№ 325 от 29.04.2004 | |
Чэслаў Немэн вучыўся ў Гродне Аднакурснiк i сябра Чэслава Немэна Мiкалай Шышыгiн наладзiў у Гродне вечарыну памяцi славутага польскага спевака. Мерапрыемства адбылося ў мiнулы чацвер у зале Дзяржаўнага педагагiчнага коледжа, што на вулiцы Ленiна. Менавiта тут вучылiся Чэслаў Немэн i Мiкалай Шышыгiн, праўда, у той час вучэльня называлася – музпедвучылiшча.
Мiкалай Шышыгiн прыехаў у Гродна з Нямеччыны, дзе зараз жыве на стала. Выступаў па-беларуску, хоць казаў, што яго бацька недзе з Расii, але сам ён вырас у Беларусi. Распавядаў, што даведаўся пра смерць свайго сябра з паведамлення Радыё Свабода, дарэчы, па яго словах, адзiнай крынiцы iнфармацыi праз якую ён мае сувязь з Радзiмай. Яго гэта вельмi моцна кранула, i ён вырашыў прыехаць у Гродна, каб неяк ушанаваць памяць свайго сябра. Вечарына пачалася з вядомай песнi «Dziwny jest ten swiat». Гэтую песню ведалi i ведаюць усе палякi, а вось студэнты гродзенскага педколеджа нiяк на яе не адрэагавалi, з залы даняслося – не ведаем. Праўда, слухалi госця вельмi ўважлiва. Ён паказваў здымкi маладога Немэна, казаў, што напiсаў успамiны, але пакуль нiдзе iх не апублiкаваў.
М.Шышыгiн распавядаў, што дагэтуль у яго выступаюць слёзы, калi ён слухае гэтую песню. Распавядаў пра тое, як пазнаёмiўся з Чэсiкам Выдрыцкiм (сапраўднае iмя Ч.Немэна) у вучэльнi: той iграў на домбры, а ён – на баяне. Пасля году навучання Ч.Немэна выключылi з вучэльнi за тое, што ён прапускаў заняткi. Спадар Шышыгiн аднак казаў, што Ч.Немэн быў выключна адукаваным чалавекам, але ён вельмi сумаваў па сваiх Старых Васiлiшках, адкуль быў родам, i часта з’язджаў туды, прапускаючы заняткi. А спеваком, па словах спадара Шышыгiна, Немэн быў генiяльным. Iх шляхi пасля гэтага разыйшлiся, але потым праз некалькi гадоў, калi Шышыгiн ужо жыў у Ленiнградзе, раптам на вулiцы пабачыў афiшу з iмем Немэна, а знаёмая сказала, што гэта нейкi музыкант з Польшчы, якога некалi выключылi з гродзенскай вучэльнi.
Так адбылася сустрэча, i пасля гэтага кантакт утрымлiваўся. Студэнтам Шышыгiн распавядаў пра тое, як Немэн любiў Беларусь, беларускую мову i заклiкаў iх рабiць тое самае, паколькi зараз у Беларусi гэта культура можа зусiм знiкнуць. Аднак, выступаючыя на вечарыне выкладчыкi, хоць i казалi цёплыя словы ў бок Немэна i Шышыгiна, прамаўлялi iх па-руску, не зважаючы на заклiкi госця. Сам госць iграў на фартэпiяна Шапэна, удумлiва, тонка, з адчуванннем. Зала сядзела зачараваная...
Мiхаiл КАРНЕВIЧ |
|