№ 333 от 24.06.2004 | |
Общество Беларусы не маюць павагі да сваіх грошаўБеларускiя купюры хутка зношваюцца i робяцца непрыдатнымi, канстатуюць у Нацбанку. Пакуль iстотнай праблемы з забеспячэннем краiны новымi банкнотамi няма, аднак у галоўнай фiнансавай установе Беларусi ўсё ж хацелi б, каб насельнiцтва больш ахайна карысталася грашыма.
Iснуюць пэўныя нарматыўныя тэрмiны службы банкнотаў. Напрыклад, для разменных купюраў – вартасцю да тысячы рублёў – тэрмiн службы складае два гады. Але ж рэальна купюры зношваюцца менш чым за год. Чаму?
Адказ загадчыка ўпраўлення iнфармацыi Нацбанку Анатоля Драздова такi: «Асаблiвасць беларускага менталiтэта палягае ў тым, што мы вельмi абыякава ставiмся да сваiх грошай. Грошы, асаблiва дробныя, мы выкарыстоўваем i як нататнiк, i ледзьве не як сурвэтку». Магчыма, такое стаўленне можна растлумачыць псiхалагiчнымi чыннiкамi: на беларускiя рублi няшмат купiш, iх хутка павiнны замянiць на расiйскiя, а таму беларусы ня надта iх шануюць.
З другога боку, у Нацбанк паступiла ўжо болей як сотня заявак на ўдзел у конкурсе на стварэнне графiчнага знаку для беларускай нацыянальнай валюты. Конкурс абвешчаны 1 чэрвеня, i такая колькасць заявак, атрыманых меней чым за месяц, прадстаўнiкоў Нацбанку прыемна здзiўляе. Там мяркуюць, што беларускi конкурс можа сабраць столькi ж удзельнiкаў, колькi некалi ва Ўкраiне: там у свой час разглядалi 1.500 праектаў графiчнага знаку для грыўны.
Радыё Свабода.
|
|