№ 327 от 13.05.2004  

Культура

«Супярэчлівы свет» Патрыка Бонэ

У гродзенскай галерэi «У майстра» адкрылася выстава французскага мастака з Лiможа Патрыка Бонэ.

Назва выставы, як нiколi раней, адпавядае таму, што зараз адбываецца ў галерэi. Найперш, сам мастак называе сябе скульптарам, але ў гродзенскай галерэi выставiў жывапiс. Замест адкрыцця выставы, якая распачалася 10 мая, урачыста з самiм мастаком, яе будуць закрываць 30 мая. I ўрэшце, самi карцiны.

Патрык Бонэ збiраўся стаць святаром i рыхтаваў свае працы да хрысцiянскай выставы, аднак яшчэ на нейкi час вырашыў застацца атэiстам. Карцiны таксама пранiкнуты супярэчлiвасцю, як у памерах, так i ў сюжэтах, а таксама ў фарбах. Шмат хто з гродзенскiх аматараў мастацтва казалi, што падобнага «супярэчання» у нашых галерэях дагэтуль не сустракалi.

Тым не менш, Патрык Бонэ ў сябе ў Лiможы даволi вядомая асоба, мае ў цэнтры горада ўласную галерэю i даволi паспяхова вядзе сваю справу. Адным словам, варта заглянуць у галерэю, каб увачавiдкi пабачыць, што такое насамрэч супярэчлiвы свет.

Мiхаiл КАРНЕВIЧ