Культура

У гасцях у Сярэднявечча

Напрыканцы XX стагоддзя цяжка сабе ўявіць Сярэднявечча. Аб ім нагадваюць архітэктурныя пабудовы, захаваныя рэчы, літаратурныя і гістарычныя помнікі. Найбольш рамантычнымі асобамі таго часу для нас з'яўляюцца рыцары. Па сёняшні дзень іх захапляе зброя і ўменне ёю валодаць, даспехі, подзьвігі.

У сёлетняй вандроўцы для мяне стала цікавым адкрыццём існаванне рыцарскіх клубаў у Беларусі і іншых краінах. Яны бралі ўдзел у рыцарскім турніры, які адбыўся ў Чэхіі, у Млазавіцэ. Ён быў прысвечаны XVст., а менавіта паўстанню пад кіраўніцтвам Яна Жыжкі. Запрашэнне рыцараў з Беларусі на гэту падзею было гістарычна правамоцна.

Вялікі літоўскі князь Вітаўт быў запрошаны на трон Чэхіі, стаў яе намінальным каралём і даслаў свайго намесніка. Імператар Свяшчэннай Рымскай Імперыі, Сігізмунд І, выступіў арганізатарам 5 крыжовых паходаў супраць чэхаў. Адным чэхам было цяжка супрацьстаяць такой навале, і таму яны звярнуліся за дапамогай да Вітаўта. З войскаў ВКЛ была набрана трохтысячная дружына пад кіраўніцтвам князя Жыгімонта, якая прыбыла ў Чэхію ў 1422г. Ваявалі літоўскія рыцары 8 год і ніхто з іх не вярнуўся на Радзіму.

У гэтым годзе сустрэча вайскова-гістарычных клубаў праходзіла пад назвай "Млазавіцэ 1424, альбо як Жыжка Чэрніна згубіў". Арганізатарам яе стаў чэшскі клуб "Streitax". Беларускія клубы прымалі ўдзел у падобнай імпрэзе ўжо трэці раз. Сёлета былі клубы: "Княжы Гуф", "Чорны война", "Kalumny" і іншыя. Яны прадставілі каля 20 удзельнікаў.

Па традыцыі турнір пачаўся з парада. У святочным убранні рыцары і свецкія дамы рушылі ў цэнтр Млазавіц. Над калонай развіваліся харугвы. У пачатку шэсця дзве дзяўчыны выконвалі танец жывата пад бой барабанаў. Мясцовыя жыхары з цікавасцю назіралі за падзеяй. У 15 гадзін адбыліся рыцарскія баі, якія праводзіліся сярод абаронцаў крэпасці пана Чэрніна. Канечне, зброя была затуплена ў мэтах бяспекі. Тым не менш баі былі тэатралізаваныя і вельмі захапляючыя. Атака з лесу дружыны Яна Жыжкі прымусіла рыцараў схавацца за сценамі крэпасці. Было зроблена некалькі атак. Нарэшце крэпасць здалася. Шмат гледачоў здымалі відовішча на відэа- і фотакамеры. Пасля бітвы рыцары з задавальненнем пазіравалі фотааматарам. Паўсюль панавала атмасфера ўзрушанасці і эйфарыі. Яшчэ доўга не хацелі разыходзіцца ні рыцары, ні глядачы.

Пасля бітвы многім захацелася прымерыць на сябе рыцарскія даспехі і патрымаць ў руках зброю. Мне таксама давялося памерыць кальчугу і магу сказаць, што гэта не самае лёгкае адзенне! Я запыталася ў нашых ваяроў, якім чынам яны набываюць даспехі. Аказалася, што ўсё робіцца сваімі рукамі. Маючы сродкі, усё неабходнае для рыцарскай справы можна набыць у Чэхіі.

Назіраючы за нашымі рыцарамі, я зразумела, што для іх гэта ўжо асобны лад жыцця, які яны ствараюць самі для сябе і шукаюць у ім духоўную падтрымку. Адзін хлопец прызнаўся, што самыя шчаслівыя дні мінулага года ён правёў на рыцарскім турніры ў Міры. Дарэчы, напрыканцы верасня там зноў адбудзецца рыцарскі турнір, пераможцу якога чакае залаты ланцуг.

Я думаю, вельмі добра , што ёсць такія людзі на Беларусі, якія з глыбіні стагоддзяў узнаўляюць рыцарскія традыцыі.

Наш аўтобусны тур пралягаў праз два старажытныя замкі: Канапіштэ (заснаваны на мяжы XIII-XIVстст.) і Чэшскі Штэрнберг (ХІІІст.), Прагу і Кракаў.Чэхія ўразіла сваёй прыродай з горнымі краявідамі, лялечнымі хаткамі з кветкамі і чарапічнымі дахамі, добра захаванай гістарычнай спадчынай. "Злата Прага" проста зачаравала разнастайнасцю архітэктурных стыляў, перакрыжаваннем эпох, вялікаю колькасцю гістарычных помнікаў. За адзін дзень немагчыма было ахапіць усё, але гэтага было дастаткова, каб з'явілася трывалае жаданне наведаць гэты горад яшчэ не адзін раз.

У Кракаве найбольш уразіў Вавель - рэзідэнцыя польскіх каралёў і літоўскіх князёў. Узрушальным было наведванне катэдры, дзе пахаваны вялікія князі літоўскія і А.Міцкевіч. Прыемна было ўбачыць помнік прысвечаны выдатнай гістарычнай падзеі - Грунвальду і помнікі Т.Касцюшку і А.Міцкевічу.

Вандроўка атрымалася вельмі цікавая і пакінула шмат уражанняў. Узбагаціла веды па гісторыі Чэхіі, Польшчы і Беларусі. Аб'яднала свядомых беларусаў, якія адчувалі гонар за сваю мову і паходжанне. Усё разам зрабіла падарожжа незабывальным.

Наталля Слiж

Реклама: