№ 320 от 25.03.2004 | |
Адкрый свой твар, краiна! Мека Беларусі«Настаў час i гонар зведаць!» – патрабавалi палкаводцы, князi i беларусы-творцы, запёртыя ў каморках Айчыны.
Гэта ж трэба было паехаць у Старыя Дарогi, каб зразумець, чаму мы не тое што не любiлi, а не ўспрымалi гiсторыю Беларусi. I калi на мяне ў музеi Анатоля Белага з усiх бакоў узнялi вочы адначасова сотнi твараў нашых суайчыннiкаў, я быў ашаломлены сваiм невуцтвам. Але Анатоль паклаў руку на плячо i суцешыў: « I я да пары не ведаў, што яны iснавал1, пакуль не пазнаёмiўся з гiсторыяй – каранём, з якога вырастаюць адначасова i чалавек, i Айчына».
Нарадзiлася i пытанне: што ў такiм выпадку рабiлi гiстарычныя кафедры i цэлыя iнстытуты ўвесь гэты час? Зразумець дапамог усе той жа Анатоль Белы: тры разы яго «пракiдвалi» на абароне кандыдацкай дысертацыi. Белы адстойваў i даказваў думку, што без праўдзiвай гiстарычнай памяцi не бывае iснага патрыятызму. I што яшчэ больш цiкава, званне доктара навук ён атрымаў у Кембрыджскiм унiверсiтэце.
Калi ўпершыню i першым з Беларусi павёз выставу «Францыск Скарына i яго час» са свайго мастацкага фонду ў ЗША, беларусы Амерыкi плакалi. А нябожчыца Арсеньева, тая самая знакамiтая паэтка, нiяк не магла супакоiцца, уткнуўшыся ў ягонае плячо. Па яе твары цяклi слёзы i словы: «Жыве, Беларусь, жыве...».
Дарога пазнання Айчыны праз Старыя Дарогi
Больш разумна i жыватворна было б, калi б гэтая дарога ляжала праз Мiнск. Але Белы вывез са сталiцы 10 аўтобусаў з экспанатамi сваёй мастацкай калекцыi, паслабiўшы такiм чынам яе гiстарычную магутнасць на 1200 чалавек, якiя вызначалi у свой час твар дзяржавы. Неаднаразовыя звяртаннi да гарадскiх уладаў аб набыццi пакояў пад музей разбiвалiся аб iнертнасць мiнскiх чыноўнiкаў. Гэтага патрабавалi князi, свяшчэннiкi, палкаводцы, якiя душылiся на антрэсолях i ў каморках. Яны прасiлi змiлавiцца i пыталiся: «Можа, i нам настаў час зведаць гонар?».
Але i бацькоўская хатка здалася маленькай для ўсяго прывезенага. Так беларусы ў бронзе, карцiнах, медальёнах, на злосць беларусам жывым, якiм бронза не свецiць, прымусiлi яго рабiць прыбудовы. У вынiку з’явiлася шыльда: «Музей мастацтваў. З фондау Анатоля Белага». I сёння тут знайшлi прытулак больш 2 тысяч твораў мастацтва графiкi, скульптуры, жывапiсу, керамiкi. На ўсiх – твары, твары беларусаў, якiя адухаўлялi гiсторыю Айчыны.
А пачыналася ўсе са звычайнага кнiгазбору, чым, уласна кажучы, захаплялiся ўсе выпускнiкi навучальных устаноў таго часу. Але Беламу гэтага было недастаткова, веданне мастацтва падштурхоўвала да калекцыянiравання твораў. Спачатку ён захапiўся медальёнамi, цяпер у яго 600 твораў медальёрнага мастацтва. Гэта падштурхнула да графiкi, яна, ў сваю чаргу – да жывапiсу. Калекцыянеры ведаюць, што гэта за спакуса. Купляецца, прадаецца, абменьваецца – i ўсё нечага не дастае. Да таго ж, Анатоль Яфiмавiч быў сваiм для многiх мастакоў, яму дарылi карцiны. Ён шмат пiсаў як журналiст, дапамагаў рабiць выставы i лiчыўся адным з лепшых знаўцаў беларускага мастацтва.
