№ 320 от 25.03.2004 | |
Дзень Вол_ Шанец беларусаў - 25 сакавікаМы вiншуем гродзенцаў з гэтым вясновым днём. Жадаем сонца, радасцi, кахання i няўмiручай прагi да Волi.
Сёння, 25 сакавiка, адметны дзень у нашай гiсторыi – 86 гадоў таму была абвешчана Беларуская Народная Рэспублiка (БНР). Беларускiя палiтыкi тады зразумелi, што толькi ўласная сувярэнная дзяржава можа забяспечыць годнае i шчаслiвае жыццё свайму народу. Беларусь далучылася да супольнасцi вольных еўрапейскiх нацый, але стаць роўным i годным сябрам гэтай супольнасцi мы не здолелi, бо не адстаялi права на Волю.
Некалькi гадоў таму «БI» у сваiм традыцыйным тэлефонным апытаннi цiкавiлася ў гродзенцаў – цi адзначаюць яны свята 25 сакавiка?
Адказы нас тады больш чым уразiлi: абсалютная большасць рэспандэнтаў адказалi, што не толькi ведаюць гэта свята, але i ўвечары сядаюць за стол усёй сям’ёй i адзначаюць яго. I гэта нягледзячы на тое, што афiцыйныя беларускiя ўлады не прызнаюць Дня Волi i вельмi агрэсiўна ўспрымаюць нават узгадваннi пра яго. У першыя гады свайго кiравання Лукашэнка публiчна заявiў, што глядзеў архiўныя дакументы, звязаныя з гэтай датай, i нiчога там не пабачыў. Маўляў, не было нiякай БНР. Дэманстрацыi, прысвечаныя 25 сакавiка, дубiнкамi разганялiся ў Мiнску.
1918 год. Яшчэ працягвалася вайна, i частка Беларусi была пад германскай акупацыяй. Напачатку сакавiка бальшавiкi дзеля захавання ўлады аддалi Германii 2/3 нашай зямлi. Уплывовыя польскiя палiтычныя партыi разглядалi нашу тэрыторыю як «kresy wschodnie». Дзеячы лiтоўскага руху марылi пра далучэнне да ўласнай Лiтвы земляў, населеных беларусамi-каталiкамi. Украiнскiя палiтыкi прад’яўлялi прэтэнзii на Палессе. У самой Беларусi значная частка насельнiцтва, якая паверыла бальшавiцкай прапагандзе, звязвала будучыню толькi з савецкай Расiяй. Тады, у 1918 годзе, Беларусь так i не зведала татальнага змагання за сваю незалежнасць, як гэта было ў палякаў i лiтоўцаў. Аб чым думалi тады нашы людзi, чаму iм так i не ўдалося стаць сапраўднай суверэннай нацыяй? Думаю, што гэта пытанне цiкавiць сёння не толькi гiсторыкаў, але i шмат каго з грамадзян нашай краiны.
Мне здаецца, што адказ на яго шмат у чым падказвае нават наша сённяшняе жыццё. Колькi беларусаў зараз ведаюць сваю гiсторыю i гавораць на роднай мове? Адзiнкi, шаноўныя грамадзяне, адзiнкi. Поспех нашых суседзяў мiж iншым тлумачыцца тым, што падмуркам iх дзяржаўнасцi з’яўлялiся дзесяцiгоддзi асветнiцкай i адукацыйнай працы на роднай мове, актыўная культурстваральная дзейнасць. А вось беларусы ў той час так i не здолелi стварыць уласнай нацыянальнай школы, у якой з дзяцiнства магла б выхоўвацца нацыянальная самасвядомасць наперакор дзяржаўнай iдэалогii. Пазней, у савецкiя часы, беларускую мову звялi да насмешак, а пачатак гiсторыi Беларусi бальшавiкi лiчылi ад 1917 года. Дарэчы, над мовай i культурай здзеквалiся i самi беларусы – гэта яшчэ ў памяцi нават сярэдняга пакалення. Зараз у нашым горадзе не iснуе нiводнай, падкрэслiваю, нiводнай беларускай школы. Такая сiтуацыя ва ўсiх гарадах Беларусi.
Ужо падчас незалежнай Рэспублiкi Беларусь, напачатку 90-х гадоў, узгадваецца выпадак, калi адзiн з бацькоў у Гродне праз суд дамагаўся, каб яго дачка магла атрымлiваць адукацыю на роднай мове – гэта права запiсана ў нашай Канстытуцыi. Але яму адмовiлi. I гэта зрабiў беларускi суд, а не па ўказцы з Масквы.
Калi аналiзуеш гiстарычны лёс нашай краiны ў ХХ ст., непазбежна прыходзiш да думкi, што абарона ўласнай незалежнасцi ў 1918 г. магла пазбавiць беларускую зямлю ад многiх бедаў.
Не думаю, што сённяшняя беларуская ўлада не разумее таго, што робiць у краiне. За дзесяць гадоў панавання А.Лукашэнкi i яго «вертыкалi» значная частка беларусаў сталi амаль жабракамi, большасць з нас лiчаць грошы, каб дажыць да зарплаты, шмат хто – наогул не маюць працы, некаторыя сталi людзьмi без пастаяннага месца жыхарства i начуюць у каналiзацыйных люках.
Дастаткова толькi зазiрнуць у апошнiя дзесяць гадоў, каб зразумець цяперашнi стан краiны. Вось яна – наша найноўшая гiсторыя.
Усё пачыналася ў 1994 годзе: з’вiлiся «белыя плямы» ў газетах – забарона на друк даклада дэпутата Антончыка аб карупцыi ў найблiжэйшым атачэннi Лукашэнкi. Затым замена наблiжаных на iншых: галоўным крытэрыям кадравай палiтыкi стала падвышэнне па службе людзей, асабiста адданых i паслухмяных.
Ноч з 12 на 13 красавiка 1995 года – разагнаны Вярхоўны Савет. Беларусы дагэтуль не пабачылi той стужкi, якую абяцаў паказаць iм Лукашэнка. Рэферэндум 14 траўня 1995 года – беларусы пазбаўляюцца сваёй нацыянальнай сiмволiкi, руская мова набывае роўны статус з беларускай, пасля чаго апошняя знiкае з дзяржаўных устаноў, школаў, дзiцячых садкоў..., прэзiдэнт атрымлiвае права распускаць Вярхоўны Савет, калi парламент парушыць канстытуцыю, узмацняецца iнтэграцыя з Расiяй з патэнцыйнай мэтай – патрапiць у Крэмль. 1996 год – ва ўмовах нарастаючага гаспадарчага крызiсу, iзаляцыi ў свеце i перспектывы iмпiчмента Лукашэнка яшчэ раз «параiўся з народам» на чарговым рэферэндуме: нацыянальнае свята 27 лiпеня (дзень абвяшчэння суверэнiтэту ў 1990 годзе) заменена на 3 лiпеня (дзень вызвалення Мiнска Чырвонай Армiяй у 1944 годзе).
Пазней было больш: бясследна знiклi вядомыя палiтыкi – Юры Захаранка, Вiктар Ганчар, Анатоль Красоўскi, журналiст Дзмiтры Завадскi... Гэты спiс можна доўжыць, але ён дастаткова свежы ў нашай памяцi.
Кожны наступны год становiцца больш насычаным на падзеi, у якiх галоўным i адзiным героем на беларускай палiтычнай сцэне застаецца толькi адзiн чалавек – Аляксандр Лукашэнка, нават творца гiсторыi – народ, застаецца ў баку. А ў вынiку тое, што Беларусь мае сёння: аўтарытарная сiстэма кiравання, заняпаўшая эканомiка, стратныя калгасы, «прыватызаваная» свабода слова, карупцыя ў блiжэйшым атачэннi, платная медыцына i адукацыя, страчаныя iльготы для пенсiянераў, чарнобыльцаў i iншых катэгорый людзей, забiўшаяся ў куток нацыянальная культура i мова, i, урэшце – адвярнуўшыся свет.
У 2006 годзе паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкi сканчаюцца.
Перад беларусамi ўжо зусiм хутка адкрываецца чарговы гiстарычны шанец абраць свой шлях. Толькi цi здолеем мы выкарыстаць яго? Iншага шляху ў нас папросту няма, паколькi страта дзяржаўнасцi застанецца непазбежнай. Людзi павiнны зразумець, што толькi ўласная сувярэнная дзяржава можа забяспечыць годнае i шчаслiвае жыццё свайму народу. Як зразумелi гэта беларускiя палiтыкi 86 гадоў таму. Яны зрабiлi тады многае, аднак, не ўсё.
М_ха_л Карнев_ч |
|