№ 323 от 15.04.2004 | |
Кампенсацыю вязням фашызму выплацяць з агаворкамі Беларускi фонд «Узаемаразуменне i прымiрэнне» да канца сакавiка 2005 году завершыць выплаты кампенсацыяў нямецкага ўраду вязням фашызму. Iх атрымаюць 130 тысяч чалавек, у тым лiку беларусы, якiя жывуць у краiнах СНД. Выплаты таксама будуць зробленыя асобам, якiх у гады Другой сусветанй вайны прыцягвалiся да прымусовай працы на тэрыторыi Аўстрыi.
У 90-ых гадах мiнулага стагоддзя Федэральны ўрад Нямеччыны прыняў рашэнне пра выплату кампенсацыяў асобам, якiя ў гады Другой сусветнай вайны прыцягвалiся да прымусовай працы ў нямецкiх канцэнтрацыйных лагерах, на заводах ды ў сельскай гаспадарцы. Па ўзгадненнi з нямецкiм урадам на Беларусi быў утвораны Рэспублiканскi фонд «Узаемаразуменне i прымiрэнне», адной з задачаў якога быў пошук такiх асобаў, iхная сiстэматызацыя, складанне спiсаў ды выплата кампенсацыяў.
Найперш, кампенсацыi выплочвалi асобам, якiя былi сагнаныя ў гады вайны ў канцэнтрацыйныя лагеры. Старшыня фонду «Узаемаразуменне i прымiрэнне» Валянцiн Герасiмаў назваў прыкметы, па якiх вызначалiся гэтыя карныя ўстановы.
- Першай галоўнай прыкметай канцэнтрацыйнага лагеру - iх цяпер называюць «канцлагер групы «А» - павiнен быў быць крэматорый, газавая камера, ахова толькi войскамi СС, калючы дрот пад токам, паласатая форма адзеньня з трохкутнiкамi, нумарамi. Абавязковая ўмова - рабская праца. У канцлагеры найперш пападалi працiўнiкi нацысцкага рэжыму: камунiсты, падпольшчыкi, партызаны, члены iхных сем’яў.
Да групы А на тэрыторыi Беларусi аднесеныя 3 тысячы асобаў. Ёй, а таксама групе В (установы, прыраўнаныя да канцлагераў) кампенсацыi будуць выплачаныя ў поўным аб’ёме да 1 чэрвеня гэтага году, перадае радыё Рацыя.
Група В скаладаецца з остарбайтэраў, што працавалi на прамысловых прадпрыемствах.
Цяпер беларускi фонд пачынае апрацоўку дакументаў групы С i гэтак званай «пашыранай агаворкi». Сутнасць гэтага азначэння тлумачыць Аркадзь Семчанка, намеснiк старшынi праўлення фонду «Узаемаразуменне i прымiрэнне».
- Акрамя гэтых групаў кожная партнёрская арганiзацыя стварае сваю пашыраную агаворку, куды ўлучае грамадзян, якiя не ўвайшлi ў групы А i Б - гэтак званая грамадская цi пашыраная агаворка. На Беларусi яна досыць вялiкая. Мы паспрабавалi з федэральным фондам узгаднiць досыць вялiкую групу пацярпелых, каму неабходна заплацiць кампенсацыю. Найперш, гэта тыя, хто працаваў у сельскай гаспадарцы i быў дэпартаваны са сваёй радзiмы. Мы ўлучылi i лагеры на тэрыторыi Савецкага Саюзу. Таксама ў яе ўвайшлi асобы габрэйскай ды цыганскай нацыянальнасцi, якiя хавалiся на акупаванай тэрыторыi ды дзецi прамысловых рабочых i сельгасрабочых - яна ўтрымлiвае 77 тысяч чалавек. Ёй мы пачнем выплаты ў другой палове сёлета i завершым у сакавiку 2005 году.
Усяго былых вязняў нацызму, з якiмi працуе беларускi фонд - 130 тысяч. Яны жывуць не толькi на тэрыторыi Беларусi, але i ў iншых краiнах СНД.
Таксама фонд «Узаемаразуменне i прымiрэнне» робiць выплаты кампенсацыяў вязням, якiя ў часы Другой сусветнай вайны былi дэпартаваныя ў Аўстрыю. Такiх асобаў вядома 11 тысяч - выплаты атрымаюць 4 тысячы, астатнiя памерлi.
Charter 97 |
|