№ 326 от 06052004  

Аўгустоўскі канал – вароты ў Еўрасаюз

<<risСто польскiх турыстаў у мiнулыя выхадныя ўдзельнiчалi ў V мiжнародным сплаве на байдарках па Аўгустоўскiм канале i рацэ Нёман. Усе яны выказвалi задаволенасць вандроўкай i прадказвалi вялiкую будучыню гэтаму турыстычнаму маршруту. На беларускай частцы канала да iх далучылiся толькi двое гродзенцаў.

Сплаў пачаўся 30 красавiка ў Аўгустове, якраз у той дзень, калi Польшча i суседняя Лiтва рыхтавалiся да святочных мерапрыемстваў з нагоды ўваходу краiнаў у склад Еўрасаюзу. Менавiта гэтай гiстарычнай падзеi турысты i прысвяцiлi сваю вандроўку. Дарэчы, яна адбывалася пад патранатам мiнiстра замежных спраў Польшчы Уладзiмiра Цiмашэвiча.

Адзiн з удзельнiкаў сплаву, пан Рышард, распавядаў, што ў 24 гадзiны 30 красавiка турысты ўрачыста спявалi гiмн Польшчы, адзначылi свята, а ранiцай, як ён жартаўлiва дадаў, «уцяклi з Еўрасаюза, каб наблiзiць яго да Беларусi».

Польскiя турысты на беларускiм баку выглядалi вельмi задаволенымi. Распавядалi, што канал у добрым стане, цешылiся, як iх сустрэлi на беларускай зямлi, наперабой дзялiлiся ўражаннямi ад канцэрту, якi iм наладзiў Сапоцкiнскi Дом культуры: спадабалiся песнi на польскай i беларускай мовах. Дадавалi, што даўно маюць тут добрых знаёмых i нават радню. Пан Рышард, якi ўжо многiя гады збiрае гiстарычныя звесткi пра канал, зазначаў, што падобныя сплавы павiнны былi б весцiся ўжо некалькi гадоў, i не толькi на байдарках, але i турыстычнымi цеплаходзiкамi, як гэта яшчэ было ў 50-я гады мiнулага стагоддзя. На яго погляд, турысты сюды пацягнулiся б не толькi з Польшчы, але i з усяго Еўрасаюза. I вельмi важна, каб беларусы здолелi развiць у гэтых мясцiнах турыстычную iнфраструктуру, на якой маглi б зарабляць i мясцовыя людзi, i беларуская дзяржава. Па яго словах, пабачыць такiя мясцiны, як праплываеш па Аўгустоўскаму каналу, цяжка не толькi ў Польшчы, але i ў ва ўсёй Еўропе.

Сярод турыстаў былi i прафесiяналы, якiя абследвалi канал i рыхтавалi свае прапановы дзеля таго, што патрэбна зрабiць, каб канал па сапраўднаму дзейнiчаў. Па словах турыстаў, польскi бок вельмi зацiкаўлены ў дзейнасцi канала, i яны перакананы, што польская дзяржава будзе iнвеставаць у гэты праект грошы.

Насамрэч, вiдавочна, што працы на канале вядуцца. З надзеяй на будоўлю глядзяць i мясцовыя жыхары, некаторыя з iх ужо працуюць на будаўнiцтве гiдраэлектрастанцыi, што побач з вёскай Нямнова.

У самой вёсцы iснуе прыватны музей канала, якi ў 1995 годзе заклаў унук апошняга даглядчыка канала. Пакуль гэта невялiчкi пакойчык, але з вельмi каштоўнымi экспанатамi. Напрыклад, адзiн з дакументаў сведчыць пра тое, што ў 1958 годзе праз шлюзы ў Нямнове праходзiла баржа з грузам камбiкорму вагою 50 тон. Можна сабе ўявiць, што гэта быў за канал.

Правёўшы два днi на беларускай частцы Аўгустоўскага канала, польскiя турысты ўжо па Нёмане ў панядзелак паплылi ў Друскiнiнкай, дзе i закончыўся iх сплаў.

Мiхаiл КАРНЕВIЧ