№ 321 от 01.04.2004  

Культура

N.R.M.: «Мы выжылі таму, што фанатычна займаліся гэтай справай»

<<risГурт N.R.M. – адзiн з самых вядомых рок-калектываў Беларусi. Рок у iх выкананнi гучыць выключна па-беларуску. Сёлета яны выступалi ў Гродне напярэдаднi 25 сакавiка. У наш горад N.R.M. прыбыў пасля канцэртаў у Варшаве i Беластоку. Дарэчы, у Гродне iх канцэрты заўсёды адбываюцца пры запоўненых залах, нягледзячы нават на адсутнасць рэкламы. Так здарылася i гэтым разам. А напярэдаднi канцэрту з музыкантамi гутарыў карэспандэнт «БI».

– Ваш канцэрт адбываецца якраз напярэдаднi «Дня Волi» i, думаецца, што гэта не выпадковасць...

– Лявон Вольскi: Наш тур планаваўся спецыяльна на гэтыя днi i, безумоўна, прымеркаваны да свята Дня Волi. Але асноўная ўсё ж прычына гастроляў – наша апошняя складанка – «Справаздача», у якую ўваходзяць вядомыя песнi N.R.M. за апошнiя 10 год.

– Пiт Паўлаў: Мы вельмi рады, што нам увогуле дазволiлi спяваць у гэтыя днi. Раней не раз планавалiся канцэрты на «Дзень Волi», але ўлады нiколi не iшлi нам насустрач.

– Лiтаральна на днях вы вярнулiся з Варшавы i Беластоку. Гродна – першы горад беларускай часткi гастроляў. Чаму менавiта наш горад?

- Л.В.: Шчыра сказаць: не ведаю. Хаця, Гродна, бяспрэчна, – знакавы горад для нашага гурта. У 1988 годзе мы тут удзельнiчалi ў фестывалi «Рок-Рок», дзе нас адразу заўважылi i палюбiлi гродзенцы. З гэтага горада ў гурта i пачалася галавакружыльная кар’ера. Ды i горад вельмi прыгожы. Цёткi прыгожа размаўляюць на трасянцы...

- Алезiс Дземядовiч (барабаны): З Варшавы было блiжэй ехаць. Ды i палiчыце, колькi на бензiне зэканомiлi (усе смяюцца).

– А чаму ў вашым рэпертуары няма песнi пра Гродна?

– П.П.: Калi будзе песня пра Гродна, то пакрыўдзяцца ў Брэсце. Давядзецца выпускаць некалькi альбомаў з песнямi пра Буда-Кашалёў цi завод «Дэльфiн» (зноў смяюцца).

– Вы сказалi, што нядаўна выйшла ваша складанка – «Справаздача». Гэта азначае, што ў Гродна вы прыехалi толькi з ужо вядомымi слухачам песнямi?

– Л.В. Мы ўжо абдумваем канцэпцыю новага альбому. А таксама працуем над стварэннем новага iмiджу.

– I калi чакаць новага iмiджу N.R.M.?

– Л.В. У хуткiм часе.

– Вядома, што на року вы ўжо зубы з’елi. Калi казаць пра ўзровень беларускага року ў кантэксце сучасных тэндэнцый еўрапейскага рок-руху, якое месца належыць нашым музыкантам?

– А. Д.: Уся праблема ў тым, што ў нашай краiне практычна адсутнiчае шоў-бiзнес, а значыцца не развiваюцца новыя накiрункi ў музыцы, не чуваць пра таленты, не з’яўляюцца свае шлягеры, вядомыя iмёны. А ў Еўропе рокам ужо практычна нiхто не займаецца.

– Л.В.: Гэта, дарэчы, нашая радасць i вялiкая бяда. З-за адсутнасцi ўмоў (грошай) для стварэння шоў-бiзнэса, мы захоўваем класiчны твар рок-музыкi. У нас не стае сродкаў на тое, каб зрабiць нешта новае, паколькi дзеля гэтага патрэбна i iншая аппаратура, i iнструменты, i шмат чаго iншага. Адзiнае, што цешыць – пасля амаль 20-цi год на сцэне, iграць мы не сталi горш.

– Сапраўды, на сцэне вы ўжо больш за 20 гадоў – якiя мiнусы цi плюсы бачацца вам ў сумеснай працы за такi доўгi перыяд?

– Л.В.: Мiнус – гэта адначасова тое, што мы за гэты час яшчэ не развалiлiся, але гэта ж i плюс. Бо ёсць вялiкi досвед у гэтай сферы. I ўсё ж на сваiх памылках не вучымся, бо iграем падчас вельмi пагана.

– Канкурэнцыя збоку маладых яшчэ не зорна вядомых рок-гуртоў ужо адчуваецца?

– А.Д.: Няма канкурэнцыi нiякай. Пакуль не ведаем каму можна было б перадаць эстафету.

– Л.В.: Беларускi рок са стану змагання i рэвалюцыi не змог нiяк перайсцi ў стан шоў-бiзнэсу, як, прынамсi, на Украiне. Таму рэвалюцыянеры, якiя ўжо сталi прафесiйнымi за 10 год iснавання, толькi сядзяць па сваiх кватэрах i запiсваюць рэдкiя альбомы. А ў тых хто iмкнецца ў шоў-бiзнэс...

– П.П. Як мы, напрыклад.

– Л.В. ...нiчога не атрымлiваецца.

– Што перашкаджае N.R.M. заняцца шоў-бiзнэсам?

– А. Д.: Краiна бедная, людзi не маюць грошай. Iнфраструктура разбурана, а для яе аднаўлення нiчога не робiцца. Таму людзi не заўсёды, калi захочуць, могуць прыйсцi на нашы канцэрты. У нас, мусiм прызнаць, асаблiвых праблем у творчым i ва ўласным жыццi няма. Але, што наша жыццё, калi людзям не да творчасцi музыкантаў.

– П.П.: Штогод у Гродне адбываецца наш канцэрт, i кожны раз людзi падыходзяць i кажуць: «Класна было б хадзiць на N.R.M. кожны месяц.» А праз месяц нiхто не прыязджае.

– Л.В.: Мы былi б вельмi рады, каб у нас было 200 каманд найвышэйшага гатунку i 10 грандаў. I, каб гэтыя гранды штомесяц ладзiлi ў Гродне канцэрты. Тады мы прыязджалi б на падрыхтаваную глебу. А так – усё стыхiйна.

– Вы казалi, што, пакуль, няма каму перадаць эстафету. Няўжо ўсё так сумна?

– Л.В.: Мне падабаецца каманда «Б.Н.», зацiкавiла музыка мiнскай каманды «Крок», таксама берасцейскай «Сцяны», «I.Q. – 48», нядрэнны гурт...

– П.П.: ...»Кароль i Шут» (смяюцца).

– Л.В.: Ёсць шмат вельмi добрых каманд. У кожным горадзе такiя ёсць. Але, на жаль, яны паiграюць два-тры гады i знiкаюць – няма перспектывы.

– Цiкава, як тады ўдалося застацца N.R.M.?

– Л.В.: Мы выжылi таму, што фанатычна займалiся гэтай справай, як iдыёты. У беларускiх умовах iнакш не выходзiць.

– I як наогул жывецца гэтым фанатам?

– А. Д.: Адразу хачу сказаць, што мы не распусты i не транжыры. У нас ёсць неабходны мiнiмум для жыцця на Беларусi, таму што хочацца жыць менавiта тут. Гэты «мiнiмум» увесь час крыху разрастаецца, бо патрэбна студыя, новы кампутар i iншая апаратура. А гэта каштуе i трэба на гэта зарабляць.

– Л.В.: У нас няма нiякага бамонду, няма свецкiх раўнтаў, куды можна было б прыйсцi i ўпасцi тварам у торт. Сярод бядноты гэтага не iснуе, усё значна прасцей.

– П.П.: Мiнскi бамонд выглядае прыкладна так: прыходзяць бандыты, якiя намi кiруюць, у начны клуб i глядзяць, як танцуюць разабраныя дзяўчаты.

– А вы як адпачываеце?

– П.П.: Я люблю ездзiць на Крывое возера. Ды, i ўвогуле мне падабаецца сiстэма Лепельскiх азёр. Таксама прыемна наведваць Беласточчыну.

– Л.В.: Я таксама даволi часта бываю на Лепельскiх азёрах. I раз на год адпачвываю на Чорным моры ў Крыму.

– Чытаць любiце?

– П.П.: Так, вельмi. Нядаўна пачаў чытаць турэцкага пiсьменнiка. Баюся памылiцца з прозвiшчам, таму не скажу. Дарэчы, ўпершыню чытаю турэцкую лiтаратуру. Вельмi цiкава.

– Л.В.: Вольнага часу катастрафiчна мала, але ўсёроўна iмкнуся выкраiць крыху часу, каб пачытаць. Апошняе чытаў «Кнiгу смеху i забыцця» Мiланы Кундэр.

– Пад якую музыку любiце адпачываць?

– Л.В.: Нi пад якую. Лепей пад крыкi кiтоў, цi пад што-небудзь яшчэ з натуры. А калi шчыра казаць, то не да адпачынку. Працаваць трэба. Не будзем працаваць – згiне не толькi рок, але i самае галоўнае – наша мова страцiць яшчэ адных абаронцаў.

Гутарыў Аляксандр ЗАЛЕЎСКI