Яму пашчасцiла зрабiць надзвычай шмат за 40 гадоў збiральнiцтва. Можа таму, што ён пiлот па сваёй сутнасцi, якi iмчыць па экстрэмальных маршрутах. А лётчыкам ён быў, скончыў лётнае вучылiшча i такi пiлатаж – у нейкай ступенi норма жыцця. Камэск сказау: «Ты будзеш лятаць, сынок, але не на самалётах». I Белы вырашыў змянiць афiцэрскую шпагу на кнiгу. I яшчэ ў яго фантастычны зрок. Гаворачы пра гэта, маю на ўвазе i бачанне, якое дазваляе ўспрымаць любую з’яву глыбей. Унiкальная асоба.
Пантэон занядбаных
Тое, што ёсць у яго мастацкай калекцыi, апынулася не толькi па волi калекцыянера, а як бы ў пакаранне за шчырыя намеры добразычлiвага беларуса. Ужо з’яўляючыся старшынёй клуба «Спадчына», Белы пранiкнуўся думкай, што гiстарычная праўда павiнна ўзяць верх у тым сэнсе, што кожны раён краiны ў рэшце рэшт ушануе сваiх знакамiтых землякоў.
У свой час у Зэльве дазволiлi ўсталяваць помнiк Ларысе Генiюш. Якая муха ўкусiла затым pаённых «вертыкальшчыкаў» – невядома, аднак Белы атрымаў адказ. Што было рабiць ужо з адлiтай у метале паэткай? I тады ён вырашыў устанaвiць помнiк акурат перад вокнамi дома-музея ў Старых Дарогах. I адкрыў, урачыста i прынародна. Генiюш ажыла, убачыла свет i паклала пачатак жыццю пантэону адвергнутых беларусаў. Да яе затым прымкнулi нiкому непатрэбныя Адам i Максiм Багдановiчы (адзiнае месца, дзе стаяць помнiкi бацьку i сыну), гiсторык Улашчык. Апошняга таксама не ўспрыняло начальства Дзяржынска.
Ну а пра тое, што Ляхавiчы паставяць помнiк Анатолю Бярозку, Белы нават i не марыць. У беларускiх чыноўнiкаў генетычны страх перад словамi «эмiгрант», «дысiдэнт», «палiтзняволены» i iншымi з гэтага сiнанiмiчнага падбору. А Бярозка – арыгiнальны паэт, рэдагаваў часопiс «Калоссе». У яго пачаў друкавацца Максiм Танк. Да таго ж, ён адмысловы ўрач, якi жыве цяпер у ЗША. Амерыканцы пры жыццi аддалi яму па заслугах, назваўшы буйны шпiталь яго iмем. А беларусы?
Чакаюць свойго прызначэння i два вялiзныя камянi-валуны, пасаджаныя назаўсёды ў агародчыку радзiмай хаты. На iх не будзе скульптур i бюстаў, адзiн расквецiцца прозвiшчамi 100 беларусаў-змагароў за родную мову. На другiм камянi – 100 iмён гiсторыкаў i публiцыстаў, якiя вярталi нам гiстарычную памяць. Камень Мовы i Камень Гiсторыi – яны, па меркаванню Анатоля Яфiмав1ча, дзве высновы, на якiх трымаецца самасвядомасць любой нацыi. I стаяць яны побач з адвергнутымi скульптурамi на фоне вялiзных лiтар на сцяне хаты ў выглядзе павучання-прароцтва: «Не пакiдайце ж мовы нашай беларускай, каб не умерлi! Наша мова для нас сьвятая, бо яна нам ад Бога даная» (Францiшак Багушэвiч).
