№ 337 от 22.07.2004  

Новости

Танныя выбары

На кожнага патэнцыяльнага выбаршчыка Беларусi з дзяржаўнага бюджэту выдаткавана менш, чым адзiн долар. Гэтая лiчба – вынiк нескладанай арыфметыкi: у краiне каля сямi мiльёнаў выбаршчыкаў, а на правядзенне выбарчай кампанii ў Палату прадстаўнiкоў сёлета дзяржава дае больш за 12 мiльярдаў беларускiх рублёў, што складае прыблiзна шэсць мiльёнаў долараў.

Сакратар Цэнтрвыбаркаму Мiкалай Лазавiк перакананы, што беларускiя парламенцкiя выбары, параўнаўча з суседзямi, будуць самымi таннымi.

У суседняй Лiтве парламенцкiя выбары пройдуць таксама сёлета, у вераснi. Загадчыца фiнансавага аддзелу Галоўнай камiсii па правядзеннi выбараў Iрма Стрэмблене гаворыць: «У нас каштарыс прыкладна каля 12,5 мiльёна лiтаў, гэта больш за 4 мiльёны долараў. А выбаршчыкаў крыху больш за два з паловай мiльёны...» Паводле даведкi памочнiцы кiраўнiка Цэнтрвыбаркаму Латвii Хрысцiны Бярэзiнай, дзяржаўныя выдаткi на аднаго патэнцыяльнага выбаршчыка складаюць суму, эквiвалентную 1,60 долара - прыкладна столькi, колькi i ў Лiтве.

Як бачна, дзяржаўнае фiнансаванне ва ўсiх трох згаданых краiнах сувымяральнае. Але, акрамя таго, i ў Беларусi, i ў Латвii, i ў Лiтве iснуюць дабрачынныя фонды для правядзення выбарчых кампанiй. I тут рознiца велiзарная. Напрыклад, на апошнiя парламенцкiя выбары ў Беларусi чатыры гады таму было ахвяравана толькi тры тысячы рублёў, дасланыя нейкiм пенсiянерам. У Лiтве ж на апошнiх прэзiдэнцкiх выбарах асобным кандыдатам ахвяравалi да 300 тысяч долараў. У Латвii падчас апошнiх парламенцкiх выбараў на адмысловым рахунку назапашвалiся сотнi тысяч долараў.

Чаму так атрымлiваецца? Таму, што ў Беларусi ахвяраваныя грошы, згодна з Законам, належыць падзялiць памiж усiмi (!) кандыдатамi ў дэпутаты, а ў нашых суседзяў, калi нехта дасылае грошы, то абавязкова паведамляе, для якой палiтычнай партыi гэтае ахвяраванне. I нiкому iншаму гэтыя грошы не дастануцца.

Радыё Свабода.