№ 329 от 27.05.2004  

Забыты Максім

У мiнулы аўторак споўнiлася 87 гадоў з дня смерцi Максiма Багдановiча. Гродзенскi музэй ягонага iмя аб’явiў Дзень адчыненых дзвярэй. Да абеда ў гэты дзень музей наведаў толькi адзiн наведвальнiк – гэта быў карэспандэнт «БI».

Яшчэ з ранiцы гродзенскае радыё паведамiла ў навiнах, што музей Багдановiча абвесцiў 25 мая вольны ўваход. Аднак, як высветлiлася, да абеда нiхто з вольных наведвальнiкаў туды не зазiрнуў. Праўда, як сказала дзяжурная, якая самотна сядзела ў музэi, было некалькi арганiзаваных экскурсiй школьнiкаў. З гродзенскiх чыноўнiкаў таксама нiхто ў музей не прыходзiў. – Цiшыня сёньня – заўважыла дзяжурная i падзякавала, што хоць адзiн чалавек узгадаў пра класiка нашай лiтаратуры.

У музэi за апошнiя гады практычна нiчога не змянiлася, праўда, на восень улады абяцалi адраматаваць дзве невялiчкiя залы. Гродзенскiя мытнiкi падаравалi музею каштоўную iкону Святога Мiхаiла Архангела, якую канфiскавалi, як кантрабанду. А яшчэ музей набыў стары гадзiннiк часоў жыцця Максiма Багдановiча, паколькi той, якi да гэтага стаяў у адным з пакойчыкаў, запатрабавалi назад уласнiкi – Гiсторыкаархеалагiчны музэй.

Жанчына распавядала, што, як i па-ранейшаму, экскурсii наведваюць музей, як правiла, гэта школьнiкi, альбо студэнты гродзенскага ўнiвэрсiтэта iмя Янкi Купалы. А ў астатнiм... людзi зараз, на яе думку, мала цiкавяцца лiтаратурай i творчасцю пiсьменнiкаў.

Нагадаю, што класiк беларускай лiтаратуры Максiм Багдановiч пражыў у Гродне больш трох гадоў, калi яго бацькi пераехалi ў наш горад з Мiнску – яму было тады тры годзiка.

Дарэчы, дагэтуль у Гродне так i не паставiлi помнiк Максiму Багдановiчу, хаця размоў у свой час вялося шмат.

Мiхаiл КАРНЕВIЧ