Гэтая Мека беларускасцi далася Беламу надзвычай дарагой цаной, каб не выкарыстоўваць па максiмуму музейныя плошчы. Але як чалавек творчы, Анатоль Яфiмавiч пайшоў яшчэ далей, выкарыстоўваючы плошчу знешнiх сценаў хаткi. Ён задумаў стварыць Сцяну Памяцi па аналогii са Сцяной Плачу ў Iерусалiме. Але ад «плакучай» назвы катэгарычна адмовiўся, маўляў, што мы не аплакваем, а памятаем тых, каго недастаткова памятаем.
На гэтай Сцяне даўжынёй у 25 метраў будуць барэльефы тых беларусаў, якiя не ўвекавечаныя спаўна нi дзяржавай, нi дзеячамi мастацтва. Ужо ёсць Сапега i Ефрасiння Полацкая. Яны выкананы шляхам разьбы па метале. Да iх прымкнуць Калiноўскi, Kасцюшка, князь Канстанцiн Астрожскi i першы рэдактар газеты «Наша нiва» Аляксандр Уласаў. Напэўна, гаворыць Белы, гэта не самы выразны мастацкi варыянт, але тыя, хто ўбачылi i сталi вiдушчымi, зpoбяць лепей.
Тварастварэнне радаводу
Анатоль Яфiмавiч прайшой шлях гiстарычнага невуцтва як i многiя з нас. Пакуль на гарызонце не пачала праяўляцца постаць Мiколы Ермаловiча. Белы неяк сказау яму: «А ведаеш, Гедымiн – князь лiтоўскi, усё ж паходзiў з Полацка. Давай зробiм па тваiх распрацоўках радавод князеў». «Рабi», – адказау Ермаловiч. У хуткiм часе да iдэi былi далучаны мастакi, а таксама з’явiлiся ўзятыя ў Варшаўскiм замку копii малюнкаў захаваўшыхся князёў. Калi iх ажывiлi на палотнах, Белы прынёс радавод Ермаловiчу. Той усхвалiў зробленае, але сказаў: «Ты хоць ведаеш, што цябе будуць лупiць бязлiтасна?». Па першых малюнках былi зроблены слайды i плакат князеў полацкiх i вялiкiх беларускiх (лiтоўскiх). 20 тысяч экземпляраў плаката прывялi, напэўна, у шок атрады гiсторыкаў. Замест бiцця – iгнараванне поўнае. I толькi калi ўладыка Фiларэт апублiкаваў радавод у сваёй кнiзе «Прападобная Ефрасiння Полацкая» i тым самым пацвердзiў iдэю, што Гедэмiны бяруць пачатак з Полацка, у навуковым асяроддзi пачалося браджэнне. Больш таго, ужо абiтурыенты пачал1 здаваць уступныя экзамены па радаводу Белага. А Ермаловiч, абняўшы Анатоля Яфiмав1iа, сказау: «Мы перамаглi!».
Князеў маляваў мастак Анатоль Крывенка. У яго было няпростае заданне, таму што да ХVIII стагоддзя не было нiводнай выявы князя. Хiба што Ягайла. Таму вобразы самых першых грунтавалiся на маленькiх крупiнках, лiтаральна, словах гiстарычных летапiсау. Напрыклад, у Iзяслава быў вялiкi гуз на iлбе, многiя валодалi неймавернай фiзiчнай сiлай. Белы гаворыць: «Няхай зробяць лепш, я не супраць гiстарычнай праўды.
Унiверсiтэцкi дворык
Калi у гэтым мiлым сэрцу скверыку з’явiлiся скульптуры, БДУ пасталеў на стагоддзе. I як бы аўтаматычна ўзвысiўся да старэйшых унiверсiтэтаў Еўропы.
