№ 329 от 27.05.2004  

Асамблея

Была б воля – будзе і развіццё!

Абшар дзейнасцi грамадскага аб’яднання «Воля да развiцця» ахоплiвае Слонiмскi, Дзятлаўскi i Зэльвенскi раёны. 27 лiстапада 1995 года адбылася рэгiстрацыя арганiзацыi ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку. Ёсць досвед працы па мясцовым самакiраваннi, у праваабарончай дзейнасцi, падтрымцы таленавiтай моладзi.

Па iнiцыятыве грамадскага аб’яднання ў 2002 годзе быў створаны Слонiмскi клуб грамадскiх iнiцыятыў. Цяпер ён аб’ядноўвае шэсць грамадскiх аб’яднанняў, дзве дзяржаўныя ўстановы раёна. Штогод сумесна са спартыўным клубам «Талент» i спортаддзелам райвыканкама праводзiцца футбольны турнiр для дзяцей «Воля i талент» i турнiр «Стрытбол для ўсiх».

Чацвёрты год працуюць гурткi падлеткавага клуба «Святлiца» — вырабаў з прыроднага матэрыялу, журналiстыкi, краязнаўства, лiтаратурны, малявання. Дзецi з клуба апякуюцца над магiлай заснавальнiка Слонiмскага краязнаўчага музея Iосiфа Стаброўскага. Валерый Епiфанаў стаў лаурэатам рэспублiканскага кон- курса «Лёс маёй сям’i ў ХХ-м стагоддзi», Мiхаiл Варанец перамог ў абласным конкурсе «Мой радавод». Да 750-годдзя Слонiма была арганiзавана выстаўка прац з прыроднага матэрыялу. Свае работы юныя ўмельцы дэманстравалi летась у Гродне падчас справаздачы раёна «Слонiм – зорка i песня мая».

Грамадскае аб’яднанне «Воля да развiцця» мае свой бюлетэнь «Слонiмскi краязнаўца», выпусцiў даведнiк «Грамадскiя iнiцыятывы Слонiмскага рэгiёна», краязнаўчы нарыс «Ёсць у горада слава гордая» з допiсамi пра знакамiтых слонiмцаў Гальяша Леўчыка, Мiхаiла Гарабца, Яўгенiю Урублеўскую, Васiля Супруна, Мiхаiла Рылко, Рудольфа Пастухова, Юрыя Крэтава. Выдадзены чатыры буклеты з вершамi слонiмскiх паэтак з лiтаратурнай серыi «У гэтым хоры суладным спяваю». Гурток юных журналiстаў выпускае бюлетэнь «Слонiмская святлiца».

У мiнулым годзе выдавецтва «Беларускi кнiгазбор» надрукавала зборнiк вершаў Мiколы Канановiча «I доўжыцца ноч». Гэты паэт апякуецца над паэтычным гуртком у падлеткавым клубе «Святлiца» i падрыхтаваў лiтаратурны альманах «Ад я да я», якi таксама пабачыў свет.

Фiнансавую падтрымку грамадскаму аб’яднанню «Воля да развiцця» аказвалi Iнстытут падтрымкi дэмакратыi ва Усходняй Еўропе (IDEE, Варшава), Фонд «Еўразiя» (Кiеў), Праграма «Альянс Партнёрства Каунтэрпарт» (Мiнск), Фонд iмя Стэфана Баторыя (Варшава),Фонд «Дом свабоды» (Будапешт), грамадскае аб’яднанне «АРР «Варута» (Баранавiчы), Праграма Еўрапейскага Саюза TACIS (Брусель).

Антон ЛАБОВIЧ