№ 323 от 15.04.2004 | |
Асамблея Вось такая перспектываУ Гродне няма беларускiх школ. Змяншаецца колькасць класаў з роднай мовай навучання. Яны пакуль што ёсць у СШ № 3, 5, 6, 26, 34 Кастрычнiцкага i № 7, 21, 27, 32 Ленiнскага раёнаў горада. Школьныя дысцыплiны па-беларуску вывучае 1.210 дзяцей (2,9 працэнта ад агульнай колькасцi вучняў Гродна).
На роднай мове вучацца ў асноўным дзевяцiкласнiкi, якiя закончылi базавую беларускую школу (43,6 працэнта). Гэта апошняя плынь, якая пачынала вучобу ў часы беларусiзацыi (1991-1994).
Цяпер праводзiцца набор вучняў выключна ў падрыхтоўчыя рускамоўныя класы. У гэтым сэнсе беларусы могуць па-добраму пазайздросцiць польскай нацыянальнай меншасцi. Яны маюць шмат праблем. Аднак ёсць дзве польскамоўныя школы (Гродна i Ваўкавыск). Як прадмет, польскую мову вывучае 1.425 падлеткаў у 14 школах абласнога цэнтра (3,4 працэнта ад агульнай колькасцi школьнiкаў горада). Штогод ствараюцца польскамоўныя падрыхтоўчыя класы.
Калi нiчога не зменiцца ў лепшы бок, то праз 6-8 гадоў беларуская мова ў Гродне будзе вывучацца ў школах як прадмет сярод iншых прадметаў, i не больш. Альбо знiкне «па просьбе бацькоў» наогул.
Сiтуацыю можна паправiць пры ўмове неадкладнага стварэння ў абласным цэнтры беларускамоўнай школы (гiмназii, лiцэя). Аднак гэта патрабуе адкрыцця ў краiне аналагiчных сярэднiх i вышэйшых навучальных устаноў, дзе выпускнiкi маглi б працягваць вучобу на роднай мове.
Дэклараваная ў Канстытуцыi дзяржаўнасць мовы павiнна падмацоўвацца яе развiццём.
Алесь КРОЙ |
|