№ 324 от 22.04.2004  

Узяліся за «незаконных» «законнымі» метадамі

Чарговы «наезд» на грамадскiя арганiзацыi i газету «День» адбыўся ў Гродне. Гэтым разам камунальная служба папярэдзiла афiцыйным лiстом прадстаўнiкоў грамадскiх арганiзацый, што ў аднабаковым парадку касуе дамову аб арэндзе памяшкання з грамадскiм аб’яднаннем «Бацькаўшчына». Гродзенскай арганiзацыi БНФ «Адраджэньне» i клубу «Паходня» прыйшлi лiсты з прапановай вызвалiць памяшканнi i заплацiць запазычанасць за арэнду i камунальныя паслугi. Усе гэтыя арганiзацыi месцяцца па адным адрасу - Вулiца Карла маркса, 11.

«Бацькаўшчыне» у якасцi прэтэнзiй выставiлi тое, што аб’яднанне здало ў субарэнду пакой для офiсу газеты «День». Кiраўнiк «Бацькаўшчыны» i галоўны рэдактар «Дня» Мiкола Маркевiч не пагаджаецца з такiмi фармулiроўкамi i лiчыць, што ўлады хочуць перашкодзiць выданню газеты. Па яго словах, камп’ютары рэдакцыi стаяць у пакоi, якi арандуе Таварыства беларускай мовы з якiм у газеты ёсць дамова аб супрацоўнiцтве. Што датычыць «Бацькаўшчыны», дык ёй належыць суседнi пакой. Больш таго i Маркевiч, i ягоныя калегi па рэдакцыi з’яўляюцца сябрамi, як Бацькаўшчыны, так Таварыства беларускай мовы.

Што датычыць гродзенскай арганiзацыi БНФ «Адраджэньне» i клуба «Паходня», то iм прыйшлi лiсты з прапановай вызвалiць памяшканнi i заплацiць запазычанасць за арэнду i камунальныя паслугi, прычым у трохдзённы тэрмiн.

Калi гэта не адбудзецца, спаганяць грошы i высяляць будуць праз суд.

Гарадская Рада БНФ «Адраджэньне» павiнна заплацiць 560 тысячаў рублёў, Ленiнская раённая Рада-376 тысячаў, а клуб «Паходня»-456 тысячаў рублёў. Усе гэтыя арганiзацыi наймаюць пакоi ў Старым горадзе на вулiцы Карла Маркса, 11 цягам апошнiх сямi гадоў.

З уласнага вопыту ўзгадваю, як некалькi гадоў таму «БI» гарвыканкам «запрапанаваў» у аднабаковым парадку скасаваць арэнду на вулiцы Савецкай, дзе мясцiлася наша рэдакцыя. Тады мы адмовiлiся, пералiчвалi грошы за арэнду i з памяшкання не выходзiлi. Былы мэр прыслаў у рэдакцыю свайго падначаленага разам з слесарам, у руках якога была сякера i адвертка. Нам адключылi святло i пайшлi пасмейваючыся, маўляў, нiчога не зробiце. Нам давялося пераехаць. Думаю, за гэты час наўрадцi змянiлiся метады ў гарадскiх камунальшчыкаў: «незаконных» яны высяляюць «законнымi» метадамi.

Мiхаiл КАРНЕВIЧ