№ 322 от 08.04.2004  

КГБ вярбуе маладафронтаўцаў

Старшыню Мастоўскай раённай арганiзацыi Маладога Фронту 25-гадовага Дзмiтрыя Кухлея спрабавалi завербаваць супрацоўнiкi КГБ.

Напачатку яго затрымалi ў Лiдзе на чыгуначным вакзале мiлiцыянты i адабралi частку незарэгiстраванага выдання «Права на волю». Пазней на гутарку хлопца запрасiлi супрацоўнiкi КГБ. Сустрэча адбывалася ў будынку раённай газеты. Цiкавiлiся палiтычнай арыентацыяй, распытвалi пра арганiзацыю Малады Фронт. А потым i запрапанавалi супрацоўнiцтва. Адзiн з супрацоўнiкаў КГБ нават зачытаў Дзiме вытрымкi з закона, у якiм гаварылася, што гэта ўсё законна i ён можа супрацоўнiчаць з iмi па асабiстаму жаданню i за гэта прадугледжаны грашовыя стымулы. Але хлопец наадрэз адмовiўся.

Нагадаю, што падчас выбараў у мясцовыя Саветы Дзiма Кухлей дапамагаў у выбарчай кампанii свайму сябру Алесю Зарэмбюку, якi i стаў дэпутатам раённага Савету. Дарэчы, Зарэмбюк ужо абвесцiў, што будзе балатавацца ў Палату прадстаўнiкоў. Дзмiтрый Кухлей лiчыць, што КГБ цiкавiць менавiта гэты бок дзейнасцi мастоўскiх маладафронтаўцаў.

М. МIКАЛАЙЧЫК