№ 323 от 15.04.2004  

Асамблея

Гэта быў найлепшы час

У мiнулым выпуску «Асамблеi» (18 сакавiка) мы распавядалi аб першым этапе станаўлення грамадскiх аб’яднанняў Гродзеншчыны. Працягваем гаворку.

Рост няўрадавых арганiзацый пачаўся з абвяшчэння незалежнасцi Беларусi (1991). Адбылася легалiзацыя большасцi структур» нефармальнага» руху, пашырыўся спектр НДА. З’явiлiся зарэгiстраваныя г/а ў Лiдзе, Смаргонi, Астраўцы, Навагрудку, в. Гервяты. Мясцовыя ўлады i грамадскiя аб’яднаннi прыкладалi агульныя намаганнi ў рэалiзацыi курсу на дэмакратызацыю, рынкавыя рэформы, пабудову прававой дзяржавы. Дзяржаўныя органы кiравання прадстаўлялi НДА памяшканнi для мерапрыемстваў, выдзялялi офiсы, вызвалялi ад падаткаў. Юрыдычная база гэтага працэсу была створана прыняццем у 1994 годзе Закона «Аб грамадскiх аб’яднаннях».

Палепшылiся ўмовы працы замежных фондаў. Сярод iх найбольшую ролю ў фiнансавай i тэхнiчнай падтрымцы «Трэцяга сектару» краiны адыграў Беларускi Фонд Сораса.

Разгортваецца дзейнасць гарадской арганiзацыi г/а «Таварыства беларускай мовы iмя Францiшка Скарыны» (снежань 1989), фiлiяла Фонда падтрымкi дэмакратычных рэформ iмя Льва Сапегi (1992).

З iнiцыятывы шэрагу лiдэраў мясцовых НДА ў рэгiёне з’явiўся першы рэсурсовы цэнтр – Гродзенскае абласное грамадскае аб’яднанне «Ратуша» (май 1996).

Група маладых навукоўцаў-гуманiтарыяў заснавала няўрадавую Асацыяцыю маладых навукоўцаў «Вiт» для паглыблення навукова-даследчай i адукацыйнай дзейнасцi (лiстапад 1996). Пры Асацыяцыi ўзнiк Трэнiнгавы Цэнтр (сакавiк 1997). Гэта была першая такога кшталту структура ў рэгiёнах краiны.

Ствараюцца Гродзенская абласная Рада моладзевых арганiзацый «23» (снежань 1996), Цэнтр iнфармацыйнай падтрымкi грамадскiх iнiцыятыў «Трэцi сектар» (люты 1996).

Пачынае дзейнасць Каардынацыйны камiтэт «Гродзенская iнiцыятыва» (красавiк 1997). Беларускае краязнаўчае таварыства iмя Тодара Нарбута (1998).

У Лiдзе працуе Хрысцiянскае сяброўства дарослых i моладзi. Тут жа знаходзiцца адзiн з мацнейшых у краiне фiлiялаў г/а «ТБМ iмя Ф.Скарыны». Распачынае сваю дзейнасць Цэнтр «Генерацыя» (з 1997). Дзейнiчае фiлiял жаночага руху «Адраджэнне Айчыны» (з 1998). На базе гэтых i шэрагу iншых iнiцыятыў ствараецца Соймiк дэмакратычных арганiзацый Лiды (1998).

У Смаргонi актыўна працуюць суполка Таварыства правоў чалавека, фiлiял Беларускай Асацыяцыi журналiстаў, арганiзацыя «Агеньчык надзеi». У Ашмянах вылучаецца мясцовы фiлiял г/а «Грамадзянскi форум». У Астраўцы адзiнай арганiзацыяй з’яўляецца аддзяленне Усебеларускага клуба выбаршчыкаў. У Ваўкавыску дзейнiчаюць грамадскае аб’яднанне «Аслона», моладзевае аб’яднанне «Лiцьвiны». У Слонiме вядучымi арганiзацыямi з’яўляюцца «Воля да развiцця», «Сям’я. Дзецi. Будучае», моладзевая суполка «Ветразь», Клуб аматараў беларускага року. У Навагрудку працуюць Таварыства фiламатаў «Прамень», дзiцячы клуб «Зялёная карова», моладзевы асветнiцкi цэнтр «N», грамадскае аб’яднанне «След Чарнобыля». Органы юстыцыi адмаўляюць у рэгiстрацыi г/а «Таварыс- тва iмя братоў Калiноўскiх» у Свiслачы.

У iншых рэгiёнах Гродзеншчыны iнiцыятыўныя групы гуртуюцца вакол выдавецкiх iнiцыятыў (Масты, Дзятлава, Радунь).

Аднак у 1996 годзе з боку дзяржаўных органаў кiравання пачаўся жорсткi наступ на грамадскую супольнасць.

(Дадатковыя звесткi просiм паведамiць на адрас электроннай пошты, пазначаны ўнiзе старонкi).

Старонка падрыхтавана Гродзенскiм гарадскiм аддзяленнем РГА «ТБШ»

E-mail: hrodna@tut.by