№ 332 от 17.06.2004 | |
Грамадства Жывуць у нас перасяленцы...Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС прымусiла змянiць месца жыхарства тысячы сямей. Тысячы перасяленцаў абралi гарады i паселiшчы Гродзенскай вобласцi. Старшыня Мастоўскага раённага аддзялення грамадскага аб’яднання «Дзецям Чарнобыля» Святлана Шульга сведчыць:
– У Мастах жыве 261 сям`я з пяцi раёнаў Гомельшчыны. Калi аналiзаваць па ўзросту, то iнфармацыя такая: дзецi да 12 гадоў – 140 чалавек. Падлеткi да 18 гадоў – 121. Моладзь да 25 – 91. Сталыя грамадзяне ва ўзросце пасля 60 гадоў – 43 асобы.
– Раённае аддзяленне створана ў 1995 годзе. Яго назва гаворыць сама за сябе – недзяржаўнае грамадскае аб’яднанне Дабрачынны Фонд «Дзецям Чарнобыля». З чаго пачыналi работу?
– Дзяржава аказала магчымую дапамогу пацярпелым – матэрыяльнымi сродкамi, паспрыяла пераезду, рашэнню гаспадарчых праблем. Аднак нiхто не звярнуў увагу на страту сацыяльных сувязей людзей. Яны прызвычаiлiся да зусiм iншага рытму жыцця, культуры i традыцый, нават прыроды. Мелi сваiх суседзяў. Нiбыта дробязi, гледзячы збоку. Вельмi важна дапамагчы псiхалагiчнай адаптацыi.
– Калi бяда напаткае чалавека, то свой боль ён трымае ў сваiм сэрцы, неахвотна адгукаецца на прапановы прыняць удзел у нейкiм мерапрыемстве...
– Ёсць перасяленцы, якiя, акрамя работы, кватэры, дачнага ўчастка, нiдзе не бываюць. Аднак 150 чалавек усё ж сталi сябрамi нашага аб’яднання. Яны карыстаюцца сацыяльнай, гуманiтарнай, адукацыйнай i iншай нашай дапамогай. З гэтага асяродку вызначылiся актывiсты грамадскага жыцця, якiя сталi нашымi памочнiкамi.
– Якiя асноўныя задачы стаяць на парадку дня?
– Гэта аздараўленне грамадзян. Адсюль вынiкае неабходнасць забеспячэння людзей лекамi, экалагiчна чыстымi прадуктамi харчавання, адзеннем, абуткам. Дзецi i моладзь патрабуюць развiцця сваiх iнтэлектуальных здольнасцей. Арганiзацыя вольнага часу патрабуе значных высiлкаў. Аднак на мерапрыемствы прыходзяць не толькi падлеткi, але i людзi сталага ўзросту. Прычым, завiтваюць «на агеньчык» таксама тутэйшыя жыхары.
Штогод маем магчымасць адпраўляць на аздараўленне за мяжу 20 дзяцей. Аднак гэта ўсяго 1/6 частка падлеткаў, патрабуючых лячэння, з сямей перасяленцаў. Адчуваем вялiкую патрэбу ў медыкаментах, асаблiва вiтамiнах, у свежай садавiне i гароднiне. Гуманiтарная дапамога не ўлiчвае асаблiвасцi перасяленцаў. Не стае сродкаў, каб стварыць паўнацэнны камп’ютэрны цэнтр, дзе мы маглi б вучыць дзяцей i моладзь англiйскай мове. Вопыт такi ўжо маем. Працавалi з 70 падлеткамi, а жадаючых займацца ў нашым цэнтры было ў 3-4 разы больш.
– Нешта мы не ўзгадваем аб праблемах. Бываюць выключэннi, калi грамадскае аб’яднанне шчаслiва працуе, паспяхова абыходзячы перашкоды...
– Мы адмовiлiся ад памяшкання, якое бралi ў арэнду. Там мясцiўся Моладзевы цэнтр – аздараўленчая зала i камп’ютэрны клас. Аплачваць высокiя камунальныя выдаткi нам не пад сiлу. Мы ж не камерцыйная структура. Звярталiся ў райвыканкам. Няўжо дзецям лепш швэндацца па вулiцах, чым займацца карыснай справай? Дапамогi не атрымалi. Абяцалi, праўда...
Тым не менш, работу працягваем.
– Можа, НГА не трэба брацца за справы, якiя вырашае ўлада. Дзяржава заўсёды падставiць сваё моцнае плячо пацярпелым. Арганiзуе i лячэнне, i аздараўленне, i пансiён бясплатны забяспечыць...
– Каб жа так! Дзяржава ў апошнiя гады скарацiла фiнансавую падтрымку вымушаным перасяленцам. Гэта адмоўна адбiлася на ўзроўнi жыцця i здароўя гэтай катэгорыi грамадзян. Значна зменшана медыцынская дапамога, згорнуты сацыяльныя праграмы. Дзякуючы сувязям з замежнымi партнёрамi, наша грамадскае аб’яднанне мае магчымасць аказаць людзям, якiя пераехалi на жыхарства ў Масты з Чарнобыльскай зоны, хоць невялiкую дапамогу. А гэта лепш, чым нiчога.
Гутарыў Антон Лабовiч
|
|