Белы ведаў, што Адашкевiч зрабiў помнiк Скарыне. Закiнутага асветнiка нiхто не браў i скульптар за сiмвалiчную плату аддаў яго Беламу. Той перавёў яго у медзь i адлiты Скарына суцiшыўся у Доме лiтаратара, убiраючы ў сябе творчыя дыскусii беларускiх лiтаратараў, якiя ператваралiся ў пыл, якi на iм i асядаў. Побач прымасцiўся i помнiк Гусоўскаму, работы гарадзенца Панцялеева (гэта быў яго дыпломны праект у майстэрнi Анiкейчыка). Белы i Гусоўскага перавёў у медзь. Так яны i стаялi сiротамi. I Белы не вытрымаў, звярнуўся да былога прарэктара Брыгадзiна: маўляў, што ж гэта мы, такiя-сякiя жывём, не ведаючы свойго мiнулага? Пайшлi да рэктара, ужо таксама былога, Казулiна. А таму iдэя спадабалася, адразу i вырашылi: ставiм! Так ва ўнiверсiтэцкiм скверыку з’явiлiся першыя вялiкiя беларусы. Такiм жа чынам хутка «прыйшла» сюды i Ефрасiння Полацкая. Сквер пачаў набываць рысы сiвой даўнiны. Анатоль Яфiмавiч, ведаючы па сабе стымулюючую сiлу калекцыянiравання, прaпанаваў рэктару: «А, можа, i Сапегу сюды «паклiчам?». Але Казулiн, ведаючы сутнасць сапегаўскага рэфарматарства i «вертыкальных» чыноўнiкаў, ухiлiўся ад канкрэтнага адказу.
А ў гэты час у Лондане ўстанавiлi побач адразу два помнiкi – Чэрчылю i Рузвельту. I кожны жадаючы мог пацiснуць рукi i сфатаграфавацца на лавачцы памiж iмi. Белы даведаўся аб гэтым i iдэю «лавачкi» перанёс ва ўнiверсiтэцкi гарадок, калi ставiлi помнiкi Сымону Буднаму i Васiлю Цяпiнскаму. Першым сфатаграфаваўся, як i трэба, рэктар, а за iм...
Затым асцярожненька выйшлi i на Кiрыла Тураўскага. Скульптура ў свой час была падаравана ўладыку Фiларэту. Хутчэй за ўсё, яна будзе ўстаноўлена пры адкрыццi Духоўнай Акадэмii iмя вялiкага святога.
Дарэчы, ужo зроблены помнiк Iгнату Дамейку для геафака, але на ўстаноўку няма грошай. Разумеючы, што гэтаму не будзе канца, помнiк устанавiлi на радзiме Дамейкi у вёсцы Мядзведка Карэлiцкага раёна. Перададзены барэльеф Льва Сапегi юрфаку, але i там нiчога не зроблена. Журфаку прапанаваны помнiк Кастусю Калiноускаму, якi выпускаў першую нелегальную газету ў Беларусi «Мужыцкая праўда». Калi ўсё гэта ажыццявiцца, то такога дворыка не будзе нi ў адным унiверсiтэце свету!
I, безумоўна, не мог забыцца Анатоль Яфiмавiч пра Мiколу Ермаловiча. Помнiкi гэтаму выдатнаму чалавеку i гiсторыку Белы устанавiў у Маладзечне i Старых Дарогах. Тут жа побач стаяць i браты Луцкевiчы. А летам гэтага года намячаецца ўрачыстае адкрыцце помнiка Наталлi Арсеньевай...
Цяпер, спадзяюся, вы зразумелi, колькi можа адзiн чалавек i чаму яго жыццё, як рызыкоўны пiлатаж? I чаму менавiта ён узначальвае клуб «Спадчына»?
Аляксандр ХIЛIМОН.
P.S. I ўсё ж Белы ўстанавiў помнiк Ларысе Генiюш у Зэльве з бласлаўлення ўладыкi Фiларэта. Устанавiу каля Траецкай царквы восенню 2003 года. Хто паднiме руку на паэтку, якая нiбы на крылах ляцiць над беларускiмi даляглядамi, калi сам уладыка ахвяраваў на гэтыя мэты 200 тысяч рублёў? I ўсё ж зэльвенскiя ўлады выказвалi сваё незадавальненне. |
|