№ 323 от 15.04.2004  

Асамблея

Спеўнасць роднай мовы...

Настаўнiца СШ №10 Слонiма Таццяна Трафiмчык узначальвае раённую арганiзацыю Таварыства беларускай мовы iмя Ф.Скарыны дзесяць гадоў. Яе гонарам з’яўляецца творчы гурток «Ветразь надзеi». Тут удасканальваюць талент юныя паэты. Лепшыя творы змяшчаюцца ў аднайменным бюлетэнi.

Свае вершы моладзь чытала на гарадской плошчы падчас святкавання 750-й гадавiны Слонiма, удзельнiчала ва ўрачыстасцях, прысвечаных чарговаму дню нараджэння Ларысы Генiюш. Найбольш таленавiтыя адзначалiся пуцёўкамi ў летнiк «Зубраня». Праз паэтычныя ўрокi спадарынi Таццяны прайшло звыш 90 вучняў.

Нататкi самой настаўнiцы часцяком друкуюць «Настаўнiцая газета», «Наша слова», «Газета Слонiмская», часопiс «Беларуская мова i лiтаратура ў школе». Артыкул змешчаны ў зборнiку «Рэспублiканскiя Купалаўскiя чытаннi».

Цяпер Таццяна Трафiмчык завяршае работу над кандыдацкай дысертацыяй на тэму «Развiццё творчых здольнасцей вучняў пры навучаннi паэзii».

Мiкола РАКЕВIЧ