравана на мапе Маркевіча 1781 года.

Ігар ТРУСАЎ, гісторык

Реклама: