№ 330 от 03.06.2004  

Фенамен стагоддзяў

<<risДругi Беларускi фестываль мастацтваў «Мiрскi замак-2004», якi адбыўся мiнулымi выхаднымi ў Мiры, быў прысвечаны 185-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага кампазiтара Станiслава Манюшкi. Упершыню ў Беларусi падчас пяцiгадзiннага канцэрта прагучалi практычна ўсе творы, напiсаныя кампазiтарам на яго радзiме – у Беларусi. Маэстра Мiхаiл Фiнберг, мастацкi кiраўнiк фестывалю, зазначыў, што «для нас самыя дарагiя фестывалi – нацыянальныя, якiя развiваюць i абагачаюць беларускую культуру». Музыка, якая гучала пад сценамi Мiрскага замка ў гэтыя днi, уражвала багаццем створанага i высокiм прафесiйным выканальнiцкiм майстэрствам. – Станiслаў Манюшка быў бы вельмi задаволены, каб мог пабачыць гэты канцэрт,– заўважыла навуковы кiраўнiк фестывалю Вольга Дадзiёмава.

Дробны дожджык, якi з ранiцы падаў у суботу ў Мiры, здавалася, наважваўся падпсаваць свята. Аднак у замку, у яшчэ неадрамантаванай зале праходзiла навуковая канферэнцыя «Мiрскi замак як культурна-гiстарычны фенамен ХV-ХХ стагоддзяў. Новыя даследаваннi». Вольга Дадзiёмава, доктар мастацтвазнаўства i навуковы кiраўнiк фестывалю, зазначыць, што даклады, якiя прагучалi на канферэнцыi, маглi б скласцi гонар любому мiжнароднаму сiмпозiўму, паколькi ў iх шмат новых навуковых адкрыццяў. У гэтай жа залi адкрылася цудоўная выстава «Прысвячэнне Мiру» з твораў студэнтаў Беларускай акадэмii мастацтваў. Наогул, адчувалася, як ажыў у гэтыя днi старажытны замак, напоўнiўся шматлiкiмi дзiцячымi галасамi. Школьнiкi, якiя гэтымi днямi гасцявалi тут, як турысты, бегалi па замку i безупынна фатаграфавалiся. Асаблiва цiкава было назiраць, калi яны «бралi ў палон» маэстра Фiнберга i не адпускалi да тога часу, пакуль усе не зробяць здымкi сваiмi фотаапаратамi.

Побач з сценамi замка размясцiлiся рыцары, якiя прапаноўвалi пастраляць з лукаў i дэманстравалi свае даспехi i зброю, у мястэчку i побач з замкам шумна працавалi атракцыёны, можна было паплаваць на лодках i катамаранах, з’есцi шашлык i папiць пiва. Адзiнае, людзей было менш, чым звычайна на такiх святах – вiдавочна, недастаткова было рэкламы i, напэўна, усё ж сваю ролю адыграла надвор’е.

Тым не менш, дробны дожджык не перашкодзiў канцэрту ў мястэчку. Калектывы навучальных устаноў Гродзенскай вобласцi змянялi адзiн аднаго на невялiчкай сцэне амфiтэатра: Узорны хор «Камерата» са Слонiма, народны камерны хор i вакальная група Лiдскай музычнай школы, выкладчыкi i навучэнцы са Смаргонскай музычнай школы, з Навагрудка, Гродна, Чэрвеня – музыка ХIХ стагоддзя запоўнiла мястэчка.

I ўсё ж, галоўны канцэрт, якi распачаўся ўвечары, найбольш уразiў. У выкананнi калектываў Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусi, Дзяржаўнага акадэмiчнага сiмфанiчнага аркестра, Нацыянальнага акадэмiчнага народнага аркестра iмя I.Жыновiча, аркестра народных iнструментаў Магiлёўскай фiлармонii, акадэмiчнага хору Магiлёўскага педагагiчнага факультэта Беларускай акадэмii музыкi прагучалi самыя розныя сачыненнi Манюшкi – ад оперных уверцюр да песень i рамансаў. Самае цiкавае, бадай, што гледачы, слухаючы сур’ёзную музыку, не пакiдалi сваiх месцаў. Мiхаiл Фiнберг на гэта зазначыў, што з вопыту сваiх выступленняў бачыць, як слухач усё больш цягнецца да такой музыкi, пачынае ў ёй разбiрацца. Да ўсяго, музыка Манюшкi, падкрэслiвала музыказнаўца Вольга Дадзiёмава, склалася менавiта на беларускiм фальклоры i блiзкая нашым людзям. – I хаця кампазiтара лiчаць сваiм i палякi, i лiтоўцы, але перш за ўсё ён – беларускi кампазiтар, зазначала музыказнаўца, паколькi яго гукавы вопыт быў сфармаваны ў Беларусi, яго творы напiсаны на беларускiм фальклоры, i большасць свайго жыцця С.Манюшка пражыў у Беларусi.

Нагадаю, што Станiслаў Манюшка нарадзiўся на Мiншчыне ў маёнтку Убель каля Чэрвеня. Шмат гадоў жыў, вучыўся i працаваў у Мiнску i Вiльнi, а ў сталыя гады перабраўся ў Варшаву, дзе здабыў славу класiка польскага музычнага мастацтва.

Маё асабiстае ўражанне ад музыкi – унутры абсалютна ўсё перапаўнялася. На нейкi час, здавалася, забыўся на ўсе нашы праблемы, адчуваў сябе слухачом на еўрапейскiм канцэрце. Адчуванне гонару не праходзiла нават, калi iшоў ужо з канцэрта па вузкiх вулачках Мiра. Дарэчы, цэнтр мястэчка за апошнi час набыў выгляд сапраўды еўрапейскi. Дамкi, вулiцы, крамы, рэстаўруецца касцёл, дагледжаная царква, гатэль са спутнiкавай антэнай i шматлiкiмi вокнамi на даху – вельмi прыстойна. Праўда, мясцовыя мужчыны скардзiлiся на жыццё: «У мястэчку няма працы, жывем са сваiх агародаў, выйсця не бачым...». Зрэшты, як паўсюль. Старшыня Карэлiцкага райвыканкама Iван Шматко зазначыў, што праблема з працаўладкаваннем iснуе. Улады спрабуюць паправiць сiтуацыю. Ужо два гады, па яго словах, вядуцца размовы пра адкрыццё зоны СЭЗ «Нясiж – Мiр – Навагрудак» з тым, каб прывабiць сюды больш турыстаў, стварыць адпаведную iнфраструктуру i гэтым самым пашырыць колькасць працоўных месцаў. Аднак, усе гэтыя пытаннi вырашаюцца на больш высокiм узроўнi, а не ў Карэлiцкiм раёне.

Мiхаiл КАРНЕВIЧ