№ 320 от 25.03.2004 | |
Тэатр Тэатр – люстэрка свету«Якое з усiх мастацтваў валодае такiмi ж магутнымi сродкамi ўразiць душу i iграць ёю самаўладна...» – сцвярджаў Вiсарыён Бялiнскi. Сапраўды, зарадзiўшыся ў старажытнай Грэцыi i налiчваючы ў сваёй гiсторыi амаль тры тысячы год, тэатр ўвабраў ў сябе ўсе вiды мастацтва: лiтратуру, музыку, жывапiс i застаўся самым прыцягальным з iх, мастацтвам неабсяжных магчымасцяў адлюстравання жыцця чалавека. Але тэатр – гэта яшчэ з ява нацыянальная. «Каб стварыць нацыю трэба стврыць тэатр», – гаварыў Гётэ.
У беларусаў, як i ў другiх народаў, якiя доўгi час не мелi сваёй дзяржаўнасцi, станаўленне тэатра супадала са станаўленнем нацыi. Ў самой прыродзе беларуса закладзена здольнасць нешта абыграць, прадставiць, паказаць, якая каранямi сваiмi ўрастае ў мiфалогiю: абрадавыя гульнi i карагоды. У iх не было гледачоў – ўсе былi ўдзельнiкамi святаў. Звесткi аб дзейнасцi першых прафесiйных акцёраў – скамарохаў(цi блазнаў) датуецца XII ст i належаць Кiрылу Тураўскаму. Поспехам у дарослых i дзяцей карысталiся скамарохi з дрэсiраванымi мядзведзямi. Асаблiва ў гэтым майстэрстве вылучалася т.зв. «Смаргонская акадэмiя», дзе вучылi дрэсiроўцы мiшак.
Дзякуючы месцазнаходжанню Беларусi, ў ёй адбывалiся ўсе тыя працэсы, што i ў высокаразвiтых краiнах Заходня Еўропы. Выключную ролю ў станаўленнi беларускай сцэнiчнай культуры адыгралi батлейка i школьны тэатр. Апошнi быў прывезены манахамi -iезуiтамi ў XVI ст. як тэатр релiгiйна-мiстэральны. Iснавалi школьныя тэатры пры iезуiцкiх калегiюмах Гораднi, Полацку, Нясвiжы, Вiцебску, Пiнску i многiх iншых гарадах тагачаснай дзяржавы. Спектаклi iгралiся на польскай i лацiнскай мовах а iх асноўны змест павiнен быў быць абавязкова на бiблейскую тэму. Напiсаныя выкладчыкамi паэтыкi i рыторыкi, спектаклi iгралiся ў вучэбных мэтах. Але шкаляры-студэнты разбаўлялi свае пастаноўкi iнтэрмедыямi цi iнтэрлюдыямi на свецскую тэму, ў якiх дзеючыя асобы размаўлялi на беларускай мове. З цягам часу школьныя тэатры стваралiся i ў праваслаўных духоўных ўстановах.
Батлейкай спачатку займалiся таксама шкаляры-семiнарысты, студэнты духоўных школ. Але хутка расла яе папулярнасць сярод народа. Ў пачатку XVIII ст. батлейкай ужо займалiся местачковыя рамеснiкi а потым i сяляне. Рэпертуар пачынае ўзбагачацца камедыйнымi вiдовiшчамi на розныя свецкiя тэмы. Эвалюцыю тэатра адлюстравала яе архiтэктонiка: батлейка з аднапавярховай перарасла ў трохпавярховую, у якой было больш месца дзеючым асобам: першы паверх iграў ролю Пекла, другi – Зямлi i трэцi – Неба з адпаведнымi для кожнага з iх «жыхарамi».Змяняўся i рэпертуар : асаблiва плённа развiвалася камедыя. Батлейшчык на Беларусi быў чалавекам надзвычайным. Гэта быў i мастак i драматург i рэжысёр i акцер ў адной асобе. Батлейка здзiўляла i ўражлiвала гледачоў яшчэ ў XX ст. У той час iснавалi яшчэ дзве формы тэатра: кiрмашовы тэатр i народная драма, якiя разам з блазнамi, батлейкай i школьным тэатрам заклалi падмурак к будаўнiцтву новага прафесiйнага тэтра.
У XVIII ст. ў ВКЛ пашыраюцца i развiваюцца, так званыя, магнацкiя, цi прыгонныя, тэатры. Перш за ўсе гэта тэатры ў палацах Радзiвiлаў, Сапегаў, Агiнскiх i iншых магнатаў. Ў iх склад уваходзiлi высокапрафесiныя балетныя i оперныя трупы, былi пабудаваны шыкоўныя спецыяльныя памяшканнi. Магнацкiя тэатры насiлi асветнiцкi характар. Адчынялiся свае тэатральныя школы, дзе вядомыя тэатральныя майстры з Заходняй Еўропы на высокiм прафесiйным ўзроўнi рыхтавалi салiстаў оперы, балета, акцераў драмы, музыкаў.
У Слонiме, якi ў той час называлi «Палескiмi Афiнамi,» акрамя стацыянарнага будынку быў тэатр плавальны, вандруючы ад палаца па каналу Агiнскага i па р.Шчары некалькi дзён, ў iм спектаклi перамяжоўвалiся з пiкнiкамi ды «файрверкамi». Мiхал Казiмеж Агiнскi адчынiў «Дэпартамент балетных дзяцей». Раскоша i складаная машынэрыя Слонiмскага «Оперхаўза», якiх не ведалi многiя бўйнейшыя тэатры Заходняй Еўропы, рабiлi моцнае ўражанне на гледачоў.
У Гораднi у памяшканнi тэатра на плошчы Тызенгаўза ў той час выступалi вядомыя iтальянскiя спевакi Дж.Кампанучы, А.Давiа дэ Бернуцы, Катарына Банафiнi.Тэатр працаваў з 1778г. i быў злучаны з палацам Тызенгаўза праз краты пераход. Зала была сфармавана па «iтальянскай крывой», мела 22 ложы ў два ярусы i сцэну з пяццю планамi кулiсных машын для перамяшчэння дэкарацый. Балетная трупа лiчылася адной з лепшых ў Еўропе. Ставiлiся, мiж iншымi, «Сiвiльскi цырульнiк»П. Бамарше, «Магнiфiк»(Вялiкапышны) А.Грэтры.У будынку «Крывой Афiцыны» (пл.Тызенгаўза), ў тэатральнай школе навучалi дзяцей балетмайстары Г.Петынецi i К.Марэлi, Г.Ле Ду, навучалi музыцы i спевам Д. Пташынскi, С.Сiтанскi, Ф.Бiрон, С.Швед, К.Абатэ, тэнар Кучбаiнi i iнш. Сярод вучняў былi велмi знакамiтыя спевакi i драматычныя артысты.
Пра высокую прафесiную падрыхтоўку артыстаў магнацкiх тэатраў Беларусi сведчыць той факт, што цэлыя балетныя трупы i капэлы ўвайшлi ў склад сталiчных тэатраў i аркестраў. Танцоры Слонiма i Гродна склалi аснову каралеўскага балета ў Варшаве, танцораў Шклова, музыкантаў з Горы-Горак прадалi ў Дырэкцыю Санкт-Пецярбургскiх iмператарскiх тэатраў. Пасля трэцягя падзелу Рэчы Паспалiтай(1795г.) змянiўся «дзяржаўны дах» i ў першай палове XIX ст. разам са шматлiкiмi магнацкiмi i прыгоннымi тэатрамi актыўна развiвалiся разнастайныя прыватныя i гарадскiя паўпрафесiйныя тэатры. Спектаклi iшлi на польскай мове. З цягам часу, асаблiва пасля вядомага паўстання 1830-31г.г., пачалi пераважаць рускамоўныя трупы, зрэдку давалiся прадстаўленнi на украiнскай мове.
Надыйшоў час утварэння новай беларускай лiтаратуры, якi прыпаў на 40-е г. 19 ст.(Я.Баршчэўскi, Я.Чачот, В.Каратынскi, У.Сыракомля) i ў гэты ж час Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч вядзе мэтанакiраваную працу па стварэннi беларускага прафесiйнага тэтра. Яго гiсторыю адлiчвае спектакль «Сялянка», першы паказ якога адбыўся 9 лютага 1862 г.
Пасля расiйскiх рэформ 1860-76 г.г. значна павялiчылася колькасць прыватных антрэпрыз. Ў iх рэпертуары пераважалi забаўляльныя творы.
У XX ст з-за шматлiкiх гiстарычных падзей беларускаму прафесiйнаму тэатру прышлося прайсцi паскораны курс свайго творчага развiцця. Ў 1907 годзе стварыў свой уласны творчы гурт Iгнат Буйнiцкi. Як чалавек заможны (валодаў багатым фальваркам на Вiцебшчыне), гэты «бацька беларускага тэатра», меў магчымасць займацца любiмай тэатральнай справай.
У Першым беларускiм таварыстве драмы i камедыi, створаным у Мiнску ў 1917 годзе ставiлiся цiкавыя спектаклi паводле драматычных твораў Я.Купалы, К.Каганца, У.Галубка, К.Буйло, Ф.Аляхновiча i iнш.беларускiх аўтараў.
14 верасня 1920 года адбылося ўрачыстае адкрыцце Беларускага дзяржаўнага тэатра (з 1944 г.– тэатр iмя Янкi Купалы). У даваенны перыяд прыкметна пасталела беларуская драматургiя: Я.Купала, Я.Колас, У.Галубок, Е.Мiровiч, К.Крапiва, К.Чорны, М.Грамыка, Ц.Гартны, Р.Кобец i iнш. Але сталiнскiя рэпрэсii не спрыялi свабодным пошукам драматургаў i майстроў сцэны для праўдзiвага асэнсавання рэчаiснасцi. Сталi ахвярамi гэтых падзей, як i падзей другой сусветнай вайны, многiя дзеячы тэатральнага мастацтва. Першым крокам па-мастацку праўдзiва асэнсаваць гэту вайну i новай творчай перамогай Купалаўскага тэатра стаў спектакль «Радавыя» А.Дударава(1984г.).
Пасляваенны перыяд ў гiсторыi беларускага тэатра пазначаны адкрыццем абласных тэатраў, Рускага драматычнага тэатра iмя М.Горкага, Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыi, Беларускага рэспублiканскага тэатра юнага гледача, Рэспублiканскага тэатра беларускай драматургii, Мiнскага драматычнага тэатра «Дзе-Я?» i мн.iншыя. Для самых маленькiх прыхiльнiкаў тэатра адчынiлi свае дзверы абласныя i дзяржаўныя тэатры лялек. На сеняшнi дзень ў Беларусi працуе 28 тэатраў, 25 з якiх атрымоўваюць дзяржаўную датацыю. Для тэатра пiшуць: А.Дудараў, А.Дзялендзiк, Г.Марчук, Я.Шабан, А.Папова, С.Кавалёў, А.Курэйчык i многiя iншыя беларускiя драматургi.
Спектаклi па п есах вышэйназваных драматургаў ставяць многiя тэатры рэспублiкi. Гродзенскi драматычны тэатр не выключэнне. Ў яго рэпертуары: «Чорная панна» Аляксея Дударава (рэж. В. Мазынскi) «Навука кахання» С.Кавалёва (рэж.А.Жугжда), Пемонцкi звер» (рэж. А. Жугжда), В.Рудава «Камедыя пра нешчаслiвага селянiна, яго жонку Маланку, жыда Давiда i Чорта, якi згубiў сэнс iснавання»(рэж.Г.Мушперт).
Многiя беларускiя драматургi пiшуць сення пра гiстарычную даўнiну. Сучасныя беларускiя рэжысеры звяртаюцца да класiкi. Але не тыя i не другiя не забываюць, што галоўнае ў iх творчасцi – гэта сугучнасць з часам. Таму ў рэпертуарных афiшах тэатраў нiколi не зменьшыцца спектакляў сучаснага гучання. Некалi выдатны англiйскi драматург параўнаў тэатр з люстэркам, ў якiм можна ўбачыць ўвесь свет.
Прыходзьце ў тэатр i знайдзiце ў iм адлюстраванне...
С.Пятроўская.
|
|