Жыццёпіс Вялікіх Князёў Літоўскіх

Вялікі Князь Міндоўг

(кіраваў у 1248 - 1263 гг.)

Працяг. Пачатак у №30(75) ад 29.07.99

У канцы 40-х гадоў 20 ст. этнографы зафіксавалі праявы гэтага працэсу на сучаснай мяжы паміж Летувай і Беларуссю. Жыхары некаторых пагранічных вёсак распавялі, што іх дзяды гаварылі па-летувіску, бацькі ведалі шмат летувіскіх словаў хоць свабодна размаўляць ужо не ўмелі, а яны самыя гавораць па-простаму - па-беларуску. Вынікам гэтага працэсу было пашырэнне беларускай этнічнай тэрыторыі, а мяжа паміж беларусамі і летувісамі да пачатку 20 ст. перамясцілася аж за Вільню.

Перайшоўшы дзесьці ў канцы 10 ст. Нёман, славяне сустрэліся з новымі балцкімі плямёнамі, якія займалі землі па сярэднім цячэнні Віліі і называліся літвой ці літоўцамі. Яшчэ далей на поўнач і захад жылі іншыя балты: нальшаны, дзяволтва, жамойты. Напачатку славяне не ўмелі іх адрозніваць і ўсю новаадкрытую краіну пачалі зваць імем пагранічнага племяні - Літвой. Ад беларусаў гэтую назву перанялі іншыя ўсходнеславянскія народы, а таксама палякі, немцы, а затым і ўся Еўропа.

Такім жа чынам утварыліся і назвы двух іншых балцкіх краінаў: Лівоніі і Прусіі. Немцы ў канцы 12 ст. прыплылі праз Балтыйскае мора да вусця Заходняй Дзвіны, першымі сустрэлі тут ліваў і па назве гэтага племяні ўсю краіну пачалі называць - Лівоніяй (Livland). Тое самае адбылося з Прусіяй - краіна атрымала назву ад імя пагранічнага з польскімі землямі племяні прусаў. Спецыялісты заўважылі, што ўзнікненне такіх назваў - алаэтнонімаў (імя народу, дадзеная яму іншымі народамі), менавіта прыняцце назвы для ўсёй краіны па назве яе пагранічнага племяні, вельмі распаўсюджаная па ўсім свеце.

Першыя пісьмовыя сведчанні пра Літву адносяцца да 11 ст. Самае ранняе ўпамінанне звязана з апісаннем смерці вядомага хрысціянскага місіянера святога Бруна. У аналах (паходныя запісы) нямецкага горада Кведлінбурга запісана, што святы Бруна ў 1009 г. прыняў пакутніцкую смерць ад рук язычнікаў "на мяжы Русі і Літвы". Першы летапісны твор усходніх славянаў "Аповесць мінулых часоў", на падставе даўнейшых вусных паданняў называе "літву" сярод плямёнаў, якія плоцяць даніну Русі і маюць уласную мову.

Паступова на Русі "Літвой" сталі называць усё Верхняе і Сярэдняе Панямонне, менавіта Наваградчыну, Гарадзеншчыну і Віленшчыну, хоць там побач з балтамі жылі і славяне. Калі хтосьці з Русі выбіраўся на Панямонне ў славянскі Наваградак або Ваўкавыск па гандлёвых ці іншых справах, то казаў: "Еду ў Літву". Менавіта гэтая Літва стала ядром, потым цэнтральнай вобласцю Вялікага Княства Літоўскага - дзяржавы, паклаўшай пачатак сучасным беларускаму і летувіскаму народам. На самым Панямонні яшчэ доўгі час памяталі пра пачатковую балцкую Літву на берагах Віліі, хоць з цягам часу яна назаўсёды адышла ў мінулае.

Пазней, калі ВКЛ далучыла да сябе агромністую тэрыторыю ад Балтыйскага да Чорнага мора, тэрмін "Літва" набыў яшчэ адно значэнне, менавіта стаў назвай гэтай буйнейшай у Еўропе дзяржавы. Яе жыхароў называлі, адпаведна ліцвінамі ці літоўцамі незалежна былі яны балтамі ці славянамі і незалежна ад мясцовасці ў якой пражывалі. А ў самой дзяржаве Літвой па-ранейшаму называлі Верхняе і Сярэдняе Панямонне - ці Наваградчыну, Гарадзеншчыну, Віленшчыну (і частку Міншчыны). Так яе адрознівалі ад іншых частак дзяржавы, менавіта: Русі (Полаччына і Магілёўшчына), Падляшша (Берасцейшчына і Драгічыншчына), Палесся, Валынскай, Кіеўскай земляў і Жамойці.

Мову, на якой гаварыла большасць жыхароў Літвы (гэтаксама як і ўсёй дзяржавы), называлі русінскай (па сучаснай тэрміналогіі - старабеларускай). Адначасова частка балтаў у Літве, асабліва ў паўночнай яе частцы - Аўкштайтыі, захоўвала сваю мову, якая звалася літоўскай. На вельмі блізкай мове гаварылі таксама жыхары Жамойці.

Пра гэтых балтаў сакратар вялікага князя Аляксандра Эразм Вітэліус казаў у 1501 г. у прамове да папы рымскага наступнае: "літоўцы, стаўшы каталікамі, не страцілі ўласнай мовы, але часцей ужываюць мову рускую (г.зн. беларускую) паколькі яна прыгажэйшая і лягчэйшая".

Нават пасля захопу ВКЛ Расейскай імперыяй назва "Літва" трымалася за Панямоннем усё 19 ст. Толькі ў пачатку 20 ст. гэтую назву канчаткова пераняла балцкая дзяржава, створаная народам, узнікшым на аснове плямёнаў жамойтаў і аўкштайтаў - паўночным суседам беларусаў. Сваю краіну людзі гэтага народу называюць на сваёй мове "Летува", а сябе завуць "lietuviai" - летувісы. Так і мы будзем іх называць у гэтай кнізе, каб не блытаць з сярэднявечнымі літоўцамі ці літвінамі, сярод якіх былі, як балты, так і славяне. Сёння гэтая гістарычная Літва лічыцца своеасаблівай этнаграфічнай зонай Беларусі.

У сярэдзіне 13 ст., калі на Панямонні распачаўся працэс утварэння дзяржавы, тут яшчэ жыло змешанае балта-славянскае насельніцтва і адбываўся актыўны працэс балта-славянскіх кантактаў. Утварэнне новай дзяржавы аказалася цесна звязаным з гэтым працэсам, праходзіла пад яго моцным і, варта адзначыць, дабратворным уплывам. Двухвяковы вопыт мірнага супрацоўніцтва аказаўся вельмі дарэчы, калі прыйшла патрэба абараняць сваю агульную айчыну ад татараў і крыжакоў.

Даследчыкі неаднаразова выказвалі меркаванне, што на Панямонні ў Гародні і Наваградку, а таксама ў недалёкім Полацку ў 12-13 стст. вялося ўласнае летапісанне. Аднак да сённяшняга дня ніводнага мясцовага летапісу не знойдзена. Не захаваліся таксама полацкія летапісы. Таму інфармацыю пра мясцовае жыццё навукоўцам даводзіцца па крупіцах збіраць з летапісаў суседніх краёў, найперш кіеўскага, ноўгарадскага, галіцка-валынскага. Шмат цікавых звестак утрымліваюць хронікі з Лівоніі і Прусіі, створаныя нямецкімі каланістамі ў Прыбалтыцы. Трохі паведамленняў пра панямонскія справы 13-14 ст. можна знайсці ў польскіх, венгерскіх і іншых еўрапейскіх хроніках.

Звестак пра 13 ст. - час утварэння ВКЛ увогуле захавалася няшмат, бо летапісцы і храністы найперш пісалі пра жыццё сваіх краінаў, а пра Літву ўпаміналі ў асаблівых выпадках. Напрыклад, калі іхнія дзяржавы ваявалі з ВКЛ, ці калі ў Літве адбываліся нейкія надзвычайныя падзеі: міжусобная вайна, хрышчэнне, каранацыя, ці забойства вялікага князя.

Ад 12 ст. звесткі пра панямонскія справы з'яўлюцца ва ўсходнеславянскіх, найперш у кіеўскіх, летапісах. Галоўным чынам гэта паведамленні пра Гародню і Гарадзенскае княства. Пад 1116 г. у летапісе ўпамінаецца гарадзенскі князь Усеваладка, за якога знакаміты кіеўскі князь Уладзімір Манамах аддае замуж сваю дачку Агаф'ю. Гарадзенскае княства ў гэты час знаходзіцца ў палітычнай залежнасці ад Кіева. Той жа Усеваладка, а потым яго сыны Мсціслаў, Барыс і Глеб па загаду з Кіева прымаюць удзел у розных ваенных паходах, арганізаваных кіеўскімі князямі. Кіеўскі князь Усевалад у 1144 г. выдае замуж дзвюх дачок Усеваладкі Гарадзенскага.

Такім чынам, летапіс засведчыў, што ў 12 ст. на Панямонні існавала ўсходнеславянская дзяржава - Гарадзенскае княства, якое ўваходзіла ў палітычную сістэму Кіеўскай Русі. Улічваючы, што Гародня была ўсходнеславянскім горадам у глыбі балцкай этнічнай тэрыторыі, можам з пэўнасцю сцвярджаць, што ў склад Гарадзенскага княства ўваходзілі навакольныя, як славянскія так і балцкія, землі. Землі, заселеныя як славянамі, так і балтамі Да 1132 г. адносіцца першае (і адзінае) летапіснае паведамленне пра ўдзел гарадзенцаў у паходзе на Літву зноў жа па загаду кіеўскага князя. Напэўна гэтая няўдалая выправа (кіяўлянаў на адваротнай дарозе пабілі літоўцы) была скіраваная далей на поўнач ад Гародні. Невядома куды дакладна вадзіў аб'яднаныя войскі кіеўскі князь Мсціслаў, але можна меркаваць, што Усеваладка Гарадзенскі не ваяваў супраць сваіх мясцовых балтаў. Больш ніякіх сведчанняў пра балта-славянскія канфлікты на Панямонні не захавалася на працягу наступных некалькіх стагоддяў.

У наступным 13 ст. летапісы ўжо больш паведамляюць пра Наваградак, напэўна таму, што ён стаў самым багатым і галоўным горадам Панямоння. Шматгадовыя археалагічныя раскопкі (ад 1956 г. да пачатку 80 - х гг. 20 ст.) адкрылі цікавейшую мясцовую культуру, багацце якой зрабіла ўражанне нават на спецыялістаў-археолагаў. Асабліва ўражальным аказаўся размах гандлёвых сувязяў горада - ад земляў Русі, Прыбалтыкі да Заходняй Еўропы і Блізкага Усходу.Чалавек, якому было наканавана стаць творцам-заснавальнікам Вялікага Княства Літоўскага нарадзіўся ў Літве праз два стагоддзі пасля прыходу славянаў-язычнікаў. Менавіта багатыя панямонскія славянскія гарады сталі галоўнай апорай ягонай дзяржавы. Але пра гэта трохі пазней...

Кар'ера першабытнага ваяра

Летапісы і хронікі дакладна адлюстравалі значны ўзрост мілітарнай актыўнасці старажытных літоўцаў у 80-я гады 12 ст. Ваенныя атрады балтаў - летапісных літоўцаў, з небывалай дагэтуль рэгулярнасцю, пачалі выпраўляцца ў рабаўнічыя паходы ва ўсіх кірунках ад роднага Панямоння. На падставе летапісных паведамленняў гісторыкі зрабілі выснову пра пераход у гэты час літоўцаў да новай стадыі развіцця першабытнага грамадства - так званага перыяду ваеннай дэмакратыі - прадвесніка з'яўлення дзяржавы. У гэты час асноўным заняткам мужчын племяні становіцца вайна. Яны шмат часу праводзяць у ваенных паходах, галоўнай мэтай якіх з'яўляецца захоп здабычы ў выглядзе розных матэрыяльных каштоўнасцяў: дарагіх рэчаў, рабоў і жывёлы, прадуктаў харчавання.

Дэмакратыя праяўлялася ў тым, што галоўныя рашэнні ў жыцці племяні прымаліся на агульных сходах свабодных ваяроў. Аднак падобныя сходы не заўсёды можна правесці пад час ваеннага паходу, калі побач вораг і трэба імгненна прымаць правільнае рашэнне: біцца, ўцякаць ці ўступаць у перамовы. Таму спецыяльна на час паходу абіраўся правадыр, чалавек, якому можна было даверыць кіраванне ў такой важнай і небяспечнай справе як ваенная выправа.

Ваеннымі правадырамі станавіліся асобы, якія мелі аўтарытэт сярод супляменнікаў і ўжо паказалі сваю дасведчанасць у ваеннай справе. Весці атрад у паход мог племянны старэйшына, або нехта з аўтарытэтных воінаў. Усё залежала ад даверу, хтосьці мог павесці за сабой дзесятак сяброў, за іншым ішлі сотні і тысячы ваяроў. Праўда, вялікія атрады збіраліся рэдка, толькі пад час самых важных паходаў ці абароны ад моцнага ворага. Вялікім войскам цяжка кіраваць, яно не надта паваротлівае ў паходзе, дзе ўсё залежыць якраз ад хуткасці і нечаканасці манеўра.

Найчасцей у паход выпраўляліся невялікія рухомыя атрады, здольныя да доўгіх хуткіх пераходаў. Яны знянацку з'яўляліся на тэрыторыі ворага, рабавалі ўсё, што маглі і каго толькі маглі і стараліся гэтак жа хутка знікнуць. Аднак адыход са здабычай і палоннымі не ўдавалася праводзіць з такой імклівасцю як напад. Часта рабаўнічыя атрады самі станавіліся ахвярай помсты мясцовых жыхароў, якія ў пагоні даганялі і разбівалі напаўшых, адабраўшы ўсю здабычу.

Цікавыя апісанні падобных нападаў занатаваў у сваёй "Хроніцы Лівоніі" святар латгалаў (Латвія), ён жа знакаміты прыбалтыйскі храніст 13 ст. Генрых Латвійскі. Так, зімой 1205 г. адзін са старэйшынаў племя семігалаў угаварыў сваіх саюзнікаў - лівонскіх немцаў, падпільнаваць у засадзе і напасці на літоўскі атрад, калі ён будзе вяртацца з паходу на землі эстаў. Літоўскія ваяры ішлі па зімовай дарозе след у след адзін за адным, пусціўшы пасярэдзіне палонных (каля тысячы). Дазорныя літоўцаў заўважылі свежыя сляды на снезе і спыніліся, адчуўшы небяспеку. Паступова надыйшлі астатнія і ўсе сабраліся ў адну калону. Семігалы, сядзеўшыя ў засадзе, спалохаліся, калі ўбачылі як іх многа. На літоўцаў ударылі закаваныя ў бронь нямецкія рыцары. Нечаканасць нападу адыграла сваю ролю і літоўцы пачалі разбягацца ў розныя бакі. Тады асмялелі і семігалы. Перабілі мноства літоўскіх вояў а таксама палонных эстаў. Потым пераможцы разыйшліся па сваіх селішчах. Семігалы павезлі з сабой на санях галовы забітых літоўцаў.

Ноўгарадскі летапіс паведамляе як у 1245 г. князь Аляксандр Яраслававіч (Неўскі), даведаўшыся пра напад літоўцаў на наўгародскую зямлю, падняў сваю дружыну, дагнаў ворагаў пад Тарапцом і многіх пазабіваў, у тым ліку 8 князькоў (правадыроў). Падобна ў гэтай нешчаслівай выправе на ноўгарадскія землі аб'ядналіся некалькі літоўскіх атрадаў.

У бітвах з літоўцамі вызначыўся знакаміты пскоўскі князь 13 ст. Даўмонт - забойца Міндоўга. Сам літовец, ён княжыў у Нальшанах, а ў 1265 г. уцёк у Пскоў, ратуючыся ад помсты вялікага князя Вайшэлка. Хрысціўшыся пад імем Цімафей, ён верна служыў новай радзіме і праславіўся ў бітвах са сваімі землякамі. Неўзабаве, пасля ўсталявання ў Пскове, Даўмонт пайшоў у паход на сваю радзіму і, як падае пскоўскі летапіс, "паланіў зямлю літоўскую, айчыну сваю і княгіню Гердзеневу паланіў і яе дзяцей і ўсё княства яго паваяваў і вярнуўся з мноствам палону...".

Жыць з вайны - справа хоць і прыбытковая, але ж і вельмі небяспечная. Можна ў некалькіх удалых нападах сабраць багацце, а пасля ў адным няўдалым - развітацца з жыццём. Выжывалі самыя моцныя, здольныя і ўдачлівыя. Паступова асобныя правадыры назапашвалі значныя матэрыяльныя багацці і станавіліся ўплывовымі людзьмі. Падтрыманыя сваёй адданай дружынай - камандай прафесійных вояў, яны пераўтвараліся ў фактычных кіраўнікоў асобных тэрыторый. Такую кар'еру, па ўсёй верагоднасці, зрабіў бацька Міндоўга. Пазней яе паўтарыў і наш герой.

Ваяўнічыя літоўцы выдатна разумелі каштоўнасць добрага суседства. Яны падтрымлівалі сяброўскія адносіны і ніколі не ваявалі з бліжэйшымі да Панямоння ўсходнеславянскімі землямі, найперш Турава-Пінскай і Полацкай. Сярод некалькіх дзесяткаў летапісных паведамленняў пра ваенныя паходы летапісных літоўцаў на Прыбалтыку, Польшчу, Валынь, Кіеў, Смаленск, Вялікі Ноўгарад, Пскоў няма ніводнай узгадкі пра напады на Пінск, Тураў, Полацак, не кажучы ўжо пра Наваградак, Гародню і іншыя беларускія гарады, размешчаныя ў балта-славянскай кантактнай зоне.

Алесь Краўцэвіч, гісторык

(Працяг будзе)

Реклама: