№ 330 от 03.06.2004 | |
«ПАРАДОКСЫ ЖЫЦЦЯ» ВАСІЛЯ БЫКАВА Адкрыццём мемарыяльнай аўдыторыi на фiлалагiчным факультэце БДУ распачнуцца ў Мiнску ўрачыстасцi з нагоды 80-годдзя Народнага пiсьменнiка Васiля Быкава. Затым 18 чэрвеня на фiлфаку БДУ адбудзецца мiжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная яго творчасцi. Яе рыхтуе Саюз беларускiх пiсьменнiкаў разам з Белдзяржунi-версiтэтам.
19 чэрвеня ў дзень народзiнаў Васiля Быкава ўдзельнiкi мiжнароднай навуковай канферэнцыi разам з роднымi i блiзкiмi ўшануюць памяць Майстра ля яго магiлы на Ўсходнiх могiлках. А ўвечары ў Доме лiтаратара адбудзецца мемарыяльная вечарына, на якой будуць прадстаўлены ўсе кнiгi пiсьменнiка, якiя выйшлi пасля яго смерцi. Новая кнiга «Парадоксы жыцця» з’явiцца менавiта на вечарыне. У кнiгу, якую выдае «Беллiтфонд», увайшлi аповесць «Афганец» ды iншыя — апошнiя творы Быкава, некаторыя нiдзе яшчэ не друкавалiся. Новая кнiга будзе двухмоўная, выходзiць яна пад эгiдай бiблiятэкi Мiжнароднага лiтаратурнага фонда.
Старшыня Саюза беларускiх пiсьмен-нiкаў Алесь Пашкевiч тлумачыць: «Васiль Уладзiмiравiч, як i Алесь Адамовiч, атрымаў прэмiю Мiжнароднага лiтаратурнага фонда «За годнасць i мужнасць талента». Кнiгi лаўрэатаў – гэта iхнiя прэмii, выходзяць яны на рускай мове. Там выйшлi Булат Акуджава, Вiктар Астаф’еў... Тут зроблена выключэнне, аб якiм Саюз пiсьменнiкаў хадайнiчаў i якое падтрымала праўленне Мiжнароднага лiтфонда. Кнiга Быкава выйдзе адначасова i на яго роднай мове: спачатку тэксты па-беларуску, а потым па-руску».
Паралельны пераклад апошнiх твораў Васiля Быкава на русскую мову зрабiла Iрына Шаўлякова.
Радыё Свабода.
|
|