№ 332 от 17.06.2004  

Дата

Незабыўныя сустрэчы

<<risПа прапанове маiх сяброў я вырашыў падзялiцца з чытачом успамiнамi пра свае сустрэчы з пiсьменнiкам.

У адным кабiнеце

У вераснi 1960 года амаль месяц я працаваў побач з Васiлём Уладзiмiравiчам у адным кабiнеце. Было гэта падчас журналiсцкай практыкi ў «Гродзенскай праўдзе». Васiлю Быкаву i мне, практыканту, даручылi прывесцi ў парадак справы ў аддзеле пiсьмаў. Яго загадчык цяжка хварэў i часта знаходзiўся ў бальнiцы цi спецыялiзаваным санаторыi. Памятаю, перабiраючы лiсты чытачоў, звярнуў увагу на незвычайны зварот-скаргу. Рэч там iшла пра неабходнасць адкрыць у Гродне польскую школу (яе работа была спынена ўладамi неўзабаве пасля вызвалення Прынёмання ад нямецкiх акупантаў). Паказаў Быкаву, той панёс лiст рэдактару. Калi ж Васiль Уладзiмiравiч вярнуўся ад шэфа, то коратка паведамiў: «Галоўны сказаў, што для польскай школы не прыйшоў яшчэ час».

За месяц практыкi мае стасункi з В.Быкавым зблiзiлiся, сталi таварыскiмi. Мы абодва добра пашчыравалi, працуючы ў аддзеле пiсем. Адны падрыхтавалi да друку, другiя паслалi на рэагаванне, многiм аўтарам далi адказы. Тады я пераканаўся, што беспартыйны пiсьменнiк вельмi ўважлiва ставiўся да людскiх пiсьмаў. Упэўнены, Васiль Уладзiмiравiч ставiўся так да справы, кiруючыся сваёй чалавечнасцю i сумленнем.

Калi я пакiдаў рэдакцыю абласной газеты, атрымаўшы неблагi ганарар, запрасiў пiсь-меннiка адзначыць гэту падзею, як гавораць, замачыць. Васiль Уладзiмiравiч падзякаваў, але ад пачастунку адмовiўся. Сказаў, што хоча папрацаваць над чарговым творам, i пры гэтым сур’ёзна дадаў, што ў мяне, маўляў, тыя грошы не лiшнiя, хай будуць падспор’ем для маладой сям’i. На гэтым з узаемнай удзячнасцю i развiталiся.

У Гудзевiчах

Пазней, як рэдактару Мастоўскай, а затым i Лiдскай раённых газет мне часта даводзiлася бачыцца i гаварыць з Васiлём Быкавым. Добра запомнiлася сустрэча ў Гудзевiчах у вядомага змагара за беларускую мову настаўнiка Алеся Белакоза. Там былi i Аляксей Пяткевiч, Ларыса Генiюш, маладыя паэткi Вольга Iпатава i Данута Бiчэль. Белакоз пазнаёмiў нас са створаным музеем. Потым мы схадзiлi на вясковыя могiлкi, дзе пакланiлiся пахаваным там сваякам Л.Генiюш. А пасля была вячэра, як сказаў, здаецца Быкаў, шляхетная i шыкоўная. За гасцiнным сталом вялася шчырая размова. Ларыса Антонаўна пахвалiлася, што не так даўно атрымала лiст ад Максiма Танка. Кiраўнiк Саюза пiсьменнiкаў, па славах Генiюш, запрашаў яе прыехаць у Мiнск. Абяцаў разам з ёй наведацца ў ЦК партыi да С.Марцалева, каб услед за першым зборнiкам паэтэсы «Невадам з Нёмана», выдадзеным у Беларусi, «прабiць» чарговую кнiгу. Пачуўшы такое паведамленне, Васiль Уладзi– мiравiч кiнуў рэплiку: «Едзь, едзь да Танка. Ен цябе зводзiць i да Марцалева, i да Рудака». Пасля чаго ў некаторых з нашай кампанii з’явiлiся кiслыя ўсмешкi. «А хто такi Рудак?», – запытала пiсьменнiца. « Адзiн з шэфаў беларускага КДБ», – пачула ў адказ былая нявольнiца ГУЛАГу i разгублена спынiла размову.

У Гродна

Часта прыгадваю сустрэчу з В. Быкавым у красавiку 1976 года. Тады я працаваў у Лiдзе рэдактарам аб’яднанай газеты «Уперад». Прыехаў у Гродна, каб атрымаць санаторную пуцёўку. Iду з ёй у кiшэнi ў добрым настроi па вулiцы Карла Маркса, дзесьцi ля сённяшняга паштамта, i сустракаю Васiля Уладзiмiравiча. Пытае пра навiны, а я паказваю яму пуцёўку. «Як добра, што мы спаткалiся, – кажа пiсьменнiк. – Знайдзi час i з’ездзi ў Ялту, адшукай там на старым пагосце магiлу Максiма Багдановiча. Пакланiся яму ад нас i пакладзi кветкi». Просьбу тую я выканаў i ўзгадваю аб тым з гонарам. Разам з Iгнатам Iгнатавiчам, былым старшынёй прафкома Лiдскага райбыткамбiната, i наваполацкай журналiсткай Святланай (працавала яна ў той час сакратаром гарвыканкама) мы прывялi ў парадак месца вечнага спачынку класiка, усклалi кветкi i ў тужлiвым маўчаннi стаялi перад сцiплым помнiкам.

Ў Мiнску

Апошняя мая сустрэча адбылася ў Мiнску 7 кастрычнiка 1992 года на канферэнцыi беларускага таварыства дружбы i культурных сувязей з замежнымi краiнамi. Аказаўся я там ў якасцi дэлегата, будучы старшынёй Лiдскага аддзялення таварыства «Беларусь-Польша».

Пабачыць адзiн аднаго ды пагаварыць было для нас радаснай падзеяй. Спачатку мы размаўлялi ў калiдоры, вядучым да залы паседжанняў, затым пайшлi ў залу i селi на крэслы. Васiль Уладзiмiравiч распытаў мяне пра агульных знаёмых у Гродне, апавядаў пра гродзенцаў, што атабарылiся ў сталiцы. Высока ацэньваў чалавечнасць адных, другiх характарызаваў як спрытнюг i падхалiмаў.

Не абышоўся час гаворкi без палiтыкi, нараканняў на гады i здароўе. Са шкадаваннем пiсьменнiк казаў, што на яго роднай Вiцебшчыне слаба развiваецца дэмакратычны рух. Калi зайшла гаворка пра ўзрост, я сказаў субяседнiку, што рэгулярна адзначаю яго дзень нараджэння. «Як гэта так?», – пачуў ад суразмоўцы. Тады з маiх вуснаў прагучала тлумачэнне. Пра тое, што ў адзiн дзень з вядомым пiсьменнiкам, 19 чэрвеня, нарадзiўся мой бацька, таксама Васiль. Я рэгулярна наведваў з гэтай нагоды тату на адзiнокiм хутары пад Астрыною. Вiншаваў дарагога чалавека, i разам з iм падымалi чаркi. А потым гаварыў: «Давайце, тата, вып’ем таксама за Васiля Быкава, вашага цезку». Пачуўшы такi аповяд, В. Быкаў мне падзякаваў.

16 чэрвеня 2003 года я паслаў цяжка хвораму В. Быкаву лiст-вiншаванне да яго 79-х угодкаў з дня нараджэння. Праз 5 дзён вялiкi пiсьменнiк пакiнуў наш свет.

***

Я не стану даваць ацэнкi творчасцi Быкава. Гэта зрабiлi тысячы прыхiльнiкаў таленавiтага пiсьменнiка, рыцара сумлення i свабоды. У часы СССР мне давялося быць сведкай нападкаў, а то i цкавання Васiля Уладзiмiравiча. Але былая ўлада не магла не лiчыцца з яго вялiкiм талентам. I калi пiсьменнiку было 50 гадоў, як расказваў мне рэдактар «Гродзенскай праўды» Аляксандр Богуш, тагачасны першы сакратар абкома КПБ Кляцкоў сазванiўся з першым журналiстам вобласцi i прапанаваў яму разам схадзiць да В.Быкава на кватэру i павiншаваць юбiляра. Наш знакамiты сучаснiк неаднаразова выбiраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусi, яму былi нададзены высокiя званнi Народнага пiсьменнiка, Героя Сацыялiстычнай Працы, ён быў лаўрэатам Ленiнскай i Дзяржаўнай прэмiй СССР.

Закончу выказваннем свайго колiшняга калегi Iвана Вараб’ёва, ветэрана вайны. Ён казаў так: «Мы, сучаснiкi Быкава, нашы дзецi i ўнукi будзем з кожным годам ганарыцца ўсе больш, што жылi з вялiкiм пiсьменнiкам у адной краiне, на адной зямлi».

Аляксандр ЖАЛКОЎСКI