№ 337 от 22.07.2004 | |
Асамблея Валанцёр – гэта гучыць ганароваНе ведала, што можна ў якасцi валанцёра, гэта значыць безаплатна, папрацаваць за мяжой. Але дапамог выпадак. Панi Барбара Хлудзiнская з польскага горада Вэнгажова кiруе мясцовым музеем народнай культуры. Яна звярнулася ў Варшаўскi фiлiял арганiзацыi «Моладзь» з цэнтрам «Еўраваланцёр» у Бруселi з просьбай прыслаць па магчымасцi валанцёра з Беларусi. Але iснуе практыка запрашаць добраахвотных памочнiкаў пад канкрэтныя праграмы толькi з краiн, якiя з’яўляюцца сябрамi Еўрапейскага саюза. Аднак праблема аказалася вырашальнай.
Саюз палякаў Беларусi займаўся падборам магчымых кандыдатаў на паездку. Не кожны адважыўся з розных прычын з’ехаць на дзевяць месяцаў.
У мiжнародным Цэнтры спаткання моладзi «Camp Rodowo» (на Мазурах), нас праiнфармавалi, што арганiзацыя з’яўляецца адной з шэрагу нефармальных iнiцыятываў i маладзёжных груп. Разам з валанцёрамi розных краiн у мястэчках i вёсках рэалiзуюць мясцовыя праекты, а таксама наладжваюць еўрапейскiя Днi, вечарыны культур i народаў, сустрэчы з пiсьменнiкамi, прагляд фiль-маў, канцэртаў...
Вядома, найперш работа. Нехта абраў сабе экалагiчны цi сацыяльны напрамак дзейнасцi. Я апынулася ў музеi народнай культуры. Гэта блiзкi мне кiрунак, бо ў Гродзенскiм дзяржаўным унiверсiтэце атрымала дыплом па спецыяльнасцi «Настаўнiк малявання i Сусветнай мастацкай культуры». Спачатку працавала разам з дзяўчынай з Iспанii. Але яна хутка з’ехала, бо гэтага патрабавала асноўная работа. Замест яе з’явiлася францужанка Мэланi. Яна была ўпэўнена, што ў Польшчы няма камп’ютэраў. А вось яе крытыка мясцовых булак пад гучнай назвай «Французскiя круасаны» была справядлiвай. Дзяўчына спецыяльна прывозiла з Францыi гэты вiд печыва. Яго смак зусiм iншы.
Мне давяралi весцi экскурсii па музею, бо я ведаю польскую мову. У свой час удзельнiчала ў рабоце гродзенскага грамадскага аб’яднання «Таварыства польскай моладзi». Мэланi дапамагала, бо навучанне мовы краiны знаходжання – абавязковае для ўсiх валанцёраў. Мы рыхтавалi выстаўкi, удзельнiчалi як арганiзатары ва ўсiх святах, у прыватнасцi, дзiцячых. Апекавалiся над дзецьмi-iнвалiдамi, адорвалi iх падарункамi i цацкамi.
Дадаткова я вяла гурток малявання для падлеткаў, вучыла рускай мове школьнiкаў лiцэя i навучэнцаў тэхнiкума. Спасцiгала таямнiцы ганчарнай справы, ткацтва, роспiсу велiкодных яек.
У выхадныя днi валанцёры збiралiся разам у маладзёжным Цэнтры. Рыхтавалi праграмы, затым ехалi па населеных пунктах i распавядалi пра свае гарады i краiны, наладжвалi для мясцовай моладзi вечары адпачынку. У сваю чаргу зведвалi побыт жыхароў гэтага прыгожага Мазурскага краю, яго архiтэктуру, прыроду. Маё веданне польскай мовы паглыбiлася настолькi, што знiк ранейшы акцэнт.
Валанцёрская дзейнасць вучыць моладзь жыць самастойна. Пастаянны кантакт з людзьмi iншых краiн пераконвае, што еўрапейскiя юнакi i дзяўчаты вельмi блiзкая па духу. Яны заўсёды знойдуць агульную мову, толькi трэба часцей сустракацца, каб блiжэй зведаць адзiн аднаго. Кажу гэта, бо працавала разам з прадстаўнiкамi Германii, Англii, Аўстрыi, Францыi, Iталii, Бельгii, Фiнляндыi, Iспанii.
Што да валанцёрскай дзейнасцi, то шукаю магчымасць, каб зноў быць там, дзе патрабуецца дабрачынная праца.
Юльяна ОСЬМАК
|
|