№ 323 от 15.04.2004 | |
«Народнай волі» пагражае новы судовы зыск «Народнай волi» пагражае судовы зыск, калi да 15 красавiка газета не аформiць дамовы з iнфармацыйным агенцтвам БелТА на распаўсюд праграмы беларускiх тэлеканалаў.
Пра гэта гаворыцца ў папераджальным лiсце, якi рэдакцыя газеты атрымала ад кiраўнiцтва БелТА. Як паведамляе прэс-служба БАЖ, «Народная воля» заявiла, што праграма тэле i радыёперадач не з`яўляецца аб`ектам аўтарскага права i можа быць свабодна апублiкавана ў любых газетах. БелТА спасылаецца на сваё эксклюзiўнае права распаўсюджваць праграмы беларускiх тэлевiзiйных каналаў i сцвярджае, што публiкацыя «Народнай воляй» тэлепраграмы без адпаведнай дамовы з агенцтвам «цягне адказнасць... у адпаведнасцi з Грамадзянскiм Кодэксам РБ».
Акрамя таго, дырэктар агенцтва Дзмiтрый Жук прыгразiў спагнаць з рэдакцыi значную суму грошай у якасцi кампенсацыi нанесеных агенцтву стратаў. 8 красавiка галоўны рэдактар «Народнай волi» Iосiф Сярэдзiч накiраваў БелТА адказ, у якiм выказаў гатоўнасць разгледзець прапановы наконт пакета з 9 праграм, у публiкацыi якiх зацiкаўлена газета. (БелТА ж прапануе выданню толькi пакет коштам 5 млн. 025 тыс. рублёў, у якi ўваходзяць некалькi дзесяткаў праграм тэлеканалаў з анонсамi).
«З нагоды Вашых сцверджанняў, што ў газеце «Народная воля» неаднаразова беспадстаўна (г.зн. без заключэння адпаведнай дамовы) дапускалася публiкацыя праграм тэлеканалаў, лiчу неабходным патлумачыць, што гэта не парушае патрабаванняў дзейнага заканадаўства РБ. Паводле заканадаўства, праграма тэле- i радыёперадач як iнфармацыя пра час iх выхаду ў эфiр не з`яўляецца аб`ектам аўтарскага права. Такая iнфармацыя... можа быць свабодна апублiкавана ў любых газетах, калi толькi яна не суправаджаецца творамi, ахоўванымi аўтарскiм правам (напрыклад, анонсамi). У сувязi з гэтым Вашы прэтэнзii лiчу неабгрунтаванымi», – гаворыцца ў пасланнi.
Па матэрыялах БАЖ падрыхтаваў М.МIКАЛАЙЧЫК
